У чаканні гасцей

Главное

Браслаўшчына штогод прымае не адну тысячу турыстаў. Маляўнічы наш азёрны край вабіць на адпачынак шмат беларусаў, расіян, жыхароў замежжа. Той, хто хоць аднойчы пабыў на Браслаўшчыне, прыязджае сюды зноў і зноў.
Да летняга сезона рыхтуюцца загадзя гаспадары аграэкасядзіб, базы адпачынку, і, безумоўна, мясцовае спажывецкае таварыства. Якія паслугі сёлета прапануе турыстам райпа? Пра гэта гутарка карэспандэнта газеты Зінаіды Палулех са старшынёй праўлення райспажыўсаюза Яўгенам Перманіцкім.
— У абноўленым выглядзе будзе прымаць гасцей рэстаран “Азёрны”. Тут распрацаваны новыя рэцэпты розных страў, алкагольных і безалкагольных кактэйляў, ліманаду ўласнага прыгатавання. У спякоту ці дождж наведвальнікі тут адчуюць прыемны мікраклімат, прыязнасць і ветлівасць абслугоўваючага персаналу, пакаштуюць смачную ежу.
— Яўген Эдуардавіч, чым могуць здзівіць гасцей нашага горада ў кафэ “Канюшына”?
— Стаўку тут робім на хуткасць і якасць абслугоўвання. Імкнёмся дагадзіць кожнаму, нават самаму патрабавальнаму кліенту. Больш за 10 відаў прапануем піцы, значна пашырылі асартымент кулінарных і кандытарскіх вырабаў.
Пачало працаваць каля рэстарана і вулічнае кафэ “Адпачынак”. Для яго набылі грыль і прапануем наведвальнікам курыныя кумпячкі і крылы. Тут жа будуць гатавацца стравы з прадуктаў шокавай замарозкі, якія пастаўляюць нашы суседзі пастаўчане. Пры кафэ арганізаваны пракат дзіцячых электрамабіляў.
— А што прапануе райпа тым, хто аддае перавагу выключна адпачынку на пляжы?
— На гарадскіх пляжах будуць працаваць тры гандлёвыя кропкі – на турбазе, азёрах Бярэжжа і Дрывяты. На апошнім з дня на дзень адкрыецца міні-кафэ “Ветразь”, а побач пачне дзейнічаць дзіцячая пляцоўка, абсталяваная батутамі. Можна будзе пачаставацца марожаным, разнастайнымі напіткамі, а падсілкавацца тымі ж прадуктамі шокавай замарозкі хуткага прыгатавання.
— Наколькі запатрабаваныя гандлёвыя кропкі грамадскага харчавання ў час такіх свят, як “Браслаўскія зарніцы”, “Viva, Braslav” і інш.?
— Скажу, што і сярод браслаўчан, і сярод гасцей нашы гандлёвыя кропкі карыстаюцца папулярнасцю. Да нас пастаянна прыходзяць адпачыць і паесці калектывы мастацкай самадзейнасці, дэлегацыі. Нараканняў чуць не даводзілася. Усіх стараемся абслужыць ветліва і прапанаваць самыя лепшыя стравы ці выпечку.
Спадзяёмся, што і сёлета нашы наведвальнікі застануцца задаволенымі сэрвісам грамадскага харчавання і абслугоўваннем, а таксама прапануемым меню.
— Дзякую, Яўген Эдуардавіч, за размову.