Жыве праблемамі людзей

Главное

АлёшынПры кожнай сустрэчы гэты абаяльны, адкрыты, гаваркі чалавек здзіўляе сваёй пазітыўнай жыццёвай энергіяй. У той жа час мэтанакіраваны, ініцыятыўны старшыня Відзаўскага сельвыканкама Сяргей Алёшын душой хварэе за сваю малую радзіму і шчыра дапамагае людзям зрабіць іх быт больш камфортным, а мясцовасць — добраўпарадкаванай.
Ужо год ён на гэтай адказнай пасадзе жыве праблемамі падведамных сельвыканкаму населеных пунктаў. А тэрыторыя Відзаўскага сельсавета самая вялікая не толькі ў раёне, а нават і ў рэспубліцы: 45143,55га, працягласцю 236,6 км, 115 населеных пунктаў, больш за 4,5 тыс. чалавек, тры сельгаспрадпрыемствы.
Гаспадарка сапраўды клопатная. І каб з ёй упраўляцца, старшыні даводзіцца круціцца, як той вавёрцы ў коле. І тут без жадання працаваць для агульнай справы ніяк не абысціся.
Вядома, накірункаў дзейнасці ў сельвыканкама шмат. Але работу з людзьмі Сяргей Васільевіч лічыць асноўнай. Людскія праблемы не чакаюць прыёмнага часу, таму старшыні даводзіцца штодзень вырашаць наспелыя пытанні вяскоўцаў, развязваць жыццёвыя вузлы, выступаць міратворцам у сямейных канфліктах. Вось і атрымліваецца, што старшыня — гэта не толькі чыноўнік, а яшчэ дарадца і псіхолаг.
Шмат гадоў С. Алёшын выкладаў матэматыку і інфарматыку ў мясцовай школе, 16 з іх стаяў за штурвалам гэтай установы. І, як прызнаецца сам, педагагічныя навыкі значна дапамагаюць ў рабоце з людзьмі.
Сапраўды, часам даросламу, як таму вучню, даводзіцца доўга і падрабязна тлумачыць тыя ці іншыя аспекты справы. Таму старшыня ўважліва слухае і цярпліва разрашае сумненні вяскоўцаў. Калі да чалавека з душой, увагай, ён адкажа тым жа, лічыць С. Алёшын.
Залатое правіла Маленькага прынца з аднайменнай казкі французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы гучыць так: устаў раніцай — прыбяры сваю планету. Гэтага правіла прытрымліваецца і старшыня Відзаўскага сельвыканкама. Таму добраўпарадкаванне падведамнай тэрыторыі для яго стала адной з асноўных задач.
— Работы ў сельскай мясцовасці хапае, — кажа Сяргей Васільевіч. — У якую вёску ні загляні, усюды знойдзеш нямала месц, дзе трэба навесці парадак.
Як вядома, прыгажосць патрабуе грошай, ды без тэхнікі і рабочых рук абысціся таксама немагчыма. Вось і даводзіцца старшыні ламаць галаву, як пры найменшых затратах зрабіць максімум.
Напрыклад, дзелавы старшыня сумеў угаварыць шэфаў з філіяла “Наваполацкая ЦЭЦ” РУП “Віцебскэнерга” дапамагчы ў складанай справе выдалення аварыйных дрэў.
Яшчэ адзін галаўны боль мясцовай улады — безгаспадарчыя лядашчыя дамы. Недасведчанаму чалавеку можа здацца, што знесці такі дом магчыма без асаблівых цяжкасцей. А на самай справе гэта карпатлівая работа, якая патрабуе шмат часу, ведання юрыдычных тонкасцей і цярпення.
Апошнія два гады краіна жыве вельмі важнымі датамі нашай гісторыі —
70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і юбілеем Вялікай Перамогі. Важкі ўклад у агульную справу ўшанавання памяці ахвяр вайны, кажа С. Алёшын, унеслі школьнікі, навучэнцы каледжа, жыхары Відзаўскага сельсавета.
Так, у мінулым годзе на воінскім пахаванні каля праваслаўных могілак устаноўлены 4 пліты, на якія нанесены 162 прозвішчы раней невядомых салдат. За сродкі Беларускага фонду міру ўстаноўлены новы помнік на месцы пахавання мірных жыхароў у Баравых. Сёлета адноўлены помнікі ў Відзах і Казянах.
Безумоўна, аднаму з такім аб’ёмам работ справіцца немагчыма. І тут на дапамогу прыходзяць надзейныя памочнікі — кіраўнік спраў сельвыканкама Дзіяна Трыфанава, старэйшыны вёсак, дэпутаты, адміністрацыя і работнікі сельгаспрадпрыемстваў. А цесны тандэм адміністрацыі сельвыканкама з навучэнцамі і педагагічным калектывам каледжа на чале з яго дырэктарам Міхаілам Смірновым дае шмат станоўчых і крэатыўных вынікаў па добраўпарадкаванні Відзаў і паляпшэнні ўмоў жыцця мясцовых жыхароў.
Хто ўмее добра працаваць, той умее добра адпачываць. Гэтае выказванне вельмі трапна характарызуе С. Алёшына. Жыццялюб па натуры, прагны да творчасці, ён з задавальненнем прымаў удзел у раённых музычных мерапрыемствах “Танцы з зоркамі”, “Пяць зорак”, “Дзве зоркі”. Падчас выступленняў артыстызм і харызма Сяргея Васільевіча не пакінула раўнадушнымі ні журы, ні гледачоў.
Ёсць у старшыні сельвыканкама запаветная мара — пабудаваць санаторый каля лячэбнай крыніцы ў Відзах-Лаўчынскіх. Жаданне зразумелае, бо курортна-аздараўленчая ўстанова, безумоўна, надасць гэтай мясцовасці зусім новае жыццё. Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь мара Сяргея Васільевіча здзейсніцца.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.