Дзеля памяці нашчадкаў

Власть и общество

IMG_1601 (Medium)Чарговую акцыю, прымеркаваную да 70-годдзя Вялікай Перамогі, арганізаваў 1 мая райкам БРСМ. Актывісты грамадскай арганізацыі — члены раённай маладзёжнай палаты, пагранічнікі, супрацоўнікі РАНС і штатныя работнікі раённага камітэта — а таксама аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама добраўпарадкоўвалі на турбазе “Браслаўскія азёры” тэрыторыю, што прылягае да кафэ “Хваля”. Справа ў тым, што хутка там плануецца адкрыць дзіцячае кафэ, і выдатнай нагодай для падтрымання сувязі пакаленняў і патрыятычнага выхавання моладзі стала разбіўка побач цэлай алеі бэзу, прысвечанай сёлетняй круглай даце. Дарэчы, само мерапрыемства такі і называлася: “Бэз Перамогі”.
У закладцы алеі прымалі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Іван Малашэнка і Павел Бульскі: яны пасадзілі першае дрэва і павязалі на ім сімвалічную стужку. Усяго ж у той дзень было высаджана 70 кустоў бэзу, кожны з якіх увасабляе адзін год, пражытым намі пад мірным небам. Акрамя таго, актывісты прыбралі навакольную тэрыторыю, разбілі некалькі клумб, высадзілі жывую агароджу з шыпшыны.
Цяпер кожны, хто будзе адпачываць у тых мясцінах ці проста апынецца побач, гледзячы на прыемную зеляніну, іншы раз узгадае подзвіг нашых дзедаў і прадзедаў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: Ветэраны закладваюць алею.