Падарункі ад “Сафіі”

Главное

ПадарункіНа мінулым тыдні аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Барунах наведалі прадстаўнікі міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія” са Злучаных Штатаў Амерыкі — валанцёры Гэры і Кэйлін Джон, а таксама выканаўчы дырэктар МДГА “Сафія” ў Беларусі Сяргей Зубовіч. Мэтай візіту стала завяршэнне саюзнага праекта, які быў рэалізаваны сумесна з аб’яднаннем і тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна.
На спонсарскія сродкі МДГА “Сафія” для сацыяльнай установы набыты кухонныя мойкі, стэлажы для прадуктаў і посуду, электравыцяжка, апрацоўчыя сталы, мясарубкі і патэльні, новая мэбля для сталовай — усяго на суму 53,6 млн рублёў.
Гасцей з Новага свету цікавіла, ці прыйшліся даспадобы іх падарункі, і былі вельмі задаволены, пачуўшы станоўчы адказ дырэктара аддзялення Уладзіміра Мажылоўскага. На памяць і ў знак сяброўства Сяргей Зубовіч наклеіў маленькую эмблему сваёй арганізацыі на новае абсталяванне.
Кэры і Кэйлін пазнаёміліся з умовамі пражывання інвалідаў і адзінокіх састарэлых, распыталі бабуль і дзядуляў пра іх здароўе, для кожнага знайшлі цёплыя словы пажадання ўсяго найлепшага.
Затым валанцёры згадзіліся адказаць на пытанні карэспандэнта райгазеты.
— Кэры, калі ласка, акрэсліце напрамкі дзейнасці аб’яднання “Сафія”, якое вы прадстаўляеце.
— Гуманітарная праграма МДГА “Сафія” спансіруецца гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён і існуе на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў, якіх налічваецца каля 15 мільёнаў па ўсім свеце. Галоўны офіс аб’яднання знаходзіцца ў горадзе Солт-Лэйк-Сіці штата Юта Злучаных Штатаў Амерыкі. Людзі ахвяруюць невялікія сумы. Грошы назапашваюцца і выкарыстоўваюцца на разнастайныя гуманітарныя праекты амаль у 150 краінах. Праекты курыруюць валанцёры. Звычайна гэта сямейныя пары, такія ж, як і наша. Яны жывуць за ўласныя сродкі на тэрыторыі той ці іншай краіны і згодна з дэвізам аб’яднання “дапамагаюць людзям, каб у далейшым яны змаглі дапамагчы сабе самі”.
Гуманітарная дзейнасць уключае лакальныя праекты, такія, як гэты, і буйныя — выдзяленне інвалідных калясак людзям з абмежаванымі магчымасцямі, дастаўка адзення, абутку ў раёны бедстваў, праграма чыстай вады, дапамога ў лячэнні зроку і слыху, рэанімацыя нованароджаных, у якіх ёсць праблемы з дыханнем у першыя хвіліны жыцця. Дарэчы, першы праект па рэанімацыі нованароджаных у Беларусі летась быў рэалізаваны на Віцебшчыне.
Трэба адзначыць, што “Сафія” не з’яўляецца пастаянным спонсарам той ці іншай установы і не займаецца спонсарскай дзейнасцю. Наша мэта -— рэалізацыя гуманітарных праектаў, накіраваных на дапамогу як мага большай колькасці людзей ва ўсім свеце.
— Што паспела зрабіць “Сафія” за апошні тэрмін для жыхароў Віцебшчыны?
— Сёлета, акрамя вашай установы, за сродкі аб’яднання ў такім жа аддзяленні, толькі Гарадоцкага раёна, былі заменены ўсе 28 ложкаў на новыя драўляныя з матрацамі. У Бешанковіцкі дастаўлены 6 новых шматфукцыянальных і столькі ж драўляных ложкаў з матрацамі, 6 тумбачак, 2 душавыя кабінкі з паддонамі. Сялюцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў атрымаў 2 сушыльныя і адну прамысловую пральную машыны, 5 вытворчых сталоў для кухні, абсталяванне для фізічнай рэабілітацыі. Агульны кошт гэтых чатырох праектаў склаў 291 092 тыс. беларускія рублі.
У мінулым годзе сумесна з Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцай, Вараноўскім домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў, Віцебскім сацыяльна-педагагічным цэнтрам завершаны тры праекты на суму 297 125 тыс. беларускіх рублёў. У Віцебскі абласны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў дастаўлены кантэйнер з рэчавай дапамогай і абуткам коштам 116 4340 $ ЗША. Акрамя гэтага, абласны камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры ўдзеле МДГА “Сафія” атрымаў кантэйнер з 300 інваліднымі каляскамі з запаснымі часткамі коштам на суму 29520,95 $ ЗША.
— Кэйлін, як ваша сям’я пачала сваю валанцёрскую дзейнасць?
— Мы жывём у штаце Айдаха, дзе вырошчваецца шмат бульбы і кукурузы, таму ён вельмі нагадвае вашу краіну, толькі больш гор і менш зеляніны.
У нас вялікая сям’я — 7 дзяцей і 38 унукаў. Гэры працаваў менеджарам у судова-медыцынскай лабараторыі, а я шчыравала поварам у школе. Як сапраўдныя хрысціяне, мы хочам дапамагаць людзям. І калі выйшлі на пенсію, прапанавалі Царкве Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён накіраваць нас з дабрачыннай місіяй у любую частку свету.
У асноўным гуманітарная дзейнасць нашай арганізацыі вядзецца праз сямейныя пары. Кожная жыве ў адпаведнай краіне 1,5 года за ўласныя сродкі. На змену ім з Амерыкі прыязджае другая сямейная пара і працягвае пачатую работу.
Так здарылася, што ў Беларусі мы ўжо другі раз. Гэта прыгожая краіна, дзе жывуць шчырыя, гасцінныя людзі. Галоўнае, мы тут адчуваем сябе патрэбнымі. Бог блаславіў нас на добрыя справы, і мы робім іх да шчырага сэрца.
На развітанне дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна Вікторыя Атрашкевіч і дырэктар аддзялення Уладзімір Мажылоўскі шчыра падзякавалі за аказаную дапамогу і выказалі спадзяванні на далейшае супрацоўніцтва.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.