Поспехі юных талентаў

Актуальное

20150415_181330 (Medium)Завяршаецца навучальны год як у агульнаадукацыйнай школе, так і ў дзіцячай школе мастацтваў. Для некаторых юных талентаў ДШМ ён быў сапраўды насычаным і плённым, а ўзнагароды, з якімі яны вярталіся з конкурсаў, яшчэ раз даказваюць, што на Браслаўшчыне нямала творчых і адораных дзяцей.
Так, юныя баяністы нядаўна вярнуліся з ХІІІ міжнароднага конкурсу салістаў-баяністаў і акардэаністаў, які праходзіў у Даўгаўпілсе. У ім прымалі ўдзел не толькі выхаванцы музычных школ, а і сярэдніх спецыяльных і вышэйшых музычных устаноў, усяго каля 160 чалавек з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Балгарыі, Украіны. Шырока была прадстаўлена і Беларусь. Але нашы юныя браслаўчане Дзяніс Ясіновіч, Аляксей Сяргун, Сцяпан Александровіч сярод сваіх равеснікаў не спасавалі, а былі аднымі з лепшых. Дзяніс і Аляксей занялі трэцяе месца, Сцяпан – другое. Ігры на баяне хлопчыкі вучацца ў Ірыны Бялусь.
Дар’і Каламыцавай гэты навучальны год таксама надоўга запомніцца рознымі конкурсамі і новымі поспехамі. У сакавіку дзяўчынка прыняла ўдзел у конкурсе фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскаркі” ў Клецку, дзе стала дыпламанткай. З перамогай вярнулася дамоў з міжраённага конкурсу піяністаў, што праходзіў у Паставах. Ганаровую грамату за паспяховае выкананне Дар’я прывезла з Даўгаўпілса з міжнароднага конкурсу юных музыкантаў. Дарэчы, дзяўчынка была толькі адной прадстаўніцай Беларусі. Трэцяй стала сярод 30 удзельнікаў яе ўзросту і ў рэгіянальным конкурсе фартэпіяннай музыкі ў г. Ракаве Мінскай вобласці. Цяпер актыўна рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу “Львёнак”, які 22 мая пройдзе ў Лідзе.
Дар’я Каламыцава шосты год вучыцца музыцы ў настаўніцы па класе фартэпіяна Таццяны Фярко. З трэцяга класа яна актыўна стала ўдзельнічаць у конкурсах розных узроўняў, і з кожным годам усё больш раскрываюцца яе таленты. Дзяўчынку ва ўсіх пачынаннях падтрымліваюць яе бацькі, а па ўласным прызнанні Дар’і, яна збіраецца і свой далейшы лёс звязаць менавіта з музыкай. Як адзначала яе настаўніца, Д. Каламыцавай аднолькава таленавіта ўдаецца выконваць як класічную, так і сучасную музыку, любіць яна і імправізаваць. Сёлета ж у асноўным на конкурсах выконвае творы Іагана Себасцьяна Баха, бо прайшло 330 гадоў з дня яго нараджэння.
Хочацца пажадаць юным браслаўчанам далейшых поспехаў і ўмацавання сваіх талентаў на музычных алімпах.

Зінаіда Палулех.