Браславу прысвячаецца

Новости

IMG_8804 (Medium)Юбілей — гэта заўсёды вынік пэўнага адрэзка жыцця. Сваё юбілейнае 950-годдзе сёлета адзначае і наш горад, які прайшоў доўгі і няпросты гістарычны шлях. Браславу ёсць чым ганарыцца, каго славіць, памятаць і шанаваць.
Шмат ладзіцца розных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай юбілейнай даце. Браслаўская дзіцячая бібліятэка таксама прымае самы актыўны ўдзел у іх, арганізуе свае. Так, нядаўна тут адкрылася выстаўка “Спыніся імгненне — гэта Браслаў”.
Багата на ёй матэрыялаў пра гісторыю заснавання горада, розныя гістарычныя перыяды яго жыцця, сучаснасць, імёны і лёсы людзей, якія будавалі, развівалі Браслаў. Асобна аформлена паліца пра гісторыю горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў, што праславілі сваімі подзвігамі Браслаўшчыну. Шмат цікавага можна даведацца і пра прыроднае багацце нашага краю і нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.
На выстаўцы багата буклетаў, якія супрацоўнікі ЦБС выпусцілі спецыяльна да юбілею горада: “У лабірынце вуліц і завулкаў”, “Сем цудаў Браслаўшчыны”, “Браслаўшчына і вайна”, “Яны набліжалі Перамогу”.
А ўпрыгожваюць выстаўку фотаздымкі Браслава гістарычнага і сучаснага, вершы-прызнанні ў любові да роднага горада ад мясцовых паэтаў.
Адным словам, паглядзець на выстаўцы сапраўды ёсць на што, а разам з тым даведацца нешта новае пра свой горад. Педагогі і школьнікі ўжо актыўна знаёмяцца з матэрыяламі выстаўкі. Летам у дзіцячую бібліятэку часта заглядваюць госці горада, ім таксама будзе цікава бліжэй пазнаёміцца з Браславам.
Увогуле ж юбілейныя мерапрыемствы ў дзіцячай бібліятэцы будуць ладзіцца ўсё лета, а гэта цудоўная нагода, каб звярнуцца да сваіх вытокаў, актывізаваць дзейнасць у накірунку вывучэння гісторыі роднага краю.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.