Іх звязала музыка

Главное

IMG_8686 (Medium)Апошнім часам надвор’е не вельмі песціла браслаўчан, але адзін дзень падарыла цёплы і сонечны, як бы падзяляючы ўрачыстасць моманту. Менавіта ў гэты дзень сцены дзіцячай школы мастацтваў пакідалі сёлетнія выпускнікі. Здаецца, зусім нядаўна бацькі прывялі іх у першы клас — і вось гэта ўжо творчыя асобы, якія прайшлі нялёгкі шлях навучання, старанна працавалі, дабіваліся вынікаў, атрымалі вопыт выступленняў, набылі новых сяброў. Многія навучэнцы годна прадстаўлялі ДШМ на конкурсах у Беларусі і за яе межамі.
Заняткі ў дзіцячай школе мастацтваў — гэта далучэнне да незвычайнага і дзівоснага свету творчасці. Там пануе музыка, якая звязвае і навучэнцаў, і педагогаў у адно цэлае. І вось дзеці і іх выкладчыкі падрыхтавалі выпускны канцэрт. Ён стаў для 33 выпускнікоў ДШМ падвядзеннем вынікаў іх карпатлівай працы, своеасаблівым адлюстраваннем удзячнасці педагогам і бацькам. Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць шматматлікіх прысутных — у зале гімназіі, дзе праходзіла свята, не засталося свабодных месц.
На сцэне былі прадстаўлены нумары выпускнікоў усіх аддзяленняў ДШМ. Дзеці спявалі, ігралі на музычных інструментах, паказвалі харэаграфічныя пастаноўкі. На працягу канцэрта гучалі віншаванні, удзячнасці, наказы і цёплымі агеньчыкамі гарэлі свечкі Дзяцінства, Юнацтва, Сталасці, Любові да мастацтва, Веры і Надзеі як сімвалы сумеснай дзейнасці дарослых і дзяцей. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Новікава ўручыла ўзнагароды “зорачкам” школы — дыпламантам міжнародных, абласных і раённых конкурсаў. Атрымалі выпускнікі і падарунак ад педагогаў — песню “Музыка нас звязала”, назва якой надзвычай адпавядала настрою мерапрыемства.
І вось настаў самы хвалюючы момант, значнасць якога падкрэсліў дырэктар школы Альберт Бялусь. Адзін за адным выходзілі выпускнікі, каб пад апладысменты прысутных атрымаць доўгачаканыя пасведчанні аб дадатковай адукацыі па харавых, інструментальных, харэаграфічных спецыяльнасцях. А Людміла Хілько ад імя бацькоў душэўна і кранальна падзякавала ўсім настаўнікам за іх працу, за тое, што натхнялі вучняў да творчасці, далі магчымасць ганарыцца сваімі дзецьмі.
Урачыстая і святочная атмасфера мерапрыемства зрабіла яго незабыўным для ўдзельнікаў. Магчыма, нехта з выпускнікоў зробіць далейшы крок да прафесійнай дзейнасці, а хтосьці будзе проста радаваць сваёй творчасцю родных і блізкіх, але музыка застанецца з імі назаўсёды.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.IMG_8696 (Medium)