Прафілактыка зніжае рызыку пажару

Главное

IMG_9939 (Medium)Закончыўся ацяпляльны сезон, аднак расслабляцца нельга. Трэба рыхтавацца да наступнага. Асабліва гэта датычыцца ўладальнікаў дамоў і кватэр з уласным ацяпленнем. Неабходна праверыць печ, кацёл, дымаходы, пажарныя апавяшчальнікі і інш.
Напрыканцы мінулага тыдня старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Браслаўскага РАНС Яўген Высоцкі разам са старшым участковым інспектарам РАУС Паўлам Лабуцем, інжынерам па ахове працы ААТ “Слабодка-агра” і старшынёй Слабодскаўскага сельсавета Станіславам Кяпснем накіраваліся ў рэйд па праверцы жылога сектара.
Падчас праверкі камісія наведала ведамасныя дамы сельгаспрадпрыемства і прыватныя домаўладанні. Асаблівую ўвагу надавала сем’ям з дзецьмі і адзінокім пажылым людзям. Я. Высоцкі пільна аглядаў печы і катлы, правяраў электраправодку, спраўнасць апавяшчальнікаў і г.д. Разам з тым нагадваў, што нельга сушыць адзенне на печы, попел трэба высыпаць у спецыяльна адведзенае месца не бліжэй за 15 метраў ад жылля, рэгулярна чысціць дымаходы. Рэкамендацыі па зніжэнні рызыкі ўзнікнення пажару былі не толькі агучаны, але і ўручаны ў пісьмовым выглядзе. Памяткі з імі атрымалі ўсе гаспадары наведаных дамоў.
Рэйд паказаў, што буйных парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі ў жыхароў Слабодкаўскага сельсавета не назіраецца. Самымі распаўсюджанымі былі недахопы, звязаныя з няспраўнасцю пажарнага апавяшчальніка ці адсутнасцю плафона на электрычнай лямпачцы. Гаспадарам дамоў з парушэннямі быў дадзены тэрмін для ліквідацыі выяўленых недахопаў і ўручаны прадпісанні з пералікам заўваг.
Алена Набеева.
Фота аўтара.