Прыгожы ёсць куточак «Браслаў — Рычы»

Главное

АдпачынакПрыйшоў сезон летняга адпачынку. Пазагараць, пакупацца, палавіць рыбу на Браслаўшчыну завітаюць беларусы, расіяне, жыхары блізкага і далёкага замежжа. І большасць з іх, як правіла, за паслугамі ў арганізацыі адпачынку будуць звяртацца ў НП «Браслаўскія азёры» або да ўладальнікаў аграсядзіб.
А між іншым у нашым раёне ёсць і найбольш прыцягальнае месца для адпачынку — дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Браслаў — Рычы». Размяшчаецца яна на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння «Рычы» на беразе аднаіменнага возера.
Важна сказаць, што гэты вадаём з’яўляецца другім па глыбіні ў Беларусі (максімум 51,9 м), у якім захаваліся рэлікты ледніковага перыяду, унесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. А яшчэ азёрная вада Рычы — адна з самых празрыстых з усіх азёр рэспублікі.
Сёлета мы наладзілі супрацоўніцтва з інструктарамі па дайвінгу клуба Deep trip (глыбокія прыгоды), якія абследавалі берагавую лінію, і прыйшлі для вываду, што вадаём нават лепш за вучэбны басейн падыходзіць да навучання азам дайвінгу. Займацца ж гэтым відам спорту таксама цікава і пазнавальна ў глыбінях Рычы. Дарэчы, пасля навучання пад кіраўніцтвам нашых партнёраў з узгаданага клуба інструктараў кожны зможа затым палюбавацца падводным светам у морах і акіянах.
На нашай базе абсталявана 5 турыстычных стаянак, дзе можна камфортна паставіць палаткі, прыгатаваць ежу, паабедаць і павячэраць пад навесамі. Распрацаваны і экалагічны маршрут. Прапануем таксама пракат веласіпедаў. Жадаючыя могуць наведацца да мемарыяльнага абеліска, які ўстаноўлены на месцы гібелі Героя Савецкага Саюза Аляксея Жданава.
На тэрыторыі заказніка ёсць 2 помнікі прыроды рэспубліканскага значэння: «Анісімавічскі вялікі камень» і валун «Чортавы камень Рычаўскі». Першы знаходзіцца непадалёк ад вёскі Анісімавічы, другі — на востраве Калінец. Непадалёку ад стаянак выцякае крынічка — помнік прыроды мясцовага значэння. Жадаючыя могуць наведаць і стараверскую вёску Мікалаюнцы з асаблівым укладам жыцця яе жыхароў.
Ведаю, асобных аматараў актыўнага адпачынку пужае тое, што наша ўстанова размешчана ў пагранічнай зоне, а само возерау пагранічнай паласе, таму яны не жадаюць мець лішніх клопатаў. Не трэба за гэта перажываць. Адміністрацыя ДП «Браслаў–Рычы» мае цесныя кантакты з пагранічнай службай, і ўсе пытанні праезду і адпачынку мы вырашаем аператыўна. Патэлефануйце Аляксандру Молакаву па нумары +375336794076 ці аўтару гэтага артыкула +375298720807, і вашы праблемы мы вырашым.

Яўген Лабуць, дырэктар ДПУ «Браслаў — Рычы».Адпачынак2