Слаўнай мужнасці — памяць вечная

Главное

SAM_4227 (Medium)Сёлета, у год Вялікай Перамогі, у бібліятэках раёна праходзяць разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы, ладзяцца сустрэчы з ветэранамі, шырока прапагандуюцца ваенныя творы.
Значную работу ў гэтым накірунку праводзяць і супрацоўнікі Відзаўскай пасялковай бібліятэкі. З пачатку года ў чытальнай зале разгорнута кніжная выстава “Вялікай мужнасці — вечны агонь.” Творча падышлі бібліятэкары Галіна Кандратовіч і Людміла Мачан да яе афармлення. Перыядычна выстава папаўняецца новымі цікавымі кнігамі і матэрыяламі, мясцовымі фактамі ваеннага часу. Выстаўленая літаратура  карыстаецца сярод наведвальнікаў павялічаным попытам. Але найбольш твораў ваеннай тэматыкі прачытаў выкладчык Відзаўскага каледжа М. Багачоў і стаў пераможцам акцыі “Чытаем кнігі пра вайну.”
У рамках тыдня кнігі і музыкі, паведаміла Г. Кандратовіч, сумесна з мясцовым Домам культуры праводзілася патрыятычная гадзіна “У кнігах і песнях памяць пра вайну.” Вядучыя мерапрыемства нагадалі гледачам, што памяць пра жахі і ахвяры вайны, бессмяротны подзвіг беларускага народа павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Яны таксама засяродзілі ўвагу на творчасці беларускіх пісьменнікаў, творы якіх прысвечаны вогненным гадам. Іх расказ суправаджаўся цікавай мультымедыйнай прэзентацыяй. Закранулі слухачоў і ваенныя песні ў выкананні салістаў ДК.
Разам з дзецьмі супрацоўнікі бібліятэкі наведалі былых малалетніх вязняў і работнікаў тылу, уручылі ім кветкі, слухалі іх сумныя ўспаміны.
Для навучэнцаў каледжа, адзначыла Галіна Кандратовіч, прайшла гісторыка-краязнаўчая гадзіна “Памяць і боль перажытага. Відзы ў гады Вялікай Айчыннай вайны” з мультымедыйнай прэзентацыяй. Паколькі большасць хлопцаў і дзяўчат не мясцовыя жыхары, яны з цікавасцю слухалі пра гісторыю Відзаўшчыны ў ваенны час.
Са старшакласнікамі мясцовай школы вялі размову на тэму Халакосту, падчас якой прыгадалі жудасную трагедыю відзаўскіх яўрэяў.
Няўмольна бяжыць час, усё далей ад нас падзеі той страшнай вайны. Адыходзяць з жыцця ветэраны і яе апошнія сведкі. Таму вельмі важна сабраць іх успаміны, каб захаваць для нашчадкаў. І супрацоўнікі Відзаўскай бібліятэкі карпатліва збіраюць звесткі пра ветэранаў пасёлка і малалетніх вязняў. Сустракаюцца з імі, размаўляюць з роднымі тых, каго ўжо няма ў жывых. Увесь матэрыял беражліва захоўваюць у тэматычных папках “Відзы ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “ Ветэраны Відзаўшчыны”.

Алена Пятушка.