Адметныя вясковыя каларыты

Новости

Адметныя вясковыя каларыты«Браслаўскі фальварак», які арганізуецца ў рамках міжнароднага свята традыцыйнай культуры, стаў неад’емнай часткай «Браслаўскіх зарніц», як горад майстроў ці святочны гала-канцэрт. І хоць ён праводзіўся толькі ў трэці раз, тым не менш паспеў набыць шмат паклоннікаў.
Сёлета сумесныя падвор’і арганізоўвалі адразу па тры сельсаветы, і ад гэтага на мой погляд, «фальварак» толькі выйграў, бо ні выстаўленыя прадметы побыту, ні стравы не паўтараліся, і кожнае з трох падвор’яў мела сваю непаўторнасць.
Напрыклад, на першым, якое прэзентавалі Друеўскі, Цяцеркаўскі і Ахрэмавецкі сельсаветы, можна было пачаставацца раўгеняй, адведаць уклянскія завіванцы і расцягай з рыбай.
Слабодкаўскае, Мяжанскае і Плюскае падвор’е радавалі вочы адмыслова прыгатаванай рыбай — вяленай, смажанай, вэнджанай, фаршыраванай.
Відзаўскі, Далёкаўскі і Опсаўскі сельсаветы прапанавалі пакашатаваць шчупаковай ікры, рыбных пірагоў і клёцак. А што абавязкова было на кожным падвор’і — гэта юшка. Яно і не дзіўна, бо рыбная юшка — наша традыцыйная страва.
Падвор’і наведалі кіраўнікі афіцыйных дэлегацый усіх краін-удзельніц міжнароднага свята традыцыйнай культуры на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Дранеўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Пучынскай. На працягу ўсяго візіту ў фальварак дэлегацыю заўзятымі песнямі вітаў ансамбль «Вярба». І калі самадзейныя артысты заспявалі песню на польскай мове, да іх тут жа далучыліся нашы госці з Польшчы.
Словам, усе, хто арганізоўваў вальварак, пастараліся зрабіць сваё падвор’е адметным, самабытным і каларытным. Як сказаў мне кіраўнік ансамбля «Ранішнія зоркі» Коіду Ахк, ён ніколі і нідзе яшчэ не бачыў такой разнастайнасці беларускіх касцюмаў, не еў такіх смачных страў і нават запісаў некалькі рэцэптаў. А яшчэ яму спадабалася чысціня і ўтульнасць нашага азёрнага краю.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.