Браслаўшчына сувенірная, ці Турыст у пошуках падарункаў

Актуальное

IMG_0916 (Small)Нарэшце наступіла сапраўднае лета, якое дорыць усё больш цёплых дзянькоў. І як толькі прыгрэла сонейка, на Браслаўшчыну зачасцілі госці з розных куткоў краіны і замежжа. Безумоўна, кожнаму турысту хочацца прывезці родным і знаёмым часцінку, якая б перадавала адметнасць таго месца, дзе ён адпачываў. Асабліва цікавяцца сувенірнай прадукцыяй пра Браслаў госці з далёкага замежжа. Вось і я вырашыла на дзень ператварыцца ў турыста і прайсціся па горадзе ў пошуках арыгінальных падарункаў з нашага рэгіёну.
Адразу зазначу, што чым больш Браслаўшчына пазіцыянуе сябе як турыстычная, тым больш у розных куточках горада можна знайсці сувенірнай прадукцыі. І калі раней яна абмяжоўвалася магнітамі і буклетамі, то зараз сімвал горада і яго выявы можна ўбачыць на талерках, гадзінніках, ручках, значках і іншых рэчах. Такім чынам, падарунак з Браслаўшчыны прывезці будзе не складана.
Куды падацца турысту на шляху пошуку сувенірнай прадукцыі? Безумоўна, першым чынам у галоўны магазін горада — універмаг “Брас”. Тут раблю свой першы прыпынак і я. У “Брасе” пад сувенірную прадукцыю адведзены асобныя паліцы. На іх багата рознай прадукцыі з браслаўскімі краявідамі і сімволікай горада: ад маленькіх магнітаў да кніг пра Браслаў. Пры гэтым тут яе дастаткОВА і зімой, і летам. Як — зазначылі прадаўцы, замежныя госці з задавальненнем набываюць сувенірную прадукцыю сімволікай з Браслаўшчыны. Адных цікавяць блакноты, другіх талеркі ці кубкі, трэціх кнігі і карты. Але ні адзін турыст не выходзіць адсюль без пакупкі.
На далейшым шляху ў пошуку сувеніраў прыпынілася каля кіёска Белсаюздруку. Тут таксама заўважыла багаты выбар магнітаў з выявамі славутасцей раёна. Чым не падарунак родным і сябрам. Хоць і дробязь, а прыемна.
Летась каля аўтастанцыі адчыніўся кіёск сувенірнай прадукцыі. Туды я і накіравалася ў пошуках падарункаў. Прызнацца, мяне чакала расчараванне. Здавалася б, зручнае размяшчэнне, ды і тавараабарот у мінулым годзе быў добры, аднак на паліцах кіёска прадукты, напіткі і іншая дробязь. З сувеніраў толькі магніты, блакноты, ручкі, значкі, яшчэ пара дробязей, ды і тым выдзелена мала месца.
А як жа быць таму турысту, які марыць прывезці дадому эксклюзіўную рэч з Браслава? Адказ просты — яму трэба зазірнуць у магазін, што размяшчаецца ў музеі традыцыйнай культуры. Думаю, нават у самага прыдзірлівага госця Браслаўшчыны вочы разбягуцца ад разнастайнасці сувенірнай прадукцыі. Тут ёсць усё: свістулькі, магніты, капелюшы, кошыкі з лазы, упрыгажэнні, абярэгі, цацкі, дрэвы з бісеру і шмат яшчэ чаго. Што датычыцца кошту, то ён даволі дэмакратычны, улічваючы той факт, што зроблены рэчы карпатлівымі рукамі народных умельцаў, якія ўклалі ў іх сваю душу. Звычайна попытам карыстаецца тое, што зручна везці і будзе сапраўдным упрыгажэннем кватэры ці дома. Такія эксклюзіўныя сувеніры пакінуць уражанні ад паездкі і ў саміх турыстаў, і ў тых, хто іх атрымае, а разам з тым і сам пажадае прыехаць на Браслаўшчыну.
Нядаўна ў горадзе адкрылася яшчэ адна сувенірная крама з прыгожай назвай “Пад гарой”. Гэта месца стала апошнім прыпынкам у маёй “сувенірнай вандроўцы”. Літаральна месяц таму назад яе адчыніў малады прадпрымальнік Ілля Дзянісаў, аднак крама ўжо карыстаецца попытам: у дзень сюды прыходзяць да 30 чалавек.
— Я не хацеў адчыняць чарговае месца, дзе прадаваліся б сувеніры кітайскай вытворчасці. А сярод маіх сяброў і знаёмых шмат тых, хто займаецца рамесніцкай дзейнасцю і мае жаданне б прадаць свае эксклюзіўныя рэчы. Падобная крама ёсць і ў музеі, але ёй не дастае рэкламы. Так і ўзнікла ідэя адкрыцця сувенірнай лаўкі “Пад гарой”, — расказвае Гальляш Сялява. — Аднак яе галоўная асаблівасць — гэта тое, што тут можна набыць не толькі сувеніры, але і эксклюзіўныя падарункі. Так, можна заказаць фотадрук на палатне ці магніт з тваім партрэтам. Таксама выгравіраваць на бутэльцы надпіс, зрабіць драўляную таблічку з назвай вуліцы ці эксклюзіўную майку.
Прыглядаюся да паліцаў, на якіх шмат рэчаў у розных рамесніцкіх тэхніках: вышаваныя і тканыя рэчы, тапіарыі, карціны, металічныя вырабы, кошыкі, цукерніцы і вазы з паперы, валёнкі, рамкі для фотаздымкаў, дрэвы з бісеру, саламяныя вырабы, упрыгажэнні і шмат іншага. Асаблівае месца займаюць розныя вырабы з дрэва. Усяго гаспадар крамы супрацоўнічае больш чым з 60 майстрамі Браслаўшчыны. А вось рэчы з дрэва пастаўляе вядомая ў вобласці і нават рэспубліцы “Дзвінская майстэрня”, якая займаецца вырабам сувеніраў лазерна-гравіравальным спосабам.
Нядаўна ў продажы з’явіліся карты раёна і карты для рыбакоў, а таксама дабавілася паслуга раздрукоўкі фотаздымкаў. Планаў у гаспадара крамы шмат, бліжэйшыя з іх — стварэнне паштовак з выявамі Браслава, буклетаў з інфармацыяй пра інфраструктуру горада і каталога аграсядзіб у Інтэрнэце.
Увогуле ж пасля абыходу не аднаго магазіна, упэўнілася, што нават самы прыдзірлівы турыст без сувеніра Браслашчыну не пакіне. І разам з уражаннямі пра адпачынак забярэ і часцінку нашага краю.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.