Тэма тыдня: X Беларускі міжнародны медыяфорум

Главное

X Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі» праходзіць у Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях 7-10 чэрвеня. У ім прымаюць удзел больш за 400 чалавек з 20 краін. Гэта выдатныя прадстаўнікі экспертнай і медыясупольнасці, міжнародных арганізацый, дыпламатычных місій. У час форуму адбылося пленарнае пасяджэнне з правядзеннем тэматычных панэльных дыскусій, была арганізавана Летняя школа журналістыкі з правядзеннем майстар-класаў вядучых замежных і беларускіх журналістаў. Беларускі міжнародны медыяфорум праводзіцца ў Беларусі штогод, пачынаючы з 2006 года. Ён паспеў стаць знакавым міжнародным праектам, які традыцыйна выступае пляцоўкай для абмену меркаваннямі, выпрацоўкі новых ідэй, стварэння агульнай гуманітарнай прасторы СНД. Медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні» падтрымліваецца Прэзідэнтам Беларусі, урадам. У яго арганізацыі актыўны ўдзел прымаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Выканкам СНД, АДКБ, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў СНД, Міністэрства замежных спраў Беларусі, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты.

Медыяфорум-2015 праводзіцца ў кантэксце знакавай для постсавецкай прасторы і ўсяго свету юбілейнай даты — 70-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама асаблівай міратворчай ролі Беларусі ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі.

Акрамя таго, 8 чэрвеня ў Мінску прайшоў савет кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін СНД.

Лукашэнка: Х Беларускі медыяфорум унясе важкі ўклад ва ўмацаванне даверу паміж краінамі

Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам форуму.

Сёлетні форум праводзіцца ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Гэта наша агульная гісторыя, якую мы абавязаны ахоўваць і абараняць ад спроб перагляду і фальсіфікацыі. У той страшнай вайне мы змаглі выстаяць, таму што былі разам. І сёння таксама павінны быць адзіныя ў шчырым імкненні да міру і ўзаемаразумення. Сродкам масавай інфармацыі, усведамляючы сваю гістарычную адказнасць перад грамадствам, неабходна заняць у гэтых працэсах канструктыўную пазіцыю», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што гэты медыяфорум унясе свой важкі ўклад ва ўмацаванне даверу і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі.

Медыяфорум стаў міжнароднай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў сусветнага парадку дня — Ананіч

Медыяфорум стаў міжнароднай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў сусветнага парадку дня, ролі і значэння СМІ ў сучасным свеце. Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч 8 чэрвеня на X Беларускім міжнародным медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

Міністр выказала надзею, што медыяфорум стане знакавай вяхой у развіцці міжнароднай інфармацыйнай прасторы, унясе свой важкі ўклад ва ўмацаванне міру і ўзаемаразумення паміж народамі.

Лілія Ананіч таксама адзначыла, што Беларусь гатова на любых пляцоўках працягнуць руку дапамогі іншым дзяржавам. «Напэўна, у Мінска, у Беларусі такі лёс. Мы знаходзімся на скрыжаванні сусветных дарог, у цэнтры Еўропы, палітыка нашай дзяржавы — палітыка шматвектарнасці, добрасуседства, палітыка, накіраваная на тое, каб кожнаму беларусу было камфортна жыць на сваёй зямлі, — адзначыла міністр. — Таму Мінск у гэтыя складаныя перыяды дэманструе гатоўнасць на ўсіх пляцоўках — на вялікіх эканамічных, на спартыўных, на медыйных і інвестыцыйных — працягваць руку дружбы і добрасуседства».

Лілія Ананіч звярнула ўвагу, што ў сучасных геапалітычных рэаліях Беларусь стала прызнанай міжнароднай пляцоўкай, дзе вырашаюцца лёсы свету. «І зразумела, беларуская прэса вельмі беражліва ставіцца да захавання канструктыўнага дыялогу», — заўважыла яна.

Паводле слоў міністра інфармацыі, Беларусь ужо на працягу дзясятка гадоў арганізуе медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні» і змагла стварыць такую медыйную пляцоўку, дзе па традыцыі абмяркоўваюцца самыя актуальныя пытанні развіцця медыяасяроддзя. «Мы бачым, што тэма Вялікай Перамогі ў год святкавання яе 70-годдзя выйшла на першы план. Але з’явіліся агрэсіўныя спробы адабраць нашу Перамогу. Хто як ні СМІ павінны строга артыкуляваць, што нельга перапісваць гісторыю, забываць?! Таму што гісторыя страляе ва ўпор, калі з яе не атрымліваюцца ўрокі. Мы сёння дэманструем нашы прынцыпы сумленнай, адказнай журналістыкі, якая працуе на стварэнне, якая можа садзейнічаць развіццю ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі», — падкрэсліла кіраўнік ведамства.

Паводле слоў Ліліі Ананіч, праўда аб Вялікай Айчыннай вайне павінна стаць здабыткам моладзі і будучых пакаленняў. «Народы постсавецкай прасторы, як бы хтосьці ні спрабаваў гэта адмаўляць, сцэментаваны агульнай гісторыяй, у многім агульнай ментальнасцю, агульнай прасторай гуманітарных каштоўнасцей. Адна з галоўных старонак нашага агульнага мінулага — Вялікая Перамога. 70 гадоў таму менавіта Савецкі Саюз адыграў вырашальную ролю ў перамозе над фашызмам, — сказала Лілія Ананіч. — І яшчэ адзін важны аспект — у процістаянні агульнай пагрозе чалавецтву аб’ядналіся дзяржавы з рознымі ідэалогіямі і палітычнымі сістэмамі. Аб’ядналіся і разам перамаглі». У гэтым кантэксце выключна важнай з’яўляецца задача захавання гістарычнай праўды, процістаяння спробам фальсіфікацыі гісторыі і перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Наша пакаленне выхавана на подзвігу пакалення пераможцаў. Нашы бацькі, дзяды прайшлі гэту вайну. Многія аддалі жыццё ў барацьбе з фашызмам за свабоду і незалежнасць Радзімы. Цяпер самае галоўнае, каб праўда аб вайне стала здабыткам сённяшняй моладзі і будучых пакаленняў, якія ведаюць пра яе у лепшым выпадку па фільмах, а часам і па публікацыях у інтэрнэце. У выніку часта мае месца разрыў паміж рэальнымі страшнымі падзеямі ваенных гадоў і павярхоўным уяўленнем маладых людзей аб вайне, злачынствах нацыстаў і іх памагатых», — адзначыла Лілія Ананіч.

«У грамадскую свядомасць пранікаюць уяўленні, якія супярэчаць гістарычнай праўдзе, навуковым ведам. А гэта ў сваю чаргу адкрывае дарогу для распаўзання ідэалогіі неанацызму, агрэсіўнага нацыяналізму і ксенафобіі», — падкрэсліла яна.

Ананіч: у Беларусі не дапусцяць інфармацыйнай вайны на медыйным полі

У Беларусі прыкладуць усе неабходныя намаганні, каб нацыянальная інфармацыйная прастора не стала арэнай інфармацыйнай вайны. Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«Часам сродкам масавай інфармацыі падкідваюцца фактычна неіснуючыя маргінальныя праблемы, а затым на гэтай аснове нагнятаецца напружанасць у грамадстве. Пры гэтым для ініцыятараў такіх маніпуляцый няма нічога святога. Мэта гэтых спекуляцый цалкам відавочная — забіць клін паміж краінамі і народамі. І сучасная гісторыя, на жаль, дае нам шмат такіх прыкладаў, — адзначыла Лілія Ананіч. — Беларусь адмятае такую палітыку і такія імкненні. Наша інфармацыйная прастора, нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі ў абсалютнай сваёй большасці дэманструюць імкненне да ўзважанага, канструктыўнага асвятлення самых складаных праблем сучаснасці. Мы зробім усё для таго, каб інфармацыйная прастора Беларусі не стала арэнай інфармацыйнай вайны».

Паводле слоў міністра, у агучаным на форуме прывітанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі асабліва адзначана гістарычная адказнасць СМІ перад грамадствам, неабходнасць іх канструктыўнай пазіцыі. «Імклівае развіццё медыяпрасторы, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій ператварылі медыяасяроддзе ў сістэмаўтваральны фактар жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Сучасныя канфлікты наглядна пераконваюць: спакуса выкарыстоўваць мас-медыя як прапагандысцкі рэсурс у інфармацыйным процістаянні не адышла ў мінулае. На жаль, інфармацыйныя правакацыі сталі штодзённай руцінай, якія фарміруюць у людзей скажоную карціну свету», — канстатавала Лілія Ананіч.

Яна адзначыла, што існуе мноства прыкладаў, калі ў дэструктыўных мэтах выкарыстоўваюцца нацыянальныя, канфесіянальныя, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія маюць найбольшы канфліктны патэнцыял. «Такое праблемнае поле існуе ў многіх краінах і рэгіёнах, але гэтыя пытанні патрабуюць аб’ектыўнай медыйнай артыкуляцыі. Вырашэнне любых праблем можа быць знойдзена толькі ў канструктыўным ключы. Перакручванне фактаў, нагнятанне абстаноўкі, пошук ворагаў заўсёды вядуць да грамадскага процістаяння і канфліктаў», — падкрэсліла міністр.

«Мы вымушаны сёння па-новаму паглядзець на існуючую сістэму абароны сваёй інфармацыйнай прасторы. Яна павінна быць гібкай, адпавядаць усім патрабаванням часу. І першачарговая задача тут — засцерагчы грамадзян ад выкарыстання ў дачыненні да іх маніпуляцыйных тэхналогій, не парушыўшы пры гэтым канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне інфармацыі», — заявіла Лілія Ананіч.

Ананіч заклікае ствараць творчыя інфармпраекты і экспертныя медыйныя пляцоўкі

На пленарным пасяджэнні X Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі» міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч заявіла: «Новыя медыя, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі даюць неабмежаваныя магчымасці хутка распаўсюджваць вялізныя аб’ёмы інфармацыі, атрымліваць актуальныя і своечасовыя каментарыі. Разам з тым, медыйную рэакцыю ў першую чаргу атрымлівае негатыў, які пачынае прэваліраваць у грамадскай свядомасці. Таму сёння вельмі важна ствараць і развіваць экспертныя медыйныя пляцоўкі, творчыя інфармацыйныя праекты, генерыруючыя інфармацыйныя патокі канструктыўнага характару».

Паводле яе слоў, Беларускі міжнародны медыяфорум у свой час задумваўся як такая аб’яднальная пляцоўка. «Можна з упэўненасцю сказаць, што форум выконвае гэту задачу, прадаўжаючы эфектыўна развівацца», — адзначыла Лілія Ананіч.

Яна выказала ўпэўненасць, што пляцоўка медыяфоруму дасць новы імпульс стварэнню міжнародных праектаў, якія павінны аб’ядноўваць творчыя і інтэлектуальныя намаганні журналісцкай супольнасці розных краін. «Мы можам і павінны ствараць новы актуальны кантэнт. Прычым рабіць гэта не ад выпадку да выпадку, а сістэмна і мэтанакіравана ў пастаянным творчым узаемадзеянні. Інфармацыйнаму дэструктыву неабходна проціпаставіць згуртаванасць і прафесіяналізм. Сумленная і адказная журналістыка, выкананне норм прафесійнай этыкі, карпаратыўная салідарнасць стануць дастойным адказам ідэалогіі разбурэння», — упэўнена міністр.

«Сённяшні свет вельмі цесна інтэграваны і ўзаемазвязаны. Таму нельга вырашаць сумесныя праблемы без уліку інтарэсаў адзін аднаго, без цеснага ўзаемадзеяння. Толькі кансалідаваўшы нашы намаганні, мы зможам эфектыўна процістаяць сучасным выклікам і пагрозам», — рэзюмавала Лілія Ананіч.

Бузоўскі адзначае істотныя змяненні структуры сучаснага інфармацыйнага поля

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў час выступлення на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі» заявіў: «Структура сучаснага інфармацыйнага поля за апошняе дзесяцігоддзе істотна змянілася. Гэту тэндэнцыю мы бачым у тым ліку і на працягу апошняга года. Радыё і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі прыкметна, а тэлебачанне ў пэўнай ступені ўступілі сваё месца сетцы інтэрнэт», — адзначыў Ігар Бузоўскі. Паводле яго слоў, гэта тэндэнцыя адлюстроўваецца ў даследаваннях, якія праводзяцца як на тэрыторыі Беларусі, так і іншых краін — удзельніц медыяфоруму. «Лічбы ўражальныя, асабліва калі іх аналізуеш у практычнай плоскасці, і прымушаюць задумацца над падыходамі ў арганізацыі работы не толькі сродкаў масавай інфармацыі, але і ў любой іншай плоскасці — эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай дзейнасці», — канстатаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Ігар Бузоўскі сказаў, што моладзь 90 працэнтаў інфармацыі атрымлівае з інтэрнэту. «Гэта прымушае задумацца як грамадскія арганізацыі, людзей, якія займаюцца маладзёжнай палітыкай, так і эканамістаў, якія працуюць над тым, як распаўсюдзіць інфармацыю для продажу таго ці іншага тавару, якім чынам уплываць на перспектывы развіцця нашых краін, паколькі маладое пакаленне будзе рэалізоўваць нашы задумы, планы, якія ў тым ліку мы выкладаем у сродках масавай інфармацыі», — растлумачыў ён.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прывёў паказальныя лічбы: калі ў 2005 годзе палітычную інфармацыю з інтэрнэту атрымлівалі 2,7 працэнта жыхароў Беларусі, то ў 2015-м — 45,3 працэнта. Па паведамленнях эканамічнай тэматыкі, атрыманай з інтэрнэту, паказчыкі аналагічныя: 2,8 працэнта ў 2005 годзе супраць 44,1 працэнта ў 2015-м. «Выяўленая тэндэнцыя заканамерная і вытлумачальная. Дасягненні сучаснай навукі, усё большыя інфармацыйныя патрэбнасці зменлівага соцыуму, растучая тэхнічная дасведчанасць розных сацыядэмаграфічных груп насельніцтва — усё гэта вызначае накіраванасць змяненняў у інфармацыйных палях сучасных дзяржаў», — адзначыў ён. Паводле слоў Ігара Бузоўскага, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, па забяспечанасці насельніцтва камп’ютарнай тэхнікай краіна абганяе многія еўрапейскія дзяржавы.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыў, што ўзровень даверу беларускіх грамадзян да айчынных сродкаў масавай інфармацыі ўзрастае. «Але інфармацыя сёння выходзіць за межы любой дзяржавы, таму журналісты нясуць адказнасць не толькі перад грамадзянамі сваёй краіны, але і перад тымі дзяржавамі, з якімі знаходзяцца ў адзіным інфармацыйным патоку»,  звярнуў увагу ён.

Традыцыйным СМІ неабходна праяўляць больш творчай ініцыятывы

Такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«У новых умовах традыцыйным СМІ трэба праяўляць больш творчай ініцыятывы ў стварэнні арыгінальных інфармацыйных ніш. Калі інтэрнэт мае пэўную перавагу ў аператыўнасці прадастаўлення інфармацыі, то ўвага традыцыйных друкаваных і электронных СМІ павінна быць звернута на аналітычнасць падыходаў, што выступаюць альтэрнатывай пасылам, якія дае інтэрнэт-прастора», — адзначыў Ігар Бузоўскі.

Паводле яго слоў, такія паняцці, як кліпавасць мыслення, выбарачнасць і павярхоўнасць інфармацыі, цяпер ахопліваюць вялікую колькасць насельніцтва. «Але прыняць правільнае рашэнне — не проста атрымаць інфармацыю, а накіраваць стратэгічна мысленне насельніцтва нашых краін — гэта задача больш складаная і адказная. Таму меркаванне, што змяншаецца роля друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, радыё і тэлебачання, лічу недарэчным», — сказаў Ігар Бузоўскі.

Бузоўскі лічыць неабходным выкарыстоўваць вынікі сацдаследаванняў у рабоце СМІ

«Для дасягнення поспеху рэдакцыям сродкаў масавай інфармацыі неабходна звярнуць увагу на такі значны аспект дзейнасці, як зверка гадзіннікаў з сацыялагічнымі службамі. Многія, упэўнены, задумваюцца, якім чынам аналізаваць сваю работу, выходзіць на ўзровень больш якаснай апрацоўкі, падрыхтоўкі менеджменту сваёй дзейнасці. Сацыялогія становіцца практычнай плоскасцю, у тым ліку для сродкаў масавай інфармацыі», — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў час выступлення на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму.

Паводле яго слоў, паняцце сацыялогіі становіцца штодзённым напрамкам дзейнасці для дасведчанага і перспектыўнага работніка, кіраўніка сродку масавай інфармацыі.

Ігар Бузоўскі выказаў упэўненасць, што ў бліжэйшы час Міністэрствам інфармацыі будзе праведзена работа, вынікам якой стане якасна новы падыход у аналізе дзейнасці электронных СМІ.

Задача прафесійных журналістаў — не дапусціць скочвання да інфармацыйных войнаў «усіх супраць усіх»

Аб гэтым гаворыцца ў рэзалюцыі Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«Сучасныя канфлікты відавочна сведчаць: спакуса выкарыстоўваць масмедыя як прапагандысцкі рэсурс у інфармацыйным процістаянні не адышла ў мінулае. Інфармацыйныя правакацыі зрабіліся паўсядзённай руцінай. У такіх выпадках аб’ём дэзынфармацыі значна перасягае аб’ём аб’ектыўнай інфармацыі, што фарміруе ў людзей скажоную карціну свету», — лічаць удзельнікі медыяфоруму. Усё гэта, на іх думку, пагражае дыскрэдытацыяй прафесіі журналіста, стратай даверу людзей да слова. «Задача прафесійнай журналісцкай супольнасці — не дапусціць пераходу ў бездань інфармацыйных войнаў «усіх супраць усіх». Дабіцца гэтага можна шляхам выканання норм журналісцкай этыкі, выпрацаваных на аснове шматгадовага вопыту, карпаратыўнай салідарнасці, мінімізацыі ўплыву палітычнай кан’юнктуры на рэдакцыйную палітыку сродкаў масавай інфармацыі. Важнейшае значэнне ў сучасных умовах набывае такая катэгорыя, як маральная і сацыяльная адказнасць журналістаў», — гаворыцца ў дакуменце.

У ім таксама адзначаецца неабходнасць кансалідацыі намаганняў медыя і экспертнай супольнасці розных краін свету для эфектыўнага процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам, забеспячэння міжнароднай бяспекі і справядлівага светапарадку ў імя стварэння і развіцця. Пры гэтым яны са шкадаваннем канстатавалі, што «сучасны свет не стаў больш справядлівым і бяспечным». Так, узмацняецца геапалітычнае саперніцтва вядучых дзяржаў, абвастраюцца сацыяльна-эканамічныя супярэчнасці, у шэрагу рэгіёнаў, у тым ліку ў Еўропе, разгараюцца адкрытыя ваенныя канфлікты.

«У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае памяць аб Вялікай Перамозе. Тады, 70 гадоў таму, дзяржавы з рознымі ідэалогіямі і палітычнымі сістэмамі аб’ядналіся, каб процістаяць агульнай пагрозе чалавецтву, якой стаў фашызм. Захаваць памяць аб той агульнай і вялікай барацьбе — свяшчэнны абавязак сучаснага і будучых пакаленняў», — сказана ў рэзалюцыі.

Удзельнікі форуму выказалі ўдзячнасць Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Міністэрству інфармацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, Выканаўчаму камітэту СНД, Міждзяржаўнаму фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД за прадастаўленую магчымасць абмеркавання актуальных пытанняў сусветнага парадку дня на медыяфоруме ў Мінску.

Блогеры павінны нараўне з журналістамі адчуваць адказнасць перад грамадствам

Такое меркаванне выказаў дырэктар Кыргызскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва «Кабар» Кубанычбек Таабалдыеў у час панэльнай дыскусіі «Новыя медыя ў глабальным свеце. Роля і адказнасць» на X Беларускім міжнародным медыяфоруме.

«Сродкі масавай інфармацыі прадстаўлены прафесійнымі журналістамі. Але сёння ў СМІ ператвараюцца сродкі масавай камунікацыі. Гэта адбываецца непрыкметна для нас і незалежна ад таго, як мы развіваемся і куды імкнёмся. СМІ паціху здаюць свае пазіцыі блогерам, якія становяцца ў адзін шэраг з журналістамі, але не ўсведамляюць важнасці сваёй ролі. Людзі, якія могуць уплываць на грамадства, распаўсюджваючы сваё меркаванне або інфармацыю, павінны адчуваць сваю адказнасць перад усімі», — сказаў Кубанычбек Таабалдыеў.

Дырэктар інфармацыйнага агенцтва звярнуў увагу, што сёння грамадзяне часта атрымліваюць інфармацыю з сацыяльных сетак, і толькі пасля гэтага яе падхопліваюць СМІ. «Магу прывесці просты прыклад. Жыхар аднога з аддаленых паселішчаў Кыргызстана аказаўся настолькі верным сваім продкам, якія загінулі, змагаючыся за Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны, што вырашыў прадаць сваю карову і на гэтыя сродкі пабудаваў помнік у памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны. Першымі аб гэтым павінны былі расказаць СМІ, але чамусьці інфармацыя спачатку з’явілася ў сацыяльных сетках, і такім чынам уся краіна даведалася пра гэтага чалавека», — адзначыў кіраўнік сродку масавай інфармацыі.

Папулярныя блогеры павінны несці адказнасць за свае словы

Такое меркаванне выказаў удзельнік X Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі», генеральны дырэктар міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Казінфарм» Даўрэн Дыяраў.

«На мой погляд, было б правільным узмацніць адказнасць папулярных блогераў за распаўсюджаную імі ў сетцы інфармацыю. Калі блогер мае шырокую аўдыторыю падпісчыкаў, то ён павінен атрымаць ліцэнзію і несці поўную адказнасць за свае словы. Лічу, што ў гэтым годзе такая мера будзе прынята ў Казахстане», — сказаў Даўрэн Дыяраў.

Ён таксама адзначыў, што сучасныя СМІ павінны больш дэталёва правяраць інфармацыю, якую яны даносяць да свайго чытача. «Па сутнасці СМІ ніколькі не змяніліся, змяніліся сродкі падачы інфармацыі, скорасць яе перадачы ад крыніцы да канечнага спажыўца, якая сёння займае літаральна секунды. Менавіта таму журналісты павінны больш скрупулёзна правяраць факты», — падкрэсліў Даўрэн Дыяраў.

Інтэрнэт сёння выступае «каркасам» будучага інфармацыйнага светаўладкавання — армянскі эксперт

Інтэрнэт сёння можна лічыць не столькі «новым медыя», колькі «каркасам» усяго будучага інфармацыйнага светаўладкавання. Такое меркаванне выказаў дырэктар Інфармацыйнага агенцтва «Арменпрэс» Арам Ананян.

«З паняццем «новыя медыя» мы сутыкнуліся ў пачатку 21-га стагоддзя і выкарыстоўвалі яго для абазначэння ўсіх з’яў, звязаных з інтэрнэтам, канвергентным кантэнтам, сацыяльнымі сеткамі. Аднак канцэпцыя «новых медыя» ўвесь час мяняецца, і гэта абумоўлена той навізной, якая з’яўляецца ў медыяасяроддзі. Сёння інтэрнэт — гэта ўжо не столькі «новыя медыя»: сусветнае павуцінне само па сабе стала новай інфраструктурай інфармацыйнага ўзаемадзеяння. І цяпер, выкарыстоўваючы тэрмін «новыя медыя», мы павінны мець на ўвазе хутчэй тыя новыя тэндэнцыі, якія будуць узнікаць з развіццём тэхналогій», — лічыць эксперт.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, можна адзначыць некалькі важных момантаў. «Па-першае, інтэрнэт становіцца ўсё больш скорасным, па-другое — стрымінг відэакантэнту становіцца ультрадаступным і ахоплівае ўсё новыя сферы жыццядзейнасці, прапаноўваючы больш шырокія магчымасці», — адзначыў Арам Ананян.

Як адзначыў медыяэксперт, развіццё тэхналогій прывяло да таго, што сёння навіны мы можам практычна «надзець» на сябе. «Становяцца актуальнымі «разумныя гадзіннікі», «разумныя акуляры» — інакш кажучы, многія медыямагчымасці становяцца ўсё бліжэй да чалавека ў літаральным сэнсе. Такія інфармацыйныя тэхналогіі моцна ўплываюць на наша паўсядзённае жыццё, і гэта пабуджае традыцыйныя медыя пераасэнсаваць свае дзеянні і планы. Яскравы прыклад — той факт, што радыё вымушана шукаць усё новыя магчымасці для прыцягнення спажыўцоў свайго кантэнту, паколькі ўжо інфармацыйныя агенцтвы і іншыя СМІ маюць магчымасць выходзіць з аўдыяпрадуктамі непасрэдна на карыстальнікаў», — падкрэсліў Арам Ананян.

Яшчэ адна тэндэнцыя, на якую звярнуў увагу эксперт, — людзі ўсё менш чытаюць тэксты. «Тэксты «сціскаюцца», становяцца меншыя аб’ёмам, затое расце доля іншага тыпу інфармацыі. Акрамя таго, нельга забываць аб тым, што сёння пошукавыя і сацыяльныя медыя ведаюць пра нас практычна ўсё, таму што мы носім пры сабе гаджэты, у якіх змешчаны падрабязныя даныя аб нашым месцазнаходжанні, аб усіх нашых хобі і інтарэсах. Таму ў медыяструктур заўсёды ёсць спакуса пісаць менавіта тыя навіны, якія нацэлены канкрэтна на пэўнага спажыўца. Для чалавека гэта і магчымасць, і праблема адначасова, паколькі спажыўцу можа быць абсалютна не цікава інфармацыя, якая яму навязваецца. Часта такія «інфармацыйныя шумы» загароджваюць тую важную інфармацыю, якая на самай справе патрэбна людзям, перш за ўсё, кіраўнікам. Адсюль і ўзнікае наступнае важнае пытанне прафесійнай журналістыкі і этыкі — як знаходзіць і падаваць спажыўцам тое, што сапраўды важна», — падкрэсліў Арам Ананян.

На думку эксперта, сёння інфармагенцтвам «важна глядзець у будучае і быць здольным прадбачыць, якім будзе новае пакаленне чытачоў, з якімі ўжо вельмі скора ім давядзецца мець справу».

Мінск стаў брокерам мірнага працэсу ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне — палітолаг

Такое меркаванне выказаў 8 чэрвеня дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Кірыл Коктыш у час панэльнай дыскусіі «Сучасны свет у эпоху новых геапалітычных рэалій» на X Беларускім міжнародным медыяфоруме.

«Беларусь заўсёды шукае канструктыў, а не спрабуе пасварыцца. Дапамога ва ўрэгуляванні крызісу ва Украіне дала магчымаць Мінску стаць брокерам мірнага працэсу ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. Лічу, што абсалютна ўсе жыхары гэтай тэрыторыі, асабліва грамадзяне Украіны, зацікаўлены ў міры, таму што з гэтага пачынаецца ўсё астатняе. Вайна знішчае сэнс, эканоміку, жыццё», — сказаў Кірыл Коктыш.

На думку палітолага, пашырэнне мірнага працэсу можа стаць своеасаблівай «спецыялізацыяй» Беларусі, якую падтрымала б не толькі Усходняя Еўропа, але і астатні свет.

Эстонскі журналіст: Беларусь — вялікая міратворчая пляцоўка ў цэнтры Еўропы

Такое меркаванне выказаў дырэктар эстонскага тэлеканала TVN Алег Бяседзін у ходзе X Беларускага міжнароднага медыяфоруму. Алег Бяседзін адзначыў: «Вельмі прыемна, што Беларусь выступае такой вялікай медыяпляцоўкай, якая прыцягвае не толькі палітыкаў, але таксама журналістаў, экспертаў. Беларусь — гэта яшчэ і вялікая міратворчая пляцоўка ў цэнтры Еўропы. Дзякуй вам вялікі за гэта».

«Не дай бог, каб нашы дзеці і ўнукі апынуліся ў той сітуацыі, у якой апынуліся нашы дзяды ў гады Другой сусветнай вайны», — дадаў ён.

«Беларусь захавала памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы пабывалі на «Лініі Сталіна» пад Мінскам. Мне было вельмі прыемна ўбачыць, з якой любоўю ў Беларусі захаваны ваенныя аб’екты, як патрыятычна настроена моладзь, наколькі яны шануюць і помняць подзвігі сваіх дзядоў», — сказаў Алег Бяседзін.

Дырэктар тэлеканала дадаў, што ён прысутнічае на медыяфоруме ў Беларусі ўпершыню. «Добра, што Беларусь з’яўляецца пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца пытанні міру і вырашаюцца розныя канфлікты», — адзначыў журналіст.

Млечын: у гэтым годзе Прэзідэнт Беларусі стаў ключавой фігурай еўрапейскай палітыкі

У гэтым годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка стаў ключавой фігурай еўрапейскай палітыкі. Такое меркаванне выказаў міжнародны аглядальнік Леанід Млечын (Расія), які ўдзельнічае ў X Беларускім міжнародным медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«У гэтым годзе Прэзідэнт Беларусі стаў ключавой фігурай еўрапейскай палітыкі, і тая місія, якую ён на сябе ўзяў, мае вялікае значэнне», — адзначыў Леанід Млечын, маючы на ўвазе, у першую чаргу, намаганні па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. «Нехта павінен быў гэта зрабіць, і надзвычай важны намаганні, якія вядуць да спынення канфлікту, што ўзнік у цэнтры Еўропы», — лічыць ён.

На думку ўдзельніка медыяфоруму, такія канфлікты неверагодна балючыя і, як паказвае гісторыя, рэдка бываюць кароткімі, таму ў гэтым выпадку мець ілюліі было б недарэчы. «У сувязі з гэтым вельмі важна, каб знаходзіліся людзі, гатовыя прыкласці намаганні не для таго, каб распальваць канфлікт, а для таго, каб мірыць бакі, якія процістаяць», — перакананы ён.

Падзеі Вялікай Перамогі над глабальным праціўнікам не маюць патрэбы ў тлумачэнні

Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Навуковага савета Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Аляксандр Кірылін, які прыняў удзел у X Беларускім міжнародным медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«Падзеі Вялікай Перамогі над такім глабальным праціўнікам, сіла якога магла разбурыць увесь сусвет, не маюць патрэбы нават у тлумачэнні, чаму мы не павінны гэту дату забываць. Падручнікі напісаны, але, тым не менш, мы бачым, што адбываецца ў нашых брацкіх рэспубліках», — адзначыў Аляксандр Кірылін.

Паводле яго слоў, Беларусь, якая зведала самыя цяжкія выпрабаванні ў ваенныя гады, панесла вялізныя страты сярод насельніцтва, была разбурана і вымушана адбудоўвацца нанава, цяпер з асаблівым хваляваннем успрымае падзеі, што адбываюцца ў суседняй Украіне. «Лічу, што аўтарытэт Прэзідэнта вашай краіны ў гэтым выпадку адыгрывае вялікую ролю. Немалаважны і стан самой рэспублікі. Беларусь не толькі робіць уражанне квітнеючай дзяржавы, у якой існуе парадак, закон, дэмакратыя, але і ваша геаграфічнае становішча такое, што тут, відаць, найбольш прывабна арганізоўваць перагаворы, звязаныя з вырашэннем украінскага крызісу», — лічыць сакратар Навуковага савета Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.

«Аляксандр Лукашэнка заняў, на мой погляд, вельмі ўзважаную пазіцыю, накіраваную на хутчэйшае вырашэнне крызісу на ўсходзе Украіны», — дадаў Аляксандр Кірылін.

Пошук новых форм узаемадзеяння медыясупольнасці адпавядае інтарэсам краін СНД — Гаркун

Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара Садружнасці Незалежных Дзяржаў Уладзімір Гаркун на X Беларускім міжнародным медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

Медыяфорум — неад’емны элемент шырокай праграмы святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Для дзяржаў Садружнасці гэта агульназначнае мерапрыемства, — сказаў Уладзімір Гаркун. — Бацькі і дзяды абаранялі Айчыну ад фашызму, а ўнукам і праўнукам даводзіцца абараняць праўду аб гэтай вайне. Нельга дапусціць адраджэння нацысцкай ідэалогіі, ідэй расавай і рэлігійнай нецярпімасці. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца магутным аб’яднальным пачаткам».

«Калі народы краін СНД разам, яны моцныя і непераможныя — учора, сёння, заўтра. Адзін з галоўных урокаў вайны ў тым, што тады мы былі разам, не было падзелу на саслоўі, нацыі», — адзначыў Уладзімір Гаркун.

Уладзімір Гаркун выказаў надзею, што вынікі медыяфоруму будуць садзейнічаць далейшаму развіццю інтэграцыйнай прасторы на прасторы СНД.

Беларускі медыяфорум не мог абысці вострыя тэмы інфармацыйнай прасторы

Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння.

Лілія Ананіч прызналася, што ёй спадабалася ідэя аднаго з удзельнікаў мерапрыемства. Сутнасць яе ў тым, што сэнс беларусаў — шукаць ва ўсім канструктыўныя рашэнні і не спрабаваць пасварыцца. «Менавіта такая палітыка нашага Прэзідэнта дае магчымасць нам на працягу гэтых дзесяці гадоў шукаць канструктыў на беларускай медыяпляцоўцы. Мы разумеем, што не маглі абмінуць вострыя тэмы інфармацыйнай прасторы, таму што яны выліліся не толькі на экраны тэлевізараў, у медыя- і блогаасяроддзе, яны краваточаць у жыцці», — сказала міністр.

Кіраўнік ведамства таксама адзначыла, што на медыяфоруме заўсёды ёсць месца для прадаўжэння стасункаў. Так, паводле яе слоў, па выніках цяперашніх дыскусій плануецца выдаць падагульняючую брашуру — адлюстраванне ў ёй знойдуць самыя актуальныя тэмы, якія ўзнімаліся ўдзельнікамі медыяфоруму з розных краін на працягу дзясятка гадоў.

Яшчэ адна ініцыятыва Міністэрства інфармацыі Беларусі — арганізаваць інтэрнэт-пляцоўку, назва якой будзе пераклікацца з назвай медыяфоруму («Партнёрства ў імя будучыні»). На ёй змогуць выказваць сваё меркаванне ўсе зацікаўленыя прафесіяналы — эксперты, палітолагі, журналісты. «Але адкрытая размова павінна несці ў сабе галоўнае — канструктыў, пазітыў, жаданне знаходзіць шляхі вырашэння самых складаных праблем», — заўважыла Лілія Ананіч.

У эпоху інтэрнэту важнасць прафесійнай журналістыкі ўзрастае шматразова

Аб гэтым заявіў 9 чэрвеня намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч на адкрыцці Летняй школы журналістыкі Х Беларускага міжнароднага форуму «Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі».

«У эпоху інтэрнэту, вялізнага росту інфармацыйных патокаў важнасць прафесійнай і якаснай журналістыкі ўзрастае шматразова, таму што чалавек імкнецца атрымліваць заўсёды якасную інфармацыю, каб у тым ліку атрымаць задавальненне ад прыгожага журналіцкага стылю», — сказаў Уладзімір Матусевіч.

Намеснік міністра адзначыў, што ў рэйтынгу развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, які штогод складае Міжнародны саюз электрасувязі, Беларусь займае 38-ю пазіцыю. «У гэтай сітуацыі адной з задач СМІ з’яўляецца размеркаванне кантэнту па розных платформах», — дадаў ён.

Дзяржінфармагенцтвы краін СНД маюць намер развіваць узаемадзеянне паміж фотаслужбамі

Адпаведныя дамоўленасці дасягнуты ў Мінску ў час ХХ пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД, якое прайшло 8 чэрвеня.

У якасці аднаго з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва абмяркоўвалася магчымасць заключэння пагадненняў, якія даюць магчымасць дзяржаўным агенцтвам навін краін СНД абменьвацца фотаматэрыяламі, у тым ліку на бязвыплатнай аснове. Удзельнікі пасяджэння Інфармсавета падтрымалі прапанову аб арганізацыі ўзаемных стажыровак і абменаў па лініі фотаслужбаў, а таксама разгорнутых тэматычных выставак.

Дырэктар інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД Аляксандр Заварзін падкрэсліў, што Інфармсавет СНД — гэта «сплаў прафесіяналаў», іх каласальны вопыт дае магчымасць сумеснымі намаганнямі вырашаць многія праблемы, якія паасобку ў штодзённым жыцці наўрад ці можна вырашыць.

Аляксандр Заварзін прапанаваў удзельнікам Інфармсавета разам асэнсаваць шляхі і магчымасці далейшага развіцця СНД з пункту гледжання медыяэкспертаў. Ён таксама нагадаў, што ў 2016 годзе Садружнасць адзначыць сваё 25-годдзе. У сувязі з гэтым Савету кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД трэба падрыхтаваць прапановы па асвятленні знамянальнай даты.

Савет кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін СНД прайшоў у Мінску 8 чэрвеня.

Інфармсавет СНД быў створаны 3 лістапада 1995 года Пагадненнем урадаў дзяржаў — удзельніц СНД. Цяпер членамі Інфармсавета з’яўляюцца кіраўнікі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Азербайджана (АзерТАдж), Арменіі (Арменпрэс), Беларусі (БелТА), Казахстана (Казінфарм), Кыргызстана (Кабар), Малдовы (Moldpres), Расіі (ТАСС) і Таджыкістана (Ховар).

Сярод асноўных задач Інфармсавета — распрацоўка рэкамендацый дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў па стварэнні найбольш спрыяльных умоў для бесперашкоднага распаўсюджвання інфармацыі, арганізацыя абмену вопытам прафесійнай дзейнасці, выпрацоўка рэкамендацый па выкананні прынятых рашэнняў па пытаннях супрацоўніцтва ў інфармацыйнай сферы, садзейнічанне развіццю інфармацыйных тэлекамунікацый і сувязі дзяржаў — удзельніц СНД.

Старшынёй Інфармсавета СНД з’яўляецца генеральны дырэктар Інфармацыйнага агенцтва Расіі ТАСС Сяргей Міхайлаў.

Наступнае пасяджэнне Інфармсавета СНД, як чакаецца, пройдзе восенню 2015 года.

Бузоўскі заклікаў удзельнікаў Інфармсавета СНД фарміраваць агульнае поле для адносін і стварэння

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі заклікаў удзельнікаў Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін Садружнасці фарміраваць агульнае поле для адносін і стварэння.

«Цяпер у значнай ступені набывае значэнне фарміраванне фундаментальнай плоскасці, дзе мы можам сустракацца і абмяркоўваць, без перакладчыкаў. Ёсць каштоўнасці, якія для нас дарагія і значныя, таму вельмі важна размаўляць, падтрымліваць адзін аднаго і дапамагаць у стваральным працэсе. Такі найбольш значны вынік», — лічыць Ігар Бузоўскі.

«Тое, што погляды на нейкія падзеі час ад часу разыходзяцца, таксама для нас важна, і мы гэтаму надаём вялікае значэнне. Мы ўдзячныя за тыя погляды, думкі, якія вы рэтрансліруеце ў сваіх інфармацыйных рэсурсах, — адзначыў Ігар Бузоўскі, звяртаючыся да ўдзельнікаў Савета. — І калі медыяпрастора будзе пашырацца, развівацца, шчыра будзем гэтаму рады».

Міхайлаў: у любой інфармацыйнай вайне неабходна выйграваць

Такое меркаванне выказаў 8 чэрвеня журналістам старшыня Інфармсавета СНД, генеральны дырэктар Інфармацыйнага агенцтва Расіі ТАСС Сяргей Міхайлаў. Ён прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін Садружнасці.

«Сёння ў некаторых краінах, у тым ліку ў тых, якія панеслі страты ў час вайны (Другой сусветнай. — Заўвага БЕЛТА), на жаль, мы назіраем спробы прынізіць ролю народаў Савецкага Саюза ў Перамозе над фашызмам, сказіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыў Сяргей Міхайлаў. Паводле яго слоў, у год святкавання 70-годдзя Перамогі раздаюцца галасы і з’яўляюцца людзі, якія спрабуюць перапісаць гісторыю, назваць чорнае белым, а белае чорным, выдаць жаданае за сапраўднае. «Гэты фактар ёсць, і мы ўвесь час знаходзімся ў шэрагу інфармацыйных выклікаў і пагроз. Я гляджу на гэта так, што ў такім выпадку вельмі проста выбудоўваць правільную інфармацыйную работу, паколькі для гэтага трэба проста не забываць гаварыць праўду. Гаварыць яе лёгка і прыемна. Можна ўспомніць пра мільёны загінулых у той вайне, пра тое, што менавіта Савецкі Саюз, без сумнення, быў галоўным, хто каваў тую Перамогу. А тым, хто хоча сказаць, што гэта не так, мы дадзім магчымасць звярнуцца да гістарычных матэрыялаў. У любой інфармацыйнай вайне трэба выйграваць», — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў савета, Сяргей Міхайлаў адзначыў, што дзяржаўныя інфармагенцтвы краін СНД — флагман інфармацыйнай палітыкі, і ад іх намаганняў вельмі многае залежыць. На яго думку, у прыватнасці, неабходна рэгулярна вяртацца да тэмы Вялікай Перамогі. Гендырэктар ТАСС звярнуў увагу на іншыя важныя даты, якія выпадаюць на бягучы год, — 70-годдзе з дня заканчэння Другой сусветнай вайны і 70-годдзе з дня заснавання ААН. Ён таксама лічыць неабходным актыўна асвятляць інтэграцыйныя працэсы на прасторы Садружнасці.

Гусман выказаў шкадаванне, што прадстаўнікі Украіны не прынялі ўдзел у пасяджэнні Інфармсавета СНД у Мінску

Цяпер членамі Інфармсавета з’яўляюцца кіраўнікі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Азербайджана (АзерТАдж), Арменіі («Арменпрэс»), Беларусі (БелТА), Казахстана («Казінфарм»), Кыргызстана («Кабар»), Малдовы («Малдпрэс»), Расіі (ТАСС) і Таджыкістана («Ховар»). У 2009-2013 гадах актыўна супрацоўнічала з Інфармсаветам СНД і прымала ўдзел у яго рабоце кіраўніцтва нацыянальнага інфармагенцтва Украіны («Укрінфарм»). «Безумоўна, шкада, што тут не было прадстаўнікоў украінскага інфармагенцтва, хоць мы запрашаем нашых калег з «Укрінфарм». Цяпер яны фармальна не ўваходзяць у склад гэтага савета, але заўсёды запрошаны, і калі б у іх было жаданне і магчымасць прыехаць, мы былі б толькі рады. У нас заўсёды ёсць тэмы для прафесійнай таварыскай размовы», — адзначыў Міхаіл Гусман. Пры гэтым, паводле яго слоў, «тое, што сёння іх няма, яшчэ не значыць, што іх не будзе заўтра».

У цэлым, гаворачы аб праведзеным у Мінску медыяфоруме, першы намеснік гендырэктара ТАСС адзначыў важнасць асабістых сустрэч для прадстаўнікоў СМІ, паколькі нішто не можа замяніць прафесійных асабістых стасункаў. «І гэтак будзе заўсёды, незалежна ад таго, як будуць у далейшым развівацца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», — перакананы ён.

«У нашых краін (удзельніц Інфармсавета. — Заўвага БЕЛТА) ёсць агульныя задачы, і я думаю, што ў нечым агульным, галоўным (напрыклад, у ацэнцы 70-годдзя Вялікай Перамогі, вынікаў Вялікай Айчыннай вайны) у нас няма разыходжанняў. Больш таго, мы гатовы аб’яднаць нашы намаганні для таго, каб данесці праўду аб выніках гэтай вайны, перашкодзіць фальсіфікацыі гісторыі. Тут мы адзіныя, і ў нас работа скаардынавана. Акрамя таго, ёсць тэмы, характэрныя для кожнай з краін, і мы таксама іх абмяркоўваем. У нас ёсць патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва, для таго, каб данесці нашы магчымасці да грамадскасці», — сказаў Міхаіл Гусман.

Акрамя таго, ён заўважыў, што з вялікай павагай ставіцца да Беларускага тэлеграфнага агенцтва. «Яно, на мой погляд, адно з самых прафесійных на постсавецкай прасторы», — сказаў першы намеснік гендырэктара ТАСС.