Дзе каротка — імкнуцца звязаць

Главное

IMG_0704 (Small)У мінулым годзе, калі асвятляў ход нарыхтоўкі кармоў у ААТ «Мяжаны», свой матэрыял я друкаваў пад загалоўкам «Мо стане год пераломным». На жаль, аптымістычныя леташнія прагнозы наконт паўнацэннага забеспячэння грамадскага статка травяністым рацыёнам не спраўдзіліся. Зноў «мяжанцы» напрыканцы зімы вымушаны былі папрашайнічаць.
Пра тое, як ідуць справы на сенажацях сёлета, я распытваў у галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Сайкоўскага.
— Уладзімір Іванавіч, у першыя два тыдні «зялёнага» жніва акцыянернае таварыства значылася ў пяцёрцы лідараў. І раптам трапляе ў адстаючыя. Што здарылася?
— Калі можна, свой адказ я раздзялю на две паловы. Спачатку скажу пра станоўчае.
Напярэдадні касавіцы на агульным сходзе механізатараў паставілі пытанне так: у корманарыхтоўчы атрад уключаем толькі тых, хто згодзен працаваць з раніцы да вечара не спасылаючыся на ўсе ўзнікаючыя цяжкасці. Зразумела, што першымі такое жаданне выказалі нашы лепшыя людзі. Гэта Сяргей і Віктар Прахарэнкі, Станіслаў Зінкевіч, Часлаў і Уладзімір Пуйшы, Арсен Сафронаў, Андрэй Бурлакоў, Руслан Бялоў, Пётр Станкевіч і Генадзь Закшэўскі.
Такім чынам, атрымаўся дзеяздольны калектыў, якому па сіле вырашыць пастаўленую задачу па назапашванні травяністых кармоў пад поўную патрэбнасць. І работа пайшла. Заклалі дзве траншэі сенажу ў Мяжанах, потым ў Каленкішках. Заўважце, запаўнялі іх не больш як па тры дні.
— Пра тэрміны запаўнення ям, захаванне іншых тэхналагічных патрабаванняў, калі ласка, падрабязней.
— За выключэннем адной, усе нашы сянажныя траншэі ўмяшчаюць па 500 – 600 тон зялёнай масы. Наяўнай у корманарыхтоўчым атрадзе тэхнікі хапае, каб запоўніць іх, як ужо казаў, максімум за тры дні.
Дарэчы, бачыў ваш фотаздымак у газеце траншэі ва Усянах з лужынай вады. Дык скажу, што перад закладкай сенажу пад’езды да кожнай з іх мы падсыпаем, затым высцілаем саломай. Гэта абавязкова. Перад закладкай кожнай ямы праводзім кантрольнае ўзважванне ПІМаў з зялёнай масай, што дае магчымасць учотчыку больш дасканала ўлічваць аб’ём травы, якая паступае. Штодзённа вядзецца кантроль за вільготнасцю і тэмпературай закладзенай масы, чым займаюся некалькі разоў у дзень. Масу трамбуем кругласутачна, за чым сочаць па складзеным графіку нашы спецыялісты.
Паколькі ў сянаж закладваем травы першага года карыстання, дзе перавалодвае канюшына, якая выдзяляе нават пасля падвяльвання шмат соку, для утрымання ў масе спажыўных рэчываў дабаўляем здробненую салому. А для лепшай кансервацыі бакі траншэі засцілаем плёнкай.
— Уладзімір Іванавіч, і ўсё ж чаму «Мяжаны» знізілі тэмпы нарыхтоўкі кармоў?
— Адказ банальны: мы прастаялі больш за тыдзень з-за адсутнасці паліва. Пэўна, у больш моцных гаспадарках прастой быўкарацейшы, для нас жа ён стаў катастрафічным, бо па аб’ёмах нарыхтаваных кармоў апусціліся ніжэй за сярэднераённы паказчык, што вельмі ўдарыла па самалюбству нашых механізатараў. І патлумачу чаму. У суботу і сераду я прывожу на поле раённую газету са зводкай аб нарыхтоўцы кармоў. Механізатары па-сапраўднаму радаваліся, што мы былі ў лепшай пяцёрцы. А цяпер здалі пазіцыю. Таму нашы хлопцы гатовы працаваць больш, каб урэшце вярнуцца ў лік лідараў. У народзе кажуць, што дзе каротка, там і рвецца. Так і ў нас: быццам бы пачалі добра, ды спыніўся ручаёк паступлення ГЗМ. Нітачка парвалася. Аднак спадзяюся, што мы яе звяжам, не ўкараціўшы.
Ёсць яшчэ адзін рэзев хуткага папаўнення запасаў. Мы вырасцілі вялікую плантацыю люцэрны. І калі кіраўнік аграсэрвіса не перагледзіць нашы ранейшыя дамоўленасці і дасць свой прэспадборшчык, накруцім у рулоны высокаякасны корм. Сетку і плёнку мы купілі.
— Уладзімір Іванавіч, задам апошняе пытанне, якое не датычыць работы ўзначальваемай вамі раслінаводчай галіны. Хутка вам, старэйшаму аграному раёна, споўніцца 60 гадоў. Папрацуеце яшчэ на карысць гаспадаркі?
— Гэта ў першую чаргу залежыць ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Сіл і бадзёрасці духу мне яшчэ не займаць. Рады буду, калі мой вопыт запатрабуецца, з задавальненнем перадам яго свайму пераемніку.
— Ад імя аграномаў раёна віншую вас з юбілеем.

Гутарыў Аляксандр Азевіч.
На здымку машыніст КЗР Станіслаў Зінкевіч.