Іх намаганні варты перайманне

Актуальное

IMG_7845 (Medium)Прыгрэла сонейка, і клапатлівая маці-прырода пачала аздабляць зямлю першай зелянінай, ажывіліся дрэвы і кусты. Але зрабіць наваколле больш прыгожым без рук людскіх немагчыма.
Нямала ўжо зроблена ў нашым горадзе па добраўпарадкаванні. Усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы шчыруюць на сваіх падведамных уладаннях. Але для агульнай прывабнай карціны важна бачыць крыху далей і не закрываць вочы на неахайную суседскую тэрыторыю.
Два тыдні супрацоўнікі хлебазавода і малаказавода наводзілі парадак на недагледжанай тэрыторыі ўздоўж вул. Дзяржынскага.
Работа праведзена вялікая, — кажа дырэктар хлебазавода Валерый Пятушка. — Выдалілі кустоўе і выкарчавалі пні, выкапалі дрэнажныя каналы, зрабілі адхілы. Каб гэта балота крыху падняць, было завезена 20 МАЗаў гравію. Можна сказаць, правялі ландшафтную праекціроўку мясцовасці.
Безумоўна, — дадае дырэктар малаказавода Віталь Далжэнка, — толькі агульнымі намаганнямі КУП ЖГХ “Браслаў-камунальнік”, ААТ “Слабодка-агра”, аграсэрвіса, нацпарка, ІП Кірылава, Браслаўрайпаліва, ДРБУ-142, ДЭУ-34 і ПМК-42 удалося з непрывабнага куточка зрабіць упарадкаваную тэрыторыю. Засталося толькі дачакацца, калі зазелянее траўка.
Несумненна, разам, кажуць, і горы звярнуць можна. Паболей бы толькі такіх сумленных кіраўнікоў, у якіх і вытворчы працэс наладжаны і тэрыторыі заводаў заўсёды дагледжаныя, бо чысціня і парадак — асноўныя правілы хлебапёкаў і сыраробаў. Таму яны дружна ў канцы кожнага тыдня прыбіраюць свае ўладанні. І гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Вось бы яе перанялі не толькі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы раёна, а і ўсе жыхары Браслаўшчыны.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.