Цікавы маршрут у парку Бяльмонты

Актуальное

бяльмонтыКалі ў інтэрнэце ў Гугле ( найбуйнейшай пошукавай сістэме) набраць парк “Бяльмонты”, то адразу з’явіцца не адна тысяча вынікаў. Уявіце, што столькі разоў ён узгадваецца ў навінах, артыкулах, нататках, дарожных запісах і інш. А яшчэ дадайце сюды ўпамінанні ў надрукаваных буклетах, турыстычных картах і краязнаўчых выданнях. Таму не дзіўна, што турысты так і імкнуцца паглядзець мясцовую славутасць.
Як вядома, парк быў закладзены ў 18 стагоддзі. Гаспадары сядзібы ў розныя часы клапаціліся пра яго стан, пастаянна ўносілі змены, абрамлялі алеі рэдкімі дрэвамі і клумбамі з раслінамі, будавалі альтанкі, стварылі штучную сістэму каналаў і вадаёмаў і інш. Аднак з цягам часу былая веліч страцілася. Праўда, абрысы алей, тэрас лёгка ўгадваюцца і сёння, захаваліся і вадаёмы.
У 2012 годзе супрацоўнікі нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” правялі маштабнае добраўпарадкаванне парку: абрэзалі дрэвы, высеклі кустоўе і хмызняк. Навокал значна папрыгажэла. Адначасова з гэтымі работамі быў пракладзены цікавы маршрут. Па тэрыторыі пралягла экалагічная сцежка працягам больш за два кіламетры. Яна запатрабаваная, бо ад прагулкі па парку не толькі атрымліваеш асалоду, але і пашыраеш свой кругагляд, дзякуючы інфармацыйным стэндам, якія ўстаноўлены на экалагічнай сцежцы. На кожным з іх карысная і пазнавальная інфармацыя, падмацаваная фотаздымкамі і схемамі. Напрыклад, адразу на першым бачыш агульныя звесткі пра экалагічную сцежку і аб’екты, якія можна агледзець. Ёсць стэнд з гістарычнымі звесткамі пра маёнтак, які тут размяшчаўся. Выклікае цікавасць інфармацыя пра разнастайнасць расліннага свету, не менш захапляльна пашукаць і на свае вочы пабачыць тую ці іншую расліну, асабліва калі прачытаеш, што яна адносіцца да каштоўных рэдкіх насаджэнняў не толькі нацыянальнага парка, але і Беларускага Паазер’я. Акрамя стэндаў, на шляху экалагічнага маршруту пастаўлены прыгожыя лавачкі і смеццязборнікі.
Парадак у парку падтрымліваецца сумеснымі намаганнямі мясцовай улады, калектывамі  школы, нацыянальнага парка і іншых устаноў. Смецце прыбіраецца, падкошвацца тэрыторыя. Вясной работнікі нацпарка абнавілі стэнды з інфармацыяй, некалькі дзён высякалі хмызняк і інш.
Словам, справа па доглядзе мясцовай славутасці працягваецца. Прагуляцца па створанай экалагічнай сцяжынцы будзе карысна і дарослым, і дзецям. А з улікам дастатковай інфармацыі на стэндах не абавязкова насіць у руках турыстычны буклет, лепш — фотаапарат.

Алена Набеева.
Фота аўтара.