Эканамічны патэнцыял прыватнага бізнесу

Власть и общество

IMG_8549 (Medium)У аўторак адбылося чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Было яно выязное, а адзінае пытанне, разгледжанае на ім, тычылася развіцця малога і сярэдняга бізнесу на Браслаўшчыне і яго ролі ў эканоміцы раёна.
Каб лепш азнаёміцца са станам спраў у гэтай сферы, дэпутаты райсавета наведалі шэраг аб’ектаў прыватнай формы ўласнасці, якія з’яўляюцца прыкладамі паспяховай прадпрымальніцкай дзейнасці. Першым пунктам на маршруце значылася аграэкасядзіба “На ўзлеску”. Яе гаспадыня Кацярына Шакель расказала пра асаблівасці бізнесу, адзначыла яго станоўчыя бакі, акрэсліла праблемы, а пазней правяла па сядзібе невялікую экскурсію. Пасля дэпутаты накіраваліся ў магазін “Кантынент” прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “СаЛен-сэрвіс”, дзе на свае вочы пабачылі, як арганізаваны гандаль. Завяршалася ж выязная праграма наведваннем прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства “Браслаў-гатэль”, якое нядаўна адчыніла свае дзверы для гасцей горада і браслаўчан. Дырэктар ПТУП Эдуард Ананіч прадэманстраваў членам прэзідыума і запрошаным турыстычныя магчымасці гасцініцы і аб’ектаў грамадскага харчавання прадпрыемства.
Непасрэдна на пасяджэнні дэпутаты заслухалі даклад намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Валянціны Высоцкай. Яна адзначыла, што прадпрымальніцтва займае ўстойлівае месца ў эканоміцы раёна, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, развіццю вытворчай сферы, сферы паслуг, стварэнню новых працоўных месц і, як вынік, істотна ўплывае на сітуацыю на рынку працы Браслаўшчыны.
Найбольшая колькасць суб’ектаў прадпрымальніцтва працуюць у гандлі: 43 арганізацыі і 170 індывідуальных прадпрымальнікаў. У будаўнічай галіне шчыруюць 16 прыватных прадпрыемстваў і 22 ІП. Вытворчую галіну прадстаўляюць 19 прадпрыемстваў, а сельскагаспадарчай дзейнасцю займаюцца 12 сялянска-фермерскіх гаспадарак. Цырульніцкія і касметычныя паслугі таксама аказваюць 12 ІП. Меншая колькасць суб’ектаў працуе ў галіне дрэваапрацоўкі, фатаграфіі, пракату, здачы жылля ўнаём, камп’ютарных паслуг і іншых.
Дзякуючы спрыяльным прыродным умовам адной з найбольш перспектыўных сфер дзейнасці для малога бізнесу на Браслаўшчыне з’яўляецца турызм. Адпаведныя паслугі ў нас аказваюць 3 прыватныя прадпрыемствы і 209 аграэкасядзіб. Чатырнаццаці суб’ектам аграэкатурызму ўжо прадастаўлена крэдытная падтрымка ААТ “Белаграпрамбанк”.
Прыватны бізнес нараўне з іншымі плацельшчыкамі ўносіць сваю фінансавую лепту ў фарміраванне райбюджэту. Летась, напрыклад, доля паступленняў у казну раёна ад прадпрымальніцкіх структур склала амаль 16%. За чатыры месяцы бягучага года ад прыватнікаў ужо паступіла 4 мільярды рублёў, ці прыкладна 11% ад агульных паступленняў. Між тым урадам рэспублікі пастаўлена задача па давядзенні гэтай лічбы да 30%.
Таксама на пасяджэнні выступілі начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Браслаўскім раёне Віктар Сырыца і начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка. Першы азнаёміў прысутных са станам спраў у сферы збору падаткаў у раёне, у тым ліку і з прадпрымальніцкіх структур, другі нагадаў пра абавязак гаспадароў аграэкасядзіб інфармаваць аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі пра іншаземных грамадзян, якія ўладкаваліся ў іх на адпачынак.
Члены прэзідыума аднагалосна падтрымалі пастанову, у якой замацаваны шэраг мер, накіраваных на далейшае развіццё малога прадпрымальніцтва ў раёне.
Падагульваючы пасяджэнне, Ніна Пучынская адзначыла, што сёння прыватны бізнес адыгрывае вялікую ролю ў эканоміцы раёна: ён прыносіць бюджэту даходы, стварае новыя працоўныя месцы, упрыгожвае Браслаўшчыну новымі аб’ектамі і ўвогуле робіць яе больш канкурэнтаздольнай. “А таму ўсе службы павінны ўважліва адносіцца да прадпрымальніцтва, садзейнічаць яму і падтрымліваць. У той жа час і да яго павінны быць патрабаванні,” — рэзюмавала старшыня райсавета.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.

Урэзка: Па стане на 1 мая на тэрыторыі раёна працуюць 474 суб’екты малога прадпрымальніцтва, у тым ліку 88 юрыдычных асоб і 386 індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватным сектары занята 865 чалавек. За 2014 год у кансалідаваны бюджэт ад прадпрымальніцкіх структур паступіла 15 мільярдаў рублёў, што складае 15,7% ад агульных паступленняў.