Звон мяча Брачыслава

Новости

МечВось ужо пяты год на Замкавай гары збіраюцца шматлікія аматары даўніны на свята сярэнявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Сёлетні фэст быў прысвечаны 950- годдзю нашага горада.
У гэты дзень Замкавая гара ператварылася ў сярэднявечнае паселішча, дзе кожны жадаючы мог пазнаёміцца з побытам ваяроў, выставай ручных вырабаў майстроў Браслаўшчыны і гасцей свята. Трэба сказаць, тут было на што паглядзець: сувеніры з бісеру, гліны, саломкі, ткацкія вырабы, цудоўныя карціны цешылі вока.
Пачалося свята з легенды пра Браслаў, якую прадставілі артысты “Майстэрні ўражанняў” з Мінска. Далей вядучыя запрасілі на сцэну клубы рэканструкцый з розных куткоў Беларусі, Латвіі. Віталі гледачы і рамеснікаў, якія аднавілі старажытныя тэхналогіі. А майстар разьбы па дрэве Віктар Дудкевіч падарыў дырэктару музейнага аб’яднання Надзеі Дударонак сімвалічныя мячы — адзін вялікі зойме месца ў музеі, а другі прызначаны для маленькага браслаўчаніна, які нарадзіўся ў гэты дзень.
Нямала намаганняў прыклалі ўдзельнікі фэсту, каб здабыць жывы агонь. А калі ён разгарэўся, прадстаўнікі клубаў запалілі паходні і аднеслі агеньчыкі ў свой стан. І свята пачалося.
Першымі прадэманстравалі свае здольнасці члены стралковага клуба лучнікаў “Бойс Клаб” з Мінска. Уразіла і тое, што маладыя дзяўчаты стралялі не горш за хлопцаў, а пры гэтым яшчэ і перакульваліся праз галаву.
Не пакінула нікога абыякавым акрабатычнае шоу на хадулях шальмоўскага тэатра “ДыГрыза”. А некаторыя смелыя гледачы нават рызыкнулі стаць на хадулі і паспрабавалі пахадзіць на іх. Далей ваярскія дружыны вікінгаў зладзілі сапраўдныя суровыя камандныя бітвы. А пакуль ваяры адпачывалі ад ратных спраў і рыхтаваліся да новых спаборніцтваў, над прасторай Замкавай гары гучала сярэднявечная музыка ў выкананні мінскага гурта “Літы талер”.
Паралельна з гэтымі відовішчнымі мерапрыемствамі працавалі пляцоўкі для тых, хто хацеў проста адпачыць з дзецьмі. Для малых музейныя супрацоўнікі падрыхтавалі батлеечнае прадстаўленне. Дзейнічала пляцоўка для жадаючых пастраляць з лука, а падмацавацца можна было на сярэднявечнай кухні, ды і браслаўскае райпа таксама прапаноўвала шырокі асартымент тавараў.
Але самымі ўражлівымі падзеямі гэтага вечара сталі выступленне музычнага гурта “NRM” і фаер-шоу, зладжанае артыстамі тэатра “ДыГрыза”. Завяршыў свята грандыёзны салют.
Музейнае аб’яднанне вельмі ўдзячна за падтрымку ў арганізацыі свята “Меч Брачыслава” райвыканкаму, ААА”Еўраторг”, уладальнікам аграэкасядзіб “У Барысавіча” і “Усце LIFE” Юрыю Жэрко і Таццяне Ермалаевай, Цэнтру экалагічных рашэнняў з Мінска.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.Меч2