Час шукаць папараць-кветку

Актуальное

Купалле (Small)Купалле ( Іван Купала, Ян, Янаў дзень) – адно з самых прыгожых і таямнічых свят народнага календара. Яго нязменныя атрыбуты – вогнішча, вянкі, песні, карагоды, легенды пра папараць-кветку і нечысць. Таму не дзіўна, што яно выклікае цікавасць у людзей рознага ўзросту. Згодна з каталіцкім календаром, свята адзначаюць у ноч на 24 чэрвеня, а праваслаўным — з 6 на 7 ліпеня.
Вечарам, 23 чэрвеня, святкаваць Купалле ў Ахрэмаўцах народ сабраўся ля танцпляцоўкі ў парку. Трэба адзначыць, што сумеснае святкаванне з забаўляльнай праграмай практыкуецца тут ужо шмат гадоў, а мясцовыя жыхары заўсёды ахвотна збіраюцца на свята. Вось і на гэты раз работнікі мясцовага цэнтра нацыянальнай культуры падрыхтавалі цікавую тэатралізаваную праграму з гульнямі, песнямі, карагодамі і жартамі. Таксама для малых дзетак была арганізавана зона адпачынку з батутам і надзіманымі атракцыёнамі.
Самадзейныя артысты цудоўна справіліся з ролямі вадзяніка, русалак і іншай нечысці. Казачная тэатралізацыя перанесла ўсіх у міфічны свет са сваімі прыгодамі і ладам жыцця. Выступленні артыстаў удала перамяжоўваліся з конкурсамі для гледачоў, а ў прапанаваных імі забавах удзельнічалі як дарослыя, так і дзеці. Але ж кульмінацыяй усёй дзеі стала запальванне вогнішча. Хутка вакол яго ўтварыўся і карагод. Дарэчы, нашы продкі верылі, што купальскі агонь валодае чароўнай ачышчальнай сілай.
Аднак святкаванне Купалля на гэтым не скончылася – салісты Ахрэмаўскага ЦНК падрыхтавалі для прысутных яшчэ і канцэрт — выканалі для землякоў свае лепшыя песні.

Алена Набеева.
Фота аўтара.