З аптымізмам глядзіць у будучыню

Главное

unnamedУ свае 90 гадоў Ефрасіння Ваяводава, жыхарка г.п. Відзы, поўная энергіі і з аптымізмам глядзіць на свет, хоць на жыццёвай дарозе сустрэла нямала бед.
Да вайны  дзяўчына жыла з бацькамі, дапамагала ім па гаспадарцы, марыла пра будучыню. Але ў 1942 годзе разам з іншай моладдзю Ефрасіння трапіла ў нямецкі канцлагер.
Шмат палонных з розных краін свету апынуліся за кратамі, і ва ўсіх былі адпаведныя нашыўкі, якія абазначалі іх нацыянальнасць. Беларусы на рукавы свайго адзення прышывалі два каласкі.
Амаль кожную раніцу ў канцлагер прыязджалі нямецкія гаспадары сядзіб, выбіралі сабе работнікаў на фермы і ў падсобныя гаспадаркі.
— Прычым беларусы, — з горкай усмешкай узгадвае Ефрасіння Агееўна, — вельмі цаніліся.
Аднойчы і ў Ефрасінні пажылы баўэр запытаў знакамі, ці ўмее яна даіць карову. Дзяўчына згодна кіўнула. Так яе лёс быў вырашаны. Ефрасіння Агееўна лічыць, што ёй тады вельмі пашанцавала, бо гаспадар быў не надта строгі і ставіўся да сваіх работнікаў памяркоўна.
Спачатку яна даглядала кароў, а праз некаторы час сціплай працавітай дзяўчыне даверылі яшчэ і прыбіраць дом. У першы ж дзень гаспадар зладзіў праверку на сумленнасць і пакінуў на століку гадзіннік, грошы і каштоўнасці. Зразумела, Ефрасіння нічога не ўзяла.
На ферме ў немца працавала шмат палонных. Многія з іх кралі вараную бульбу, прызначаную для жывёлы, і ноччу насілі ў канцлагер. Часам так рабіла і Ефрасіння. Але гаспадар злавіў яе і прыгразіў расстрэлам.
У 1945 годзе іх вызвалілі савецкія войскі. Наўкол была страшная стральба, разам з сям’ёй гаспадара работнікі схаваліся ў склепе. Калі дзверы сталі абстрэльваць, Ефрасіння па-руску закрычала: “Не страляйце, мы свае”. Палонныя ўгаварылі сваіх вызваліцеляў не чапаць і гаспадара, бо ўсё ж ён быў нядрэнным чалавекам.
Усіх вызваленых даставілі на пункт збору, адтуль цэлымі калонамі ў суправаджэнні салдат адпраўлялі на радзіму.
Начаваць даводзілася ў пакінутых дамах. Аднойчы ноччу на вялікі асабняк напалі немцы, і ўсіх, хто быў на першым паверсе, паспелі расстраляць. Да трэцяга, дзе спала Ефрасіння, яны не дабраліся, бо салдаты адбілі атаку. І дзяўчыне вельмі пашанцавала вярнуцца дадому жывой.
Прамінулі гады, выраслі дзеці і ўнукі. А балючыя ўспаміны пра палон не-не ды і разануць па сэрцы. Аднак не ў характары жыццелюбівай Ефрасінні Агееўны доўга сумаваць пра былое. Наперадзе ў яе 100-гадовы юбілей, які яна плануе абавязкова адсвяткаваць разам са сваімі роднымі і блізкімі.

Галіна Кандратовіч,
бібліятэкар Відзаўскай
гарпасялковай бібліятэкі.