Актыўна, весела, карысна!

Актуальное

P1150740 ДРЫСВЯТЫ (Small)Ужо трэці год запар Дрысвяцкая сярэдняя школа ў час летніх канікулаў арганізуе для дзяцей абаронча-спартыўны палатачны лагер пад гучнай назвай “Сяброўства”. Сёлета стаць аматарамі актыўнага адпачынку выказалі жаданне вучні 8 — 10 класаў. На працягу дзевяці дзён 6 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі адчулі на сабе ўсе плюсы і мінусы турыстычнага жыцця, былі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў.
Палатачны лагер размяшчаўся ў сасновым бары ля вёскі Пашавічы, на Пашаўскім Рагу — невялікім паўвостраве на возеры Дрысвяты. Маляўнічая прырода ў акружэнні азёрнай вады, від на востраў Замак, чыстае паветра, насычанае сасновым водарам, вогнішча і палаткі — што можа быць больш прыемным для сапраўднага турыста? І вучняў не напалохалі ні капрызы ліпеньскага надвор’я, ні неўладкаванасць быту і адсутнасць такіх звыклых атрыбутаў цяперашняга жыцця, як інтэрнэт і мабільная сувязь. Сумаваць не было калі, бо кожны дзень быў насычаны цікавымі падзеямі.
У школе ўжо шмат гадоў існуе клуб юных сяброў пагранічнікаў, які супрацоўнічае са служачымі пагранічнага паста в. Карасіна. Трэба адзначыць, што ў арганізацыі адпачынку яны аказалі вялікую дапамогу, асабліва іх начальнік Віталь Собаль. Разам з пагранічнікамі вучні правялі сапраўдны рэйд патрулявання дзяржаўнай мяжы з Літвой, наведалі пост у в. Карасіна і пазнаёміліся з бытам і асаблівасцямі нясення службы беларускіх пагранічнікаў, паназіралі за трэніроўкай сабак, пабывалі на пагранічнай вышцы ў в. Пашавічы, наведалі месца гібелі Героя Савецкага Саюза А. М. Жданава. Хочацца выказаць вялікую падзяку Віталю Собалю за тое, што знайшоў час для арганізацыі такіх цікавых і карысных мерапрыемстваў.
Акрамя гэтага, дзеці наведалі гісторыка-краязнаўчы музей у г. Браславе, выратавальную станцыю на воз. Дрывяты, праявілі свае ўменні і спрыт у розных турыстычных выпрабаваннях і спаборніцтвах, якія прапанавалі ім выхавальнікі лагера. У апошні дзень юныя турысты адзначылі, што дамоў, вядома ж, хочацца, але на наступны год усе зноў гатовы пажыць у экстрэмальных умовах, бо гэта цудоўная альтэрнатыва камп’ютару і тэлевізару. Менавіта ў такіх паходах загартоўваюцца вынослівасць, цярпенне, сіла волі, набываюцца карысныя для жыцця навыкі, пазнаецца сапраўднае сяброўства.

Алена Радзэвіч,
настаўніца Дрысвяцкай сярэдняй школы.