Юбілей ветэрана

Актуальное

IMG_2228 (Medium)Нядаўна ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і органаў унутраных спраў Васілю Александровічу споўнілася 90 гадоў. Здароўе Васіля Міхайлавіча не дазволіла яму завітаць на ўрачыстасць у аддзел унутраных спраў, таму павіншаваць юбіляра дома прыйшлі начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Міхаіл Парфяновіч і супрацоўнікі міліцыі. Да таго ж была і яшчэ адна цудоўная нагода — уручэнне медаля “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”
Гасцей ветліва сустрэлі сам Васіль Міхайлавіч і яго жонка Лідзія Аляксееўна, з якой, дарэчы, жыве ў ладзе і згодзе больш за 50 гадоў. Доўга гутарылі пра здароўе і справы, а потым звярнуліся да ўспамінаў. Да дробязей памятае ветэран ваенныя падзеі, якія пакінулі ў яго душы адбітак на ўсё жыццё.
На радзіме Васіля Александровіча, у Клічаўскім раёне, партызанскія брыгады з’явіліся ў першы год вайны. На фронт Васіля не бралі, бо не дазваляў узрост. Таму ў лютым 1942 года, як толькі хлопцу споўнілася 17 гадоў, ён стаў байцом аднаго з партызанскіх атрадаў брыгады Ізоха. Тады гэта было невялікае фарміраванне, якое налічвала каля 50 чалавек. Але з дня ў дзень яно пашырала свае рады, і ў 1944 годзе ў складзе атрада ўжо налічвалася больш за 280 байцоў.
Партызаны, успамінае Васіль Александровіч, знішчалі нямецкія апорныя пункты, камунікацыі, вялі рэйкавую вайну. Рэгулярна выходзілі на чыгунку, пускалі пад адхон варожыя цягнікі. Толькі на ўчастку Рагачоў-Магілёў такім чынам было знішчана 19 эшалонаў з праціўнікам. Памятае ветэран, як у Крупскім раёне байцы двух партызанскіх атрадаў на магістралі Мінск-Масква падарвалі мост, які для немцаў меў асаблівае стратэгічнае значэнне. Партызанскі атрад, у якім ваяваў Васіль Міхайлавіч, прымаў удзел і ў іншых аперацыях, у прыватнасці, у разгроме нямецкіх гарнізонаў у вёсках Выдрыца, Начы. Аднойчы на дарозе Магілёў-Бабруйск іх група з 10 чалавек знішчыла 25 нямецкіх лётчыкаў, што накіроўваліся ў Магілёў.
Да вясны 1942 года на тэрыторыі Клічаўскага раёна партызаны знішчылі большую частку нямецкіх апорных пунктаў. Адзін, добра ўмацаваны, быў у самім Клічаве. Але 20 сакавіка чатыры партызанскія атрады акружылі і яго. Каля 12 гадзін працягваўся той бой, у выніку нямецкі гарнізон быў знішчаны.
Змагаючыся за перамогу, у жніўні 1942 года Васіль Міхайлавіч быў кантужаны, а ў 1944 годзе загінуў яго бацька, партызан і камандзір узвода.
У чэрвені 1944 года партызаны злучыліся з часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі. Васіль Александровіч спачатку застаўся ахоўваць адноўленыя органы ўлады, а крыху пазней яго забралі ў войска і накіравалі на Далёкі Усход. З жніўня па верасень 1945 года ветэран удзельнічаў у вайне з Японіяй, пазней да 1950 года служыў на Сахаліне. Калі вярнуўся ў родны Клічаў, змяніў ваенныя пагоны на міліцэйскія. Спачатку працаваў ва упраўленні МДБ Бабруйскай вобласці, потым інспектарам пашпартна-рэгістрацыйнага аддзела ўпраўлення ўнутраных спраў у г. Маладзечна, а ў 1960 годзе па волі лёсу пераехаў на Браслаўшчыну, дзе да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў начальнікам пашпартнага стала. Дзе б ні служыў Васіль Міхайлавіч, ён заўсёды выконваў свае абавязкі добрасумленна. Таму не выпадкова, што мае шмат узнагарод і ваенных, і службовых. На грудзях ветэрана ззяюць 17 медалёў, але галоўнае, з яго слоў, тое, што паважаюць калегі, а людзі памятаюць пра яго ўклад у агульную Перамогу над ворагам.
На свой лёс ветэран не скардзіцца, хоць і апаліла яго вайна. Галоўнае, што зараз яго акружаюць родныя і сябры. А Васіль Міхайлавіч у свае 90 гадоў не страчвае пачуцця гумару, застаецца добрым суразмоўцам і заўсёды рады гасцям.
Увесь калектыў Браслаўскага РАУС, ветэраны віншуюць Васіля Міхайлавіча з юбілеем, а таксама з надыходзячай значнай падзеяй — 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і жадаюць яму шчасця, моцнага здароўя, міру і дабра. На вашым жыццёвым і прафесійным вопыце выхоўваюцца сённяшнія вартавыя правапарадку.

Часлаў Угарэнка,
намеснік начальніка Браслаўскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.