Погляд праз аб’ектыў

Актуальное

Изображение (Medium)Шчоўкае затвор фотаапарата, і на плёнцы застаецца прыгожае і цікавае імгненне з жыцця. Але, каб улавіць гэты момант, трэба валодаць творчай натхнёнай натурай. Вось і аматары фатаграфіі бібліятэкар з Іказні Ірына Лясюк і яе дачка Вераніка, вучаніца гімназіі, здзіўляюць сваімі цудоўнымі работамі.
Таленавітыя маці і дачка вельмі блізкія па духу. Разам яны авалодалі майстэрствам бісерапляцення, вязання, вышыўкі, займаюцца папяровай пластыкай. Іх працы ўпрыгожваюць інтэр’ер Іказненскай бібліятэкі, надаюць асаблівую ўтульнасць памяшканню і выклікаюць вялікую зацікаўленасць у наведвальнікаў.
— Фатаграфіяй, — кажа Ірына, — захапілася, калі нарадзілася дачушка. Кожны яе крок старалася ўвасобіць на плёнцы. Потым пачала фатаграфаваць кветкі і пейзажы.
Паступова захапленне перарасло ў патрэбу душы. Ірына з задавальненнем ходзіць па ваколіцах вёскі, каб прыгожыя пейзажы адлюстраваць на фотаздымку. З цягам часу да хобі маці далучылася і Вераніка.
Безумоўна, яны па-рознаму бачаць навакольны свет і па-свойму ўвасабляюць яго ў  работах. Але абедзвюх мастачак яднае пяшчотная любоў да цудоўных краявідаў роднай зямлі.
І маці, і дачка ніколі не развітваюцца з фотаапаратам, каб не прапусціць нешта цікавае, непаўторнае. Іх здымкі ўражваюць і заварожваюць сваёй жыццёвай прыгажосцю.
У раённай бібліятэцы ў рамках праекта “Фантазія. Творчасць. Натхненне” прадстаўлена толькі невялікая колькасць работ Ірыны і Веранікі Лясюк, але і іх дастаткова, каб гледачоў закранула майстэрства іх аўтараў.

Алена Пятушка.