Чароўнае народнае свята

Актуальное

Цэнтр КупаллаПрыгожае старажытнае свята Івана Купалы адзначылі і ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе сабраліся актыўныя і пазітыўныя людзі сталага ўзросту.
Духмянымі вянкамі з чароўных зёлак упрыгожвалі сябе дзяўчаты на Купалле. Не абышлося без гэтай добрай традыцыі і на свяце. З задавальненнем жанчыны ўзяліся за пляценне вянкоў з папараці і палявых кветак. Затым гаспадыня свята Купалінка і вядучыя Рэгіна Балтруковіч і Наталля Няміра павіншавалі Яніну, Івана і Іванаўну.
Там, дзе папаратнік расце, нячыстая сіла жыве. Таму не абышлося ў гэты дзень без вядзьмаркі. Абаяльная і крэатыўная, яна падзялілася з прысутнымі сваімі вядзьмарскімі сакрэтамі, пачаставала ўсіх цудадзейным зеллем.
З глыбіні азёрных водаў завітаў сюды і вадзянік. Разам з такімі гасцямі весялосць разгарнулася яшчэ ў большай меры. Шчырыя песні, дружны карагод, гумар — усё гэта стварала радасны і ўзнёслы настрой.
Ежа ў гэтую ноч таксама надзялялася магічнымі якасцямі. Напэўна, таму ўсе пачастункі, гарбата і кава на святочным стале былі вельмі смачнымі.
А ўсмешкі на тварах і радасныя вочы прысутных — лепшае пацвярджэнне таго, што свята ўдалося на славу.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.