Праверылі веды, уменні і навыкі

Новости

IMG_9820 (Medium)Не разгубіцца ў надзвычайнай сітуацыі, прыйсці на дапамогу людзям і аказаць садзейнічанне адпаведным службам – асноўныя задачы добраахвотных санітарных дружын і звёнаў, якія створаны ў шэрагу ўстаноў і прадпрыемстваў Браслаўскага раёна.
Кожны год РАНС і раённае аб’яднанне Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа праводзяць спаборніцтвы паміж санфарміраваннямі. Падчас іх правяраецца камплектацыя санітарных сумак, узровень медыцынскіх ведаў і зладжанасць дружын у крытычных абставінах.
Сёлета свае фарміраванні выставілі 7 арганізацый – ДЭУ-34, ДРБУ-142, АТП-18, хлебазавод, райпа, Браслаўскі філіял Глыбоцкага МКК і СВК “Маяк Браслаўскі”. Ім неабходна было прайсці 5 этапаў. Так, на першым была праверка неабходнага рыштунку і здача нарматыву па надзяванні процівагаза. Падчас наступных іспытаў удзельнікі паказвалі свае навыкі і ўменні ў камбінаваным, хімічным і інфекцыйным ачагах паражэння. Напрыклад, ім трэба было аказаць першую дапамогу і правільна эвакуіраваць пацярпелых. Не абышлося і без праверкі тэорыі і адказаў на складаныя пытанні.
Як паказалі спаборніцтвы, усе санітарныя фарміраванні валодаюць неабходнымі ведамі і навыкамі. Аднак лепшы вынік атрымаўся ў дружыны з СВК “Маяк Браслаўскі”. Яна і будзе абараняць гонар раёна на абласным узроўні.

Алена Набеева.
Фота аўтара.