І ліецца хваляй песня…

Новости

І ліецца песняКожны год на некалькі дзён Браслаў становіцца цэнтрам творчасці, добрага настрою і вяселля. Вуліцы і скверы нашага горада імгненна напаўняюцца цудоўнай музыкай, звонкімі галасамі, а таксама гасцямі з розных куткоў краіны і нават замежжа. Наступае самае значнае для браслаўчан свята — “Браслаўскія зарніцы”. Фестываль жа з кожным годам не перастае здзіўляць свайго вернага гледача і становіцца ўсё больш цікавым і насычаным рознымі падзеямі. Па праву вось ужо чацвёрты год упрыгожвае “Браслаўскія зарніцы” абласны агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”.
Браслаўчане і госці горада, якія зазірнулі ў мінулую суботу на пляцоўку перад касцёлам, мяркую, не пашкадавалі. Іх чакала добрая музыка і чароўны свет танцаў, а таксама шмат сюрпрызаў і ўражанняў. А папрэднічала гэтаму ўрачыстая цырымонія адкрыцця 48-ых “Браслаўскіх зарніц”.
Гледачы гучнымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікаў асамблеі, якія з “карабля” спускаліся на свята музыкі і творчасці, на гасцінную браслаўскую зямлю. Тут жа іх віталі знакамітыя заснавальнікі горада Брас і Дрыва. Але ж і госці прыйшлі да іх не з пустымі рукамі, а прывезлі адметныя для сваіх рэгіёнаў падарункі.
Павітаць гасцей і ўдзельнікаў харавой асамблеі прыехала і шмат ганаровых гасцей. У знак ветлівасці браслаўскага краю намесніку міністра культуры Васілю Чэрніку, намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларысе Аленскай, старшыні райвыканкама Уладзіміру Дранеўскаму, а таксама прадстаўнікам дэлегацый з розных краін урычылі караваі. А права падняць сцяг раёна ў гэтым годзе былі ўдастоены “Чалавек года Віцебшчыны 2015” Дзмітрый Ціваловіч і “Чалавек года Браслаўшчыны 2014” Святлана Дземіткевіч.
— Амаль паўвека горад з багатай культурай ладзіць непаўторнае свята з удзелам беларускіх і замежных калектываў, — гаворыцца ў віншаванні міністра культуры Барыса Святлова, якое агучыў яго намеснік Васіль Чэрнік. — “Браслаўскія Зарніцы” — прыгажэйшая з’ява ў фестывальным жыцці не толькі вобласці, але і краіны. Выдатнай жа адметнасцю свята сапраўды стала харавая асамблея, якая сёлета сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў, — 800 чалавек. Жадаю сёння ўсім адчуць радасць сустрэчы з творчасцю, атрымаць гарачыя апладысменты і прыемныя ўражанні.
Пажаданні і віншаванні ўдзельнікам адрасавала таксама Ларыса Аленская, а атрымаць асалоду ад сустрэчы з мастацтвам пажадаў Уладзімір Дранеўскі.
Першыя гукі музыкі і песні-гімны роднаму краю і яго прыгажосці “Ёсць браслаўскі край запаветны” і “Край Прыдзвінскі” ў выкананні зводнага хору вобласці апавясцілі наваколле пра тое, што пачынаецца харавая асамблея.
Калі першы конкурс вакальна-харавых калектываў прыняў 12 творчых калектываў, потым іх колькасць узрасла да 15, то сёлета быў сапраўдны рэкорд — 21 удзельнік. Лепшыя галасы Полацка і Наваполацка, Шумілінскага, Віцебскага, Аршанскага, Расонскага, Лепельскага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Пастаўскага, Гарадоцкага, Чашніцкага, Дубровенскага, Докшыцкага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага раёнаў больш за дзве гадзіны дарылі гледачам народныя песні. Сярод іх былі і тыя калектывы, што не першы год прыязджаюць на харавую асамблею і мараць заваяваць галоўны прыз, і дэбютанты, якія выдатна сябе паказалі. Абараніць гонар нашага раёна і выдатна паказаць свае таленты змог народны хор ветэранаў Браслаўскага РЦК і народны ансамбль песні “На панадворку”. Увогуле ж кожны калектыў па-свойму, непаўторна і прыгожа выканаў розныя па жанры і характару музычныя творы. Гледачы з захапленнем слухалі, а часам і самі падпявалі ўдзельнікам. Песня разлівалася хваляй па наваколлі, а потым на крылах чаек узмывала высока ў неба і рэхам разносілася па горадзе.
Добрае надвор’е яшчэ больш падымала святочны настрой. Пакуль дарослыя слухалі выступленні і атрымлівалі асалоду ад песень, дзеці з задавальненнм скакалі на батутах, каталіся на поні ці бавілі час у надзіманым парку. А потым разам з бацькамі накіроўваліся да палатак райпа, дзе магчыма было пачаставацца марожаным ці іншымі прысмакамі.
Нарэшце адгучаў апошні акорд і журы аб’яўляе вынікі конкурсу. Пакрыўджаных не засталося, бо кожны калектыў атрымаў дыплом удзельніка і падарункі, а таксама павёз дадому шмат прыемных уражанняў пра харавую асамблею. Але, як і прынята, пераможца толькі адзін. Сёлета абысці 20 калектываў і стаць самым лепшым атрымалася ў нашага народнага ансамбля песні “На панадворку”. Менавіта іх песня пакарыла і журы, і гледачоў.
Кожны ўдзельнік харавой асамблеі забраў з сабой у сэрцы часцінку нашага фестывалю, добры настрой і гасціннасць Браслаўшчыны. Хутка праляціць час і на наступную, пятую, юбілейную асамблею зноў збяруцца лепшыя калектывы вобласці са сваімі новымі песнямі і новымі сюрпрызамі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.