Свята ў Казянах…і Відзах

Актуальное

IMG_9581 (Medium)Сямідзесяцігоддзе Вялікай Перамогі ў мінулую суботу адзначалі не толькі жыхары райцэнтра, а і большасці буйных населеных пунктаў, цэнтральных сядзіб сельгаспрадпрыемстваў і сельсаветаў.
Напрыклад, у аграгарадку Казяны к 10 гадзінам раніцы да помніка загінулым воінам пачалі збірацца вяскоўцы, урачыстай калонай падышлі вучні і настаўнікі мясцовай школы, сюды ж падвезлі ветэранаў і былых вязняў.
Пасля таго, як па радыё прагучалі знакамітыя словы Юрыя Левітана пра перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі, слова было прадастаўлена старшыні Відзаўскага сельвыканкама Сяргею Алёшыну. Ён павіншаваў прысутных з вялікім святам, выказаў словы ўдзячнасці тым, хто ў гады вайны адстойваў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Прысутных таксама павіншаваў начальнік пагранічнага паста «Казяны» Ігар Дарашоў. З успамінамі пра ваеннае ліхалецце выступіў ветэран вайны Васіль Васюковіч і вязень фашысцкіх лагераў Соф’я Цыўнель.
Затым удзельнікі мітынгу ўсклалі да помніка вянкі і кветкі, ушанавалі памяць загінулых мінутай маўчання.
А завяршыліся ўрачыстасці вялікім святочным канцэртам.
***
Даволі шматлюдным быў і мітынг на цэнтральнай плошчы ў Відзах. Туды прыйшлі прадстаўнікі працоўных калектываў гарпасёлка, выкладчыкі, майстры і навучэнцы мясцовага каледжа, настаўнікі і вучні школы.
Звяртаючыся з віншаваннямі да землякоў, старшыня пасялковай адміністрацыі Сяргей Алёшын падкрэсліў:
«9 мая 1945 года. Усё далей і далей ад нас гэта дата. Але мы памятаем, якой цаной дасталася нашым дзядам гэта вялікая перамога. Напэўна, у кожным горадзе, у кожным пасёлку каля вечнага агню ў гэты дзень збіраюцца людзі, каб ускласці кветкі, успомніць нашых абаронцаў і герояў, мінуту памаўчаць і ў каторы раз сказаць ім дзякуй».
Са святам прысутных павіншавалі таксама прадстаўнікі працоўных калектываў, пагранпаста, свяшчэннаслужыцелі.
Па традыцыі да помніка загінулым воінам усклалі вянкі і кветкі. Памяць усіх, хто не дажыў да гэтага вялікага дня, ушанавалі мінутай маўчання. Пазней прысутныя накіраваліся ў Дом культуры на святочны канцэрт.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.