Свята спорту і здароўя

Власть и общество

IMG_2146 (Medium)Традыцыйна ў трэцюю суботу мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. З гэтай нагоды ўрачыстыя мерапрыемствы ў канцы мінулага тыдня прайшлі па ўсёй краіне. У Браславе таксама адбыліся святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты.
Спартыўнае свята распачалося на гарадскім стадыёне, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта комплексная спартыўная пляцоўка. Яна пабудавана за сродкі Еўрасаюза ў рамках міжнароднай праграмы “Паляпшэнне развіцця адукацыі, аховы здароўя і сацыяльных паслуг для мэтавых груп адзінай абшчыны трансгранічнага рэгіёну Латвіі, Літвы і Беларусі”. Новы спартыўны аб’ект адпавядае сучасным нормам: ён мае штучнае пакрыццё, спецыяльную агароджу і прадназначаны для заняткаў на свежым паветры самымі рознымі відамі спорту — ад міні-футбола да вялікага тэніса.
Традыцыйную ў такіх выпадках чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі, старшыня райсавета Ніна Пучынская і маладая браслаўчанка — прызёр абласных спаборніцтваў па скачках у вышыню 2013 года Паліна Юдзевіч. А права ўрачыста ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена прызёру абласных спаборніцтваў у бегу на 60 метраў 2013 года, пераможцу міждзяржаўнага турніру па лёгкай атлетыцы ў бегу на 300 метраў 2014 года Ільі Леснікаву.
Пазней Уладзімір Дранеўскі ў сваім выступленні павіншаваў прысутных са святам і адзначыў, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні надаецца вялікая ўвага развіццю фізкультуры і спорту. Не адстае ў гэтай сферы і Браслаўшчына. “І няхай увод у строй падобных спартыўных аб’ектаў стане выдатнай падставай для новых поспехаў і дасягненняў нашых землякоў,” — сказаў старшыня райвыканкама.
У якасці падарункаў Уладзімір Дранеўскі і Ніна Пучынская ўручылі прадстаўнікам РФСК “Дрывяціч” і Браслаўскай ДЮСШ спартыўны інвентар.
У рамках спартыўнага свята ў суботу таксама прайшлі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў, адкрыты турнір па валейболе і сямейная спартландыя “Мама, тата, я — спартыўная сям’я!”. У апошняй прымалі ўдзел 5 сямей з Браслава і раёна: Лявонавы, Мацукі, Дзямітка, Карашковы і Кужэль.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.