Ні дня прастою, або Нялёгкая вахта Уладзіміра Багдановіча

Главное

Ні дня прастоюКалі заходнееўрапейскія фермеры ўжо даўно навучыліся кансерваваць сакавітыя кармы не ў сянажных траншэях, а ў рулонах, упакаваных у стрэйч-плёнку (палімерную), то нашы гаспадаркі толькі асвойваюць такую тэхналогію. Памятаю, як гадоў сем таму назад на тэрыторыі комплексу па адкорме БРЖ ААТ «Агравідзы» ўбачыў састаўленыя ў рад рулоны сенажу, абматаныя плёнкай. Тады дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха паказаў мне набыты гаспадаркай навясны трактарны агрэгат, які і служыў абмотчыкам.
Першую прыгатаваную партыю кансерваванага корму спецыяльна прытрымалі да вясны, каб пераканацца, што такая тэхналогія вартая пераймання. І, як паказала кантрольная група жывёлы, якую кармілі «кансервамі», — сянаж захаваў больш спажыўных якасцей, чым закладзены ў траншэі.
Аднак такі спосаб нарыхтоўкі кармоў меў і адмоўны бок, бо патрабавалася задзейнічаць шмат тэхнікі. Некалькі гадоў таму назад у Беларусі з камплектуючых нямецкай фірмы «KLAAS» пачалі збіраць прычапныя прэс-падборшчыкі з упакоўкай рулонаў у плёнку. Такія набылі «Маяк Браслаўскі», «Друйскі» і аграсэрвіс.
Каб больш эфектыўна выкарыстаць агрэгат, прыгатаваць пабольш кансерваванага корму, кіраўнікі аграсэрвіса і ААТ «Агравідзы» дамовіліся паміж сабой, што прэс-падборшчык будзе працаваць на сенажацях па чарзе. Упраўляцца ж з даволі складанай тэхнікай у сэрвісе даручылі Уладзіміру Багдановічу. Дырэктар арганізацыі Леанід Крукаў патлумачыў свой выбар так: «Уладзімір — спрактыкаваны механізатар, любіць і шануе тэхніку, не лянуецца працаваць».
А тое, што У. Багдановіч умее працаваць, ён пацвердзіў на сенажацях «Агравідзаў». За няпоўны тыдзень паспеў зарулоніць 597 тон сенажу. Больш за 200 рулонаў выгружаў яго агрэгат кожны дзень.
Цяпер механізатар пераехаў у родную гаспадарку, дзе працуе яшчэ лепш. У планах жа кіраўніка сельгаспрадпрыемства аказаць дапамогу яшчэ і «Браслаўскаму». Таму сенакосная пара для Уладзіміра Багдановіча будзе надзвычай напружанай.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.