Кожны знайшоў занятак па душы

Главное

Занятак па душыУ фестывальныя дні жыццё кіпела не толькі на сцэнічных пляцоўках. Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб удзельнікі, госці і гледачы “Браслаўскіх зарніц” маглі не толькі знайсці занятак па душы ў перапынках паміж выступленнямі, але і бліжэй пазнаёміцца з браслаўскім краем. Так, напрыклад, афішы запрашалі даведацца пра местачковы побыт першай паловы ХХ стагоддзя ў музеі традыцыйнай культуры, у гісторыка-краязнаўчым музеі дзейнічала выстава, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. А на пляцоўцы каля касцёла Нараджэння Маці Божай працавала выстава жывапісу браслаўскага мастака Яна Рыдзікі “Легенды Браслава”.
Выстаўкі, дэгустацыі, атракцыёны былі вакол кожнай сцэны, дзе адбываліся святочныя дзеянні. Але сапраўдны гарадок з гандлёвымі радамі, гульнявымі перакрыжаваннямі і рамесніцкімі дварамі вырас у Леснічоўцы ў нядзелю. Нехта прадаваў свае вырабы, хтосьці з задавальненнем іх купляў, а іншыя проста гулялі і атрымлівалі асалоду ад падзей наўкол.
Так, з першых крокаў цікавасць выклікалі выставы дзяржаўна-прафесійных ліцэяў з Лепеля і Глыбокага, Відзаўскага прафесіянальнага-тэхнічнага каледжа і Дывінішскай школы тэхналогіі і прадпрымальніцтва (Літва). Яны не толькі на стэндах дэманстравалі свае адукацыйныя магчымасці, але і справай падцвярджалі гэта. Напрыклад, прадстаўнікі Літвы на месцы рабілі прычоскі, а відзаўчане прапаноўвалі юшку.
Шмат месца занялі ў Леснічоўцы забаўляльныя атракцыёны. Батуты, арэлі, электрамабілі, цір, бяспройгрышныя латарэі – усім хапіла наведвальнікаў. Многія бацькі не адну гадзіну не маглі “выцягнуць” з надзіманых горак сваіх малых. Бясспрэчна, увагу дарослых і дзяцей таксама прыцягвалі да сябе маляўніча ўпрыгожаныя коні і поні. Яны каталі жадаючых як вярхом на сабе, так і ў павозцы.
Тых, хто стаміўся шпацыраваць ці пляскаць у далоні падчас канцэрту, чакалі гандлёвыя рады. На іх можна было набыць разнастайную прадукцыю. Так, выстаўкі-дэгустацыі сваіх
вырабаў прапаноўвалі прадпрыемствы і арганізацыі Браслава. Усе яны з густам аформілі свае фірменныя павільёны і ветліва сустракалі людзей. Напэўна мала хто не паспрабаваў і не ацаніў смак сыроў Браслаўскага філіяла Глыбоцкага МКК, якія потым можна было тут жа і набыць. Па традыцыі сваю “цуда-печ” устанавіў Браслаўскі хлебазавод. Здоба з яе разляталася імгненна, а ў фірменнай палатцы побач заўжды былі пакупнікі. Не пуставалі і павільёны Браслаўскага райпа і інш.
Дарэчы, шмат людзей бавіла час у імправізаваных кафэ. Часам немагчыма было знайсці свабоднага месца, бо жадаючых пасядзець за столікам і паласавацца набытай прадукцыяй на свежым паветры было шмат.
У гандлёвых радах таксама можна было зрабіць пакупкі кшталту біжутэрыі, цацак, шкатулак, капелюшоў, аддзення і інш. Сапраўдную самаробную прадукцыю можна было знайсці ў майстроў браслаўскага клуба “Ля возера”. Іх вырабы, у якія было ўкладзена шмат старання, майстэрства і цяпла чалавечай душы, прыцягвалі не адзін позірк і, думаю, занялі пачэснае месца ў дамах удзельнікаў і гасцей фестывалю.
Напрыканцы хочацца зазначыць, што людзі наўкол гулялі сям’ямі, былі ў добрым настроі, віталі адзін аднаго, гутарылі, дзяліліся ўражаннямі ад свята. Адным словам, браслаўчанам і гасцям былі створаны ўмовы для адпачынку, якія яны з задавальненнем выкарыстоўвалі.

Алена Набеева.
Фота аўтара.