Годна выконвае свой службовы абавязак

Главное

ПракурорСупрацоўнік пракуратуры, намеснік пракурора, пракурор… Гэта сур’езныя пасады, дзе адказнасць за прымаемыя рашэнні вялікая. Але за сінімі мундзірамі — звычайныя людзі са сваімі праблемамі, радасцямі, журботамі. Традыцыйна 26 чэрвеня работнікі пракуратуры адсвяткуюць сваё прафесійнае свята. Гэта стала добрай нагодай бліжэй пазнаёміцца з пракурорам раёна Юрыем Кезікам, пагутарыць пра яго прафесію і жыццё.
У кожнага чалавека свой шлях да любімай справы. У адных — выпадковы, у другіх — мэтанакіраваны. Да апошніх адносіцца і Юрый Станіслававіч. Яшчэ са школы, якую, дарэчы, ён скончыў з залатым медалём, мэтанакіравана ішоў да сваёй будучай прафесіі.
— Нягледзячы на тое, што сярод маіх родных і знаёмых не было ні аднаго юрыста, мне вельмі падабалася прафесія, — расказвае Ю. Кезік. — Гэта быў усвядомлены выбар, таму пасля школы я, не задумваючыся, паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Правазнаўства”. А вось якой канкрэтна будзе мая работа, вызначыўся пасля трэцяга курса, калі трапіў на практыку ў браслаўскую пракуратуру. Менавіта тут захапіўся следчай работай, атрымаў першы практычны вопыт. Сваю ролю адыграла і тое, што я быў пад кіраўніцтвам вопытных юрыстаў.
Першым жа месцам працы Ю. Кезіка стала пракуратура Глыбоцкага раёна, дзе яму прапанавалі пасаду следчага. Маладога спецыяліста адразу ўключылі ў курс спраў і далі весці самую першую справу, якая датычылася траўматызму на вытворчасці. Як прызнаецца Ю. Кезік, давялося шмат папрацаваць, перш чым вінаваты прызнаўся, што па яго віне адбылося здарэнне. Справа была складанай, але запомнілася надоўга, як і іншыя, над якімі даводзілася працаваць не менш.
— Менавіта на сваім першым службовым месцы я навучыўся кожную справу, кожны чалавечы лёс прапускаць праз сябе і не рубіць з-за пляча, а ўдумліва ставіцца да сітуацыі, — дзеліцца пракурор. — Наша работа такая, што даводзіцца ўплываць на людскія лёсы. А гэта вельмі адказна. Галоўнае — трэба годна выконваць свой службовы абавязак. Прыстойнасць і сумленнасць, тактоўнасць — тыя якасці, без якіх нам нельга. Трэба імкнуцца, каб нават жорсткае рашэнне не выклікала ў людзей сумненняў у яго законнасці. Хоць на справе, трэба прызнаць, дасягнуць гэтага вельмі няпроста…
Нягледзячы на тое, што першае месца працы маладому юрысту падабалася, усё ж цягнула на родную Браслаўшчыну. І лёс хутка распарадзіўся так, што Юрыя запрасілі ў нашу пракуратуру. Спецыяліста прызначылі памочнікам пракурора, і ў яго абавязкі ўваходзіў нагляд за выкананнем заканадаўства арганізацыямі і ўстановамі раёна. На гэтай пасадзе апантаны справай і адказны Юрый доўга не затрымаўся. Хутка яго здольнасці заўважыла кіраўніцтва, і наступнай ступеняй кар’ернай лесвіцы стала пасада памочніка пракурора, а з 2013 года Юрый Кезік узначаліў калектыў пракуратуры.
— За час працы ў пракуратуры давялося разгледзець шмат самых розных спраў, ад крадзяжоў да забойстваў. Былі і карупцыйныя справы, пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, арганізацыю незаконнай міграцыі. За год даводзілася падтрымліваць абвінавачванне ў судзе каля 50 розных спраў. І хоць разумееш, што гэта работа, але часам у некаторых выпадках шчыміць сэрца. А складанымі бываюць не толькі крымінальныя справы, але і грамадзянскія, звязаныя з выхаваннем дзяцей, пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, і іншыя.
Пасада пракурора раёна значна змяніла дзейнасць Юрыя Станіслававіча. Калі раней ён адказваў за канкрэтны накірунак, то зараз за ўсю дзейнасць пракуратуры і калектыву. А ён, па прызнанні пракурора, працаздольны, граматны і адказны. На кожнага са спецыялістаў Юрый Станіслававіч можа разлічваць і ведае, што яны не падвядуць.
Безумоўна, як і ў любой прафесіі, ёсць свае плюсы і мінусы. Часам даводзіцца пракурору сутыкацца з негатыўнымі з’явамі. Аднак на першым месцы для Юрыя Кезіка — дапамога словам. Ён лічыць, што часам дастаткова проста пагутарыць з чалавекам, падтрымаць і падказаць, каб вырашыць яго праблему. Таму зусім не дзіўна, што работа Юрыя Станіслававіча і яго калектыву не раз была адзначана граматамі, дыпломамі і іншымі ўзнагародамі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.