Галоўныя памочнікі ўрачоў

Актуальное

IMG_0083 (Medium)Нядаўна прадстаўніцы адной з самых гуманных і запатрабаваных прафесій прымалі віншаванні ў сваё свята — Міжнародны дзень медыцынскіх сясцёр. У нашым раёне яго адзначылі больш за 200 жанчын у белых халатах. Яны галоўныя памочнікі ўрачоў у прафілактыцы і лячэнні хвароб, адказваюць за псіхаэмацыянальны стан пацыентаў, аказваюць ім душэўную падтрымку. На прыёме ў паліклініцы ў кабінеце ўрача менавіта медсястра выпісвае рэцэпт і фіксуе ўсе рэкамендацыі, у прыёмным пакоі райбальніцы — уважліва апытвае, мерае ціск, даведваецца пра скаргі хворага і запаўняе медыцынскую картку, у аддзяленні — хутка і якасна ставіць кропельніцу, рабіць ін’екцыі, раздае таблеткі і ўважліва сочыць за выкананнем бальнічнага рэжыму.
Працэдуры — вельмі важная частка лячэння, а супрацоўніцы ЦРБ ўзмацняюць іх эфект добрым словам і пяшчотным дотыкам. Няма выпадковых работнікаў у аддзяленні “Хуткай медыцынскай дапамогі”. А фельчар ФАПа – увогуле асоба на вёсцы незаменная і паважаная.
Штогод у раённай установе аховы здароўя атрымліваюць узнагароды лепшыя па прафесіі. Сёлета таксама 10 медыцынскіх сясцёр з рук галоўнага ўрача ЦРБ атрымалі анаровыя граматы і падзячныя лісты. Словы падзякі за прафесіяналізм, адданасць прафесіі, чуласць і міласэрнасць прагучалі ў гэты дзень не раз.

Вольга Патаповіч.