Забег на абцасіках

Главное

ЗабегУ рамках фестывалю “Браслаўскія зарніцы-2015” райкам БРСМ арганізаваў конкурс-забег “Ад лапцяў – да абцасікаў”. Ён выклікаў цікавасць у людзей і сабраў вялікую колькасць балельшчыкаў і гледачоў. Тым больш, што ў Браславе падобны конкурс арганізоўваўся ўпершыню.
Паўдзельнічаць у ім вырашылі 10 браслаўчанак-прыгажунь, якіх не спалохалі ўмовы забегу. А яны былі строгія: вышыня абцаса павінна была быць не менш за 7 сантыметраў, а шырыня — не больш 3,5 см. Прабегчы трэба было ўсяго 50 метраў. Здаецца, няшмат. Але толькі ўявіце сабе асфальт, каблук і бег! Пагадзіцеся, рэчы не вельмі сумяшчальныя. Таму дзяўчаты настройваліся не толькі маральна: некаторыя мацавалі абутак да нагі скотчам.
Арганізатары падзялілі ўдзельніц на тры групы, праверылі вышыню і шырыню абцаса, прызначылі парадкавы нумар – і далі старт спаборніцтвам! Гледачы актыўна падтрымлівалі дзяўчат апладысментамі. На шчасце, абышлося без падзенняў і траўм.
Лепш за ўсіх дыстанцыю пераадолела Алена Шпак, якая і стала пераможніцай забегу. Другое і трэцяе месцы занялі Надзея Плясун і Дар’я Бабінская. Акрамя гэтага, былі вызначаны ўладальніцы дыпломаў у намінацыях “Міс Шарм” – Ірына Максімовіч, “Шалёны абцасік” – Вольга Шаркель, “Самы высокі абцасік” – Вольга Пецюкевіч, “Самыя прыгожыя ногі” – Валянціна Арсоба, “Залаты туфлік” – Марына Жалняровіч, “Міс Гламур” – Крысціна Плошчанка. Дыплом “За волю да перамогі” атрымала Марыя Дзянісава.
Па водгуках удзельніц і гледачоў, конкурс спадабаўся. Хочацца спадзявацца, што арганізатары забегу яшчэ не адзін раз парадуюць браслаўчан нестандартнымі спаборніцтвамі.

Алена Набеева
Фота аўтара.
P. S. Пакуль падводзіліся вынікі гэтых незвычайных спаборніцтваў, запрасілі паўдзельнічаць у бегу і мужчын. Праўда, не на абцасах, а басанож. А шкада, магчыма, яны б тады лепш разумелі прыгожую палову чалавецтва.