На Алімпе заззялі новыя зорачкі

Главное

Маладыя талентыДзіцячы талент, як дыямент, прыгожы толькі тады, калі да яго ўмела падабрана пэўнае абрамленне. А гэта мэтанакіраваная, натхнёная і творчая праца, вера ў поспех і добры вынік. Можна сказаць, што педагогі нашага раёна займаюцца “ювелірнай” справай і з кожным годам раскрываюць усё больш новых талентаў, запальваюць новыя зорачкі, якія пазней прыносяць славу не толькі настаўнікам, але і Браслаўшчыне. Выдатна, што ў такіх юных зорачак ёсць сваё свята. Кожны год яны збіраюцца разам у адзінае “Сузор’е талентаў Браслаўшчыны”.
Вось і на мінулым тыдні, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, больш за 50 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак сталі віноўнікамі ўрачыстасці, якая ладзілася ў іх гонар. Пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў — сапраўдны парад зорак рознай велічыні прайшоў у Раённым цэнтры культуры.
Такое мерапрыемства наведалі госці, сярод іх і намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна падзякавала пераможцам за іх дасягненні і зазначыла, што падтрымка таленавітай моладзі, пошук новых імён і талентаў з’яўляюцца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці раёна. Высокія вынікі ў вучобе, спорце і мастацтве сведчаць, што сістэма адукацыі ў раёне зладжаная і накіравана на тое, каб дзеці дабіваліся вынікаў, станавіліся лідарамі. Асобныя словы ўдзячнасці І. Лысенка выказала ў адрас настаўнікаў, якія вялі дзяцей да перамогі, дапамаглі дасягнуць значных вышынь, і бацькоў, што заўсёды падтрымліваюць сваіх малых.
На ўласныя вочы паглядзець на юных зорачак з Алімпа спусціліся Зеўс, багіня мудрасці і ведаў Метыда, апякунка алімпійцаў Гера і багіня мастацтва Муза. З даўніх часоў трапіць на запаветную вяршыню маглі толькі самыя дастойныя — у гэты дзень Алімп славы пакарыўся і віноўнікам урачыстасці. У суправаджэнні трох багінь дзеці па чарзе падымаліся на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды. А ў зале тым часам, як і заўсёды, за іх хваляваліся педагогі і бацькі.
Кожны год вучні раёна прымаюць удзел у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, па выніках якіх сярод сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці Браслашчына знаходзіцца ў пяцёрцы лідараў. Годна праяўляюць сябе школьнікі і на навукова-практычных канферэнцыях. Адзінаццаць лепшых з іх у намінацыі “Да вяршынь Алімпа” падняліся ў гэты дзень на сцэну. Асабліва можа ганарыцца сваім вучнем Дрысвяцкая школа. Валянцін Любінскі заняў 3 месца ў рэспубліканскай алімпіядзе па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. А гэта сведчыць, што дзеці з сельскіх школ маюць роўныя магчымасці з гарадскімі вучнямі для навуковай дзейнасці.
Сёлета адбылося больш за 130 раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў і акцый, у якіх прынялі ўдзел 2 600 вучняў школ раёна. Тых, хто дасягнуў найбольшых поспехаў, услаўлялі ў намінацыі “Натхненне творчасцю”. Яна, дарэчы, стала самай шматлікай, бо на сцэну падняліся больш за 30 школьнікаў.
Для тых, хто любіць спорт, была вызначана намінацыя “Хутчэй, вышэй, мацней”. У гэтым годзе найбольш значнымі сталі вынікі ўдзелу каманды раёна ў абласных спаборніцтвах па лыжным спорце і стральбе з пнеўматычнай зброі “Снежны снайпер”, лёгкай атлетыцы, шахматах.
Кожны з намінантаў атрымаў у гэты дзень хвіліну славы, а таксама пакінуў на сімвалічным дрэве талентаў лісткі са сваімі прозвішчамі. Напрыканцы ўрачыстасці для пераможцаў і гасцей прыемным падарункам стаў канцэрт, у якім удзел прынялі і самі намінанты.
У гэты дзень узнагароды знайшлі сваіх герояў, прагучалі імёны дзяцей, якія прынеслі славу Браслаўшчыне, адзначаны ўклад педагогаў і бацькоў. Пасля летняга адпачынку іх чакаюць новыя алімпіяды, конкурсы, спаборніцтвы, а значыць, і новыя перамогі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.