Насычанае жыццё летніка

Главное

лагерВядома, што выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму і любові да радзімы пачынаецца з самага ранняга ўзросту. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывае школа, але ў апошні час гадаваць установам адукацыі актыўна дапамагае і пагранічная служба раёна. Самым жа папулярным спосабам ваенна-патрыятычнага выхавання з’яўляецца арганізацыя летніх 9-дзённых аздараўленчых лагераў пад шэфствам вайскоўцаў у зялёных фуражках. Так, толькі гэтым летам у раёне будуць працаваць …….. такіх лагераў.
Адзін з іх, “Юныя сябры пагранічнікаў”, які дзейнічаў пры Відзаўскай школе, скончыў сваю работу літаральна некалькі дзён таму назад. Па прызнанні школьнікаў, праведзены тут час запомніцца ім на ўсё лета. Не выпадкова, бо кожны дзень быў насычаны падзеямі, яркімі момантамі і ўражаннямі.
Усяго ваенна-патрыятычны лагер “Юныя сябры пагранічнікаў” прыняў 20 школьнікаў 6-8 класаў. Адметна тое, што з задавальненнем запісваліся ў яго і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Арганізатары ж у сваю чаргу вырашылі крыху змяніць месцазнаходжанне лагера і арганізавалі яго на базе былой Купішскай школы, якая зараз належыць Відзаўскай. У дні працы лагера сюды завітала і я, паглядзела, як адпачываюць школьнікі, і пацікавілася, ці спадабаецца ім тут. Ні аднаго адмоўнага адказу не пачула, толькі задаволенае “так”.
Штодзень для дзяцей праводзіліся спартыўныя святы, забаўляльныя гульні, экскурсіі, турыстычныя паходы. У першы дзень працы лагера школьнікі напісалі пісьмы-прапановы “Я жадаю, каб у лагеры было…” і такім чынам самі маглі ўнесці прапановы па арганізацыі іх вольнага часу. А далей хлопчыкаў і дзяўчынак закруціў віхор цікавых і насычаных меарпыемстваў. Лагер запомніцца малым конкурсам турысцкіх навыкаў “Акеан прыгод”, пошукавай экспедыцыяй “Люблю свой край”, патрыятычнай гульнёй “Зарніца”, спартыўна-палявымі заняткамі “Азбука пагранічніка”, конкурсам на лепшую зброю для Рабінзона, падчас якога дзеці павінны былі зрабіць лук і стрэлы, і, безумоўна, вясёлымі вячэрнімі сустрэчамі каля вогнішча і расказамі пра тое, ці спадабаўся ім чарговы дзень. Колькі было арганізавана за гэтых 9 дзён мерапрыемстваў, цяжка падлічыць. Гэта спартландыі, віктарыны, гульнявыя і танцавальныя праграмы, інтэлектуальныя спаборніцтвы і экскурсіі па роднай Браслаўшчыне. Так, падчас адной з іх школьнікі павандравалі па Браслаўшчыне, завіталі на гару Маяк і ў агр. Слабодка. Якраз у гэты час у мясцовай школе дзейнічаў абаронна-спартыўны лагер, дзе знаходзіліся і курсанты Ваеннай акадэміі. З задавальненнем яны сустрэліся і з відзаўскімі школьнікамі, расказалі ім пра сваю вучобу, а таксама арганізавалі паказальныя выступленні па тэхніцы рукапашнага бою.
Назва лагера гаварыла сама за сябе, таму пастаяннымі гасцямі школьнікаў былі пагранічнікі. Разам яны пагутарылі пра службу за круглым сталом “Будні і святы пагранічнікаў”, падчас якога вайскоўцы ў зялёных фуражках расказалі, як праходзіць служба на пастах і заставах раёна і паказалі хлопчыкам і дзяўчынкам моманты затрымання парушальнікаў з дапамогай сабакі. У адзін з дзён лагера школьнікі і самі завіталі ў госці да пагранічнікаў на пост “Відзы” і разам з вайскоўцамі паспрабавалі арганізаваць пагранічны дазор, навучыліся следапыцтву. Многія дзеці ўпершыню пачулі і ўбачылі, што на самай справе ўяўляе пагранічная служба і як яна працуе. Таму ўражанняў было шмат.
За гэтых дзевяць дзён вучні творча развіліся, адпачылі, шмат даведаліся новага і, безумоўна, аздаравіліся, а пакідалі лагер, дзе было так цікава, неахвотна.