З году ў год кліча турзлёт

Новости

З года ў год клічаУ кожнага свае асацыяцыі з турзлётам. Для адных гэта вячэрнія песні пад гітару, для другіх — смачная ежа, прыгатаваная на вогнішчы, для трэціх — бяссонныя ночы і цікавыя размовы. А вось калі запытаць у браслаўскіх школьнікаў, што такое турзлёт, то яны адкажуць, што гэта перш за ўсё прырода, свежае паветра, дружная кампанія, шмат уражанняў і яркіх успамінаў.
Таму не выпадкова, што як толькі адгучаць апошнія званкі, самыя апантаныя аматары турызму з задавальненнем збіраюць рукзакі, іншы рыштунак і адпраўляюцца ў вандроўкі. А папярэднічае гэтаму, бадай, самае любімае іх мерапрыемства — раённы школьны турзлёт, які штогод ладзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму і цэнтр дзяцей і моладзі.
Вось і сёлета стаянка “Окменіца” на тры дні ператварылася ў палатачны гарадок, дзе каманды 16 устаноў адукацыі раёна, а гэта каля 165 дзяцей, змагаліся ў турысцкім майстэрстве. Дарэчы, раней турзлёт праходзіў 2 дні, але сёлета арганізатары вырашылі крыху змяніць і яго працягласць, і спіс выпрабаванняў. Прысвяцілі ж яго арганізатары 70-годдзю Перамогі і 950-годдзю Браслава.
Прымушаць удзельнічаць у раённым турзлёце даўно нікога не трэба. У кожнай установе адукацыі дзейнічаюць адпаведныя гурткі і дзеці на працягу года рыхтуюцца да самай значнай падзеі ў іх турыстычным жыцці. Кожны марыць стаць уладальнікам запаветнага пераходнага кубка. Адметна тое, што на турзлёт прыязджаюць цэлымі сем’ямі, як, напрыклад, сям’я настаўніка Слабодкаўскай школы Уладзіслава Караля.
За тры дні школьнікам давялося пераадолець шэраг няпростых выпрабаванняў: кароткую і доўгую дыстанцыю, спартыўнае арыентаванне, конкурсы краязнаўцаў, мастацкай самадзейнасці і “Сюрпрыз”. Адна толькі паласа перашкод уключала ў сябе завязванне вузлоў, пераправу па бервяне і паралельных вяроўках, брод, навясную пераправу, маятнік, гаць, транспарціроўку “пацярпелага”, распальванне вогнішча і многае іншае. Кожны з удзельнікаў быў нацэлены толькі на перамогу і з запалам у вачах адпраўляўся на трасу. А ўжо тут у поўнай меры мог паказаць свой турыстычны спрыт і хуткасць.
Праграма турзлёту мела і іншыя, не менш цікавыя выпрабаванні. Так, на кароткай дыстанцыі ад кожнай школы спаборнічалі па адным хлопчыку і адной дзяўчынцы, у конкурсе краязнаўцаў праверылі эрудыцыю турыстаў па веданні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Шумна прайшло спартыўнае арыентаванне, армрэслінг, штурханне ядра і дартс. А вечарам усе разам сабраліся каля вогнішча, каб паказаць свае вакальныя і артыстычныя таленты і здольнасці ў конкурсе турыстычнай самадзейнасці з яркай назвай “Добрыя турысты дома не ляжаць”. Уразіла журы і крэатыўнасць, з якой юныя турысты падышлі да конкурсу “Сюрпрыз” — з прыродных матэрыялаў ім патрэбна было зрабіць эмблему сваёй каманды.
Нават пасля такіх няпростых выпрабаванняў удзельнікам хапала сіл на начныя пасядзелкі каля вогнішча і вясёлыя расказы пра тое, як кожны з іх праходзіў паласу перашкод. Як ім гэта ўдалося, застаецца толькі здагадвацца. Магчыма, сакрэт другога дыхання ў сытным абедзе, прыгатаваным на вогнішчы, свежым лясным паветры і выдатнай кампаніі.
Новаўвядзеннем сёлетняга турзлёту стала бальная сістэма ацэнкі быту. Пры засяленні ўсім камандам давалася 100 балаў, а калі хтосьці парушаў дысцыпліну, не сачыў за парадкам у лагеры, балы знімаліся. За тры дні толькі Відзаўская школа змагла захаваць усе 100 балаў.
Час праляцеў хутка, і засталося самае галоўнае — падвесці вынікі і ўзнагародзіць пераможцаў. Так, сярод базавых школ трэцяе месца заваявала Мяжанская школа, другімі сталі вучні Друйскага дзіцячага дома, а перамаглі пастаянныя ўдзельнікі з Кансталіна. Сярод сярэдніх школ барацьба была больш напружанай. У кожным конкурсе былі свае лідары, але ўсё ж такі трэцімі сталі вучні з Урбанаў, другімі — з гімназіі, а перамагла каманда Опсаўскай школы. Перамога турыстаў з Опсы сапраўды заслужаная, бо яны былі самымі моцнымі і падрыхтаванымі на турзлёце. Дарэчы, у маі менавіта каманда гэтай школы прадстаўляла наш раён на абласным школьным турзлёце ў Полацкім раёне. За апошніх сем гадоў школьнікі раёна ўпершыню паспрабавалі свае сілы на абласным узроўні і паказалі нядрэнны вынік, хоць і не сталі пераможцамі, але атрымалі дыплом першай ступені за “Турыстычныя навыкі і быт”.
На вясёлай ноце скончыўся чарговы турыстычны злёт сярод школ горада і раёна. Усім удзельнікам, якія занялі прызавыя месцы, былі ўручаны спартыўныя падарункі ад цэнтра дзяцей і моладзі. Нягледзячы на тое, што спаборніцтвы падышлі да завяршэння і ўсе вынікі абвешчаны, ніхто  не спяшаўся вярнуцца дадому.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.