Браслаўскай пажарнай службе — 120 гадоў

Актуальное

IMG_7824 (Medium)Нядаўна, а дакладней 27 красавіка, Браслаўскі аддзел па надзвычайных сітуацыях адзначыў 120-годдзе свайго існавання.
Карані пажарнай аховы на Браслаўшчыне пачынаюцца ў XIX стагоддзе. Тады пажары былі сапраўднай стыхіяй для жыхароў вёсак і гарадскіх паселішчаў. Пабудовы былі ў асноўным драўляныя і размяшчаліся блізка адна ад адной. Часта вогненная стыхія знішчала большую частку населенага пункта.
Каб знізіць урон ад агню, тагачасныя браслаўская ўлада ініцыіравала стварэнне пажарнай каманды. І 27 красавіка 1895 года па запрашэнні мясцовага прыстава адбыўся сход браслаўчан, на якім было прынята адпаведнае рашэнне. У склад дружыны запісаліся 32 чалавекі, якія разбіліся на 3 групы: лазільшчыкі, пампавальшчыкі і ахоўнікі. У галаве пажарнай каманды стаяў добра вядомы Станіслаў Нарбут, а яе фінансаванне ўзяла на сябе яўрэйская абшчына.
120 гадоў таму назад Браслаўскі пажарны абоз налічваў дзве помпы, тры спецыяльныя бочкі, а таксама дробны інвентар (багры, тапары, вёдры і каскі). Летам 1896 года была ўзведзена пажарная вышка.
У пачатку XX стагоддзя на Браслаўшчыне пачала фарміравацца прафесіянальная пажарная дружына. Быў падрыхтаваны і зацверджаны яе статут. Ужо ў 1909 годзе фарміраванне налічвала 40 пажарных. Раён яго дзейнасці быў вызначаны ў акружнасці трох вёрст ад паселішча. Захаваліся дакументы, у якіх адзначаецца выдатная работа дружыны, ідэальнае ўтрыманне інвентару і сур’ёзны падыход браслаўскіх пажарных да сваёй службы.
Прыкладна ў той жа час былі арганізаваны пажарныя дружыны ў Бяльмонтах, Відзах, Дрысвятах.
У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя арганізаваная дзейнасць нашых пажарных аднавілася пасля перарыву, звязанага з Першай сусветнай вайной. У Браславе і больш-менш буйных мястэчках дзейнічалі пажарныя дружыны, у навучальных установах выкладалі пажарную справу.
Пазней пажарная служба прайшла шэраг рэарганізацый. Выратавальныя часці то існавалі за кошт сельгасарганізацый, то падначальваліся Міністэрству ўнутраных спраў. Толькі ў 1999 годзе пажарная служба была выведзена са складу МУС і стала асновай для стварэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Цяпер тэрыторыю Браслаўскага раёна ад вогненнай стыхіі абараняе раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. У яго склад уваходзіць адна аварыйна-выратавальная часць (Браслаў) і пяць пастоў (Відзы, Друя, Дрысвяты, Ахрэмаўцы і Плюсы). У падраздзяленнях нашага РАНС служаць 74 супрацоўнікі. На ўзбраенні стаяць 9 адзінак асноўнай тэхнікі і 6 рэзервовай. Ёсць усё неабходнае абсталяванне для ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею браслаўскага пажарнай службы, сабраліся супрацоўнікі аддзела і ветэраны пажарнай справы. Начальнік РАНС Сяргей Сачыўка правёў для прысутных гістарычны экскурс, павіншаваў калег са святам, пажадаў выратавальнікам і іх сем’ям здароўя, бадзёрасці і душэўнай маладосці. Ад імя ветэранаў справы выступіў Вячаслаў Вышаткевіч, які ўзначальваў атрад ваеназаванай пажарнай службы раёна з 1993 па 2000 гады а цяпер з’яўляецца старшынёй раённага грамадскага аб’яднання “Выратавальнік”. Пасля ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з выстаўкай тэматычных фотаздымкаў і сучаснай выратавальнай тэхнікай.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
Здымак: успамінамі дзеліцца Вячаслаў Вышаткевіч.