Віншаванні ад калег

Актуальное

IMG_7809 (Medium)Супрацоўнікі ДП “Браслаў-камунальнік” не пакідаюць без увагі сваю былую работніцу Марыю Куліненка з Відзаў. Ветлівая жанчына ўсё жыццё адпрацавала ў сістэме, як кажа сама, жылкамгаса — спачатку бухгалтарам, а пазней касірам у відзаўскай грамадскай лазні. Адтуль і выйшла на пенсію. Цяпер Марыя Васільеўна няспешна даглядае хатнюю гаспадарку і чакае ў госці даўно дарослых дзяцей.
Аднак лёс не заўсёды песціў жанчыну ўтульнасцю і дабрабытам. Ва ўзросце 16 гадоў яшчэ зусім маладую Марыю немцы вывезлі ў Германію. Там яна трапіла да гаспадароў, у якіх пасвіла кароў, насіла мяхі са збожжам, выконвала іншыя, часта вельмі цяжкія даручэнні. ”Гаспадары папаліся добрыя: не білі, — успамінае малалетні вязень. — Аднак побач з пашай, дзе я працавала, знаходзілася чыгунка. Па ёй часта праходзілі цягнікі з нашымі палоннымі. Я ведала, куды іх вязуць, і ў такія моманты проста лажылася на зямлю і плакала…”
Пасля некалькіх гадоў на чужыне М. Куліненка па-іншаму стала адносіцца да роднай зямлі. Абвостранае пачуццё Радзімы і цяпер моцна трымае яе ў Відзах, хоць дзеці і клічуць да сябе ў Санкт-Пецярбург.
Павіншаваць былую калегу з надыходзячым святам Перамогі на мінулым тыдні заехалі намеснік дырэктара ДП “Браслаў-камунальнік” па ідэалагічнай рабоце Валянціна Баравік, адказная за работу з моладдзю на прадпрыемстве Таццяна Сініца і начальнік участка “Відзы” Міхаіл Русалоўскі. Службовыя асобы ўручылі Марыі Васільеўне кветкі і падарункі, пацікавіліся ўмовамі жыцця і надзённымі праблемамі жанчыны, а таксама ўважліва выслухалі расказ пра яе нялёгкае, але плённае жыццё.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.