Адвечная праблема, або Уступі дарогу пешаходу

Актуальное

У нашым грамадстве даўно існуе праблема: хто галоўны на дарозе: пешаход ці вадзіцель? Гэтая “вайна” пачалася яшчэ ў 19 стагоддзі, калі па маставых і набярэжных ездзілі фурманы на карэтах. Бывала так, што яны збівалі пешаходаў. Сёння па сутнасці, тая ж сітуацыя толькі павозкі замянілі аўтамабілі, ну і як акалічнасць, вырасла іх колькасць. Але… З таго часу прыкметна змянілася і транспартная інфраструктура: дарогі сталі шырокімі, асфальтаванымі, на іх з’явілася разметка, уздоўж ляжаць тратуары, абазначаны пешаходныя пераходы, устаноўлены святлафоры, існуюць выразна сфармуляваныя правілы дарожнага руху. Менавіта ў Правілах дарожнага руху пастаўлена кропка ў даўняй спрэчцы паміж вадзіцелямі і пешаходамі пра першынство на дарозе.У іх дакладна вызначана што, як толькі пешаход ступіў на пераход, транспартны сродак павінен спыніцца. І зноў але… Бо на практыцы так атрымліваецца не заўсёды.
Асаблівую трывогу выклікае праблема неабароненасці пешаходаў на саміх пераходах. У адпаведнасці з правіламі ДР, “зебра” —бяспечнае месца для гэтай катэгорыі ўдзельнікаў руху. Аднак вадзіцелі не заўсёды гатовы ўступіць дарогу пешаходу. У гэтым пераканалася падчас рэйду па гарадскіх дарогах.
У час пік (17.00 — 18.00) на адным з ажыўленых перакрыжаванняў горада па вуліцы Кастрычніка (паварот на “Еўраопт”) дзяжурылі дзве патрульныя машыны АДАІ РАУС. І за гэты час інспектары аштрафавалі аж 7 парушальнікаў дарожнага руху, якія не прапусцілі пешахода на “зебры”.
З інспектарамі ДАІ Анатолем Баравіком і Сяргеем Капусціным пры затрыманні кожнага вадзіцеляў цікавіліся, чаму кожны не прапусціў пешахода.
Першым парушальнікам быў грамадзянін Латвіі. Ён сказаў, што разам з жонкай вярталіся ад ветурача, да якога вазілі коціка. Па дарозе дадому ішла ўзрушаная размова, падчас якой вадзіцель і не заўважыў пешахода. Складаючы пратакол, міліцыянер зазначыў, што на першы раз парушальнік заплаціць мінімальны штраф у памеры 1 БВ (180 000 бел. руб), а калі на працягу года яго яшчэ раз спыняць за аналагічнае парушэнне штраф узрасце да 8 БВ (1 440 000 бел. руб). І дадаў, што ўсе канфлікты і справы трэба вырашаць не за рулём аўтамабіля, бо з-за няўважлівасці можа здарыцца ДТЗ.
Наступны вадзіцель не прапусціў пажылога пешахода, які павольна ступаў па “зебры”. Прычым парушальнік, не задаволены затрыманнем, эмацыянальна даказваў, што пакуль гэты дзядуля пяройдзе праз дарогу, на скрыжаванні будзе затор, таму і вырашыў акуратна яго аб’ехаць.
Не спыніўся на пераходзе перад пешаходам і малады чалавек на “Опелі”. Ён кляўся, што заўсёды прапускае пешаходаў і ўвогуле прытрымліваецца ўсіх правілаў дарожнага руху, бо разумее чым можа абярнуцца любое парушэнне.
— Дык чаму ж не прапусціў? — спытаў інспектар.
— Сонца крыху асляпіла, а калі ўбачыў, што пешаходы ўжо на пераходзе, тармазіць было позна, таму акуратна аб’ехаў.
Яшчэ тры парушальнікі дарожнага руху спрачаліся з інспектарам і даказвалі, што пешаходы яшчэ не пачыналі рух па “зебры”. Але для такіх вадзіцеляў у супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі былі прыгатаваны пераканаўчыя аргументы — відэаздымкі. На іх кожны парушальнік мог убачыць свае “ліхія” паводзіны на дарозе і напалоханых пешаходаў.
У той дзень увага ахоўнікаў дарог была скіравана на вадзіцеляў, але заўважу, што пешаходы таксама не бязгрэшныя. Некаторыя ў любым месцы ідуць на прасткі, хоць “зебра” побач. Грашаць гэтым нават бацькі з малалетнімі дзецьмі. Мо варта ўсё ж задумацца, які прыклад вы ім паказваеце.
І майце на ўвазе, што калі ў не абазначаным для пераходу месцы вы раптоўна акажацеся перад аўтамабілем, вадзіцель яго затармазіць проста не паспее. Таму не будзьце легкадумнымі: выходзячы на дарогу, пераканайцеся ў тым, што вас бачаць і прапускаюць.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.

Усяго ў 2014 годзе ў Віцебскай вобласці адбылося 512 ДТЗ. Па прычыне парушэння вадзіцелямі правілаў праезда пешаходных пераходаў — 59 у якіх 3 пешаходы загінулі і 57 былі траўміраваны. За 5 месяцаў бягучага года ў 20 аналагічных ДТЗ 1 чалавек загінуў, 20 атрымалі траўмы рознай цяжкасці.