Выпрабаванне лёсам

Люди

IMG_9499 (Medium)Кожны чалавек нараджаецца пад сваёй зоркай, якая вядзе і акрэслівае яго далейшы лёс. У адных жыццё бесклапотнае, у другіх — з выпрабаваннямі. Нялёгкая доля выпала і жыхарцы аграгарадка Опса Валянціне Аляксандраўне Кахановіч. Яе зорка не была шчаслівай, але жанчына здолела вытрымаць усе складанасці, якія выпалі на яе долю, і пры гэтым засталася добрай, ветлівай, чулай.
Сям’я Валянціны Аляксандраўны шмат гадоў шчасліва жыла ў в. Доўгае Лёзненскага раёна. Акрамя маленькай Валі, у Яленскіх былі яшчэ чацвёра дзяцей. Сям’ю добра ведалі ў акрузе, а бацькоў паважалі.
Шчаслівае жыццё пахіснулася ў 1929 годзе. Дзядулю і бабулю абвінавацілі, што яны кулакі, і выслалі ў Сібір. Аднак гэта было толькі пачаткам выпрабаванняў. Дзяўчынка вучылася ў 2 класе, як лістападаўскай раніцай 1937 года ў іх хату прыйшлі супрацоўнікі НКУС, доўга нешта шукалі, а потым забралі бацьку.
Дадому ён больш не вярнуўся, як і яго тры браты. Некалькі разоў родныя пісалі запыты ў НКУС. І толькі ў 90-я гады сям’я нарэшце даведалася, што бацька, як і яго браты, быў неабгрунтавана абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы і праз 20 дзён пасля арышту без суда расстраляны ў Віцебску, а пазней рэабілітаваны пасмяротна…
Звяртацца да ўспамінаў і расказваць пра нялёгкае жыццё маёй суразмоўцы складана. Калі ў гэты момант зазірнуць у яе вочы, у іх адначасова можна ўбачыць пяшчоту, сум і цяжар перажытага. Яе ўспаміны час ад часу перабіваюць слёзы, Валянціна Аляксандраўна ўздыхае і зноў працягвае гаварыць:
— А потым пачалася вайна. Два мае браты адразу адправіліся на фронт. Мы ж чакалі ад іх такія рэдкія пісьмы. Увесь жах адчула тады, калі на гарызонце ўбачыла вялікае вогненнае зарава і зразумела: гарыць Віцебск. Праз некалькі дзён і ў нашай вёсачцы з’явіліся немцы.
У 1942 годзе падчас баёў згарэла хата Яленскіх, і сям’я вымушана была хавацца ў выкапанай зямлянцы. Бясконца побач рваліся бомбы, снарады, гучалі стрэлы… Яленскія, як і многія іншыя, рашылі ўцякаць далей ад небяспечнага месца, але каля чыгуначнай станцыі шлях ім перагарадзілі немцы. Яны сагналі ўсіх у адзін натоўп, а потым падзялілі на групы і прымусілі садзіцца ў таварныя вагоны. 14-гадовую Валянціну адлучылі ад маці і сясцёр у іншы вагон.
— У ім было столькі людзей, — успамінае суразмоўца, — што немагчыма было паварушыцца, не было вады і яды, людзі пачалі хварэць. Многія паміралі ў дарозе ад смагі і голаду. Ніхто не ведаў, колькі мы ехалі. Калі нарэшце дзверы вагона адчынілі, першае, што мы ўбачылі, — баракі, дрот, вышкі і салдат. Тады і зразумелі, што апынуліся ў Германіі. Потым даведаліся, што знаходзімся ў лагеры каля г.Таргаў, што ў 180 км ад Берліна.
Вязні, знясіленыя і галодныя, разбіралі на металалом рускія, амерыканскія і нямецкія самалёты, якія сюды прывозілі, і грузілі ў вагоны. На роўных працавалі дзеці і дарослыя, а тых, хто падаў ад стомленасці, жорстка збівалі салдаты-вартавыя. Людзі паміралі ад голаду, холаду і хвароб. Вязняў амаль не кармілі. Раніцай давалі кубак кіпеню і лустачку хлеба, абедам суп з сушаных буракоў, а вечарам зноў кіпень.
Баракі, у якіх жылі вязні, не ацяпляліся. Зімой ўдалося прыцягнуць нешта падобнае да бочкі, і па чарзе пад адзеннем прыносілі тое, што можна спаліць. Так і грэліся. А яшчэ ў самалётах знаходзілі парашуты, ад іх адрывалі кускі і рабілі  адзенне, абвязвалі ногі.
Каля 2 гадоў правяла Валянціна Аляксандраўна ў лагеры. Дзень, калі іх вызвалілі, яна добра запомніла на ўсё жыццё.
— Раніцай выйшлі на працу, а вартавых нідзе няма, — расказвае Валянціна Аляксандраўна. — Людзі сталі асцярожна падыходзіць да агароджы і ўбачылі, як да нас набліжаюцца амерыканскія танкі. Салдаты ўсміхаліся нам, кідалі шакаладкі. Смачна накармілі абедам, а потым прыехаў перакладчык і патлумачыў, што хутка нас перададуць сваім. І сапраўды, на наступны дзень мы перайшлі праз Эльбу і там сустрэліся з савецкімі салдатамі.
Дабіралася Валянціна Аляксандраўна спачатку да Львова, а потым да Віцебска. Калі трапіла ў родныя мясціны, ледзь пазнала іх. Ад велічнага і прыгожага горада засталіся толькі руіны. Куды ісці і дзе шукаць прыстанішча, не ведала.
З цяжкасцю знайшла дом цёткі. Яна і расказала, што маці і сёстры вярнуліся з Германіі, адзін з братоў загінуў, а другі прайшоў усю вайну разведчыкам, але пасля цяжкага ранення застаўся інвалідам. Цётка і параіла ехаць на Браслаўшчыну, якая не так была закранута ваеннымі дзеяннямі.
Валянціну і яе родных прытулілі добрыя людзі з в. Пузыры. Неўзабаве яна сустрэла свайго будучага мужа Іосіфа. Мясцовы хлопец зазірнуў на вясковыя танцы і, як кажуць, з першага позірку вырашыў, што больш не расстанецца з Валянцінай. Так і крочаць яны па жыцці разам ужо 68 гадоў, здолелі пранесці праз час каханне, павагу і вернасць.
Валянціна Аляксандраўна і Іосіф Казіміравіч больш за 40 гадоў, працуючы поруч, аддалі гандлю і за добрасумленную працу атрымалі столькі ўзнагарод, што і пералічыць цяжка. Гэта і граматы, дыпломы, медалі пераможцаў сацспаборніцтваў, абое атрымалі званне “Ветэран працы”.
А самая галоўная для іх узнагарода — шчырыя словы падзякі ад людзей, якім яны ўсё жыццё дапамагалі, каму — словам, каму — справай. А яшчэ радуюць іх 2 дзяцей, 4 унукаў і 8 праўнукаў.
Кахановічы і зараз не сядзяць склаўшы рукі. Валянціна Аляксандраўна цудоўна шые, вышывае, вяжа, аднак з-за хваробы давялося адкласці любімыя справы, а Іосіф Казіміравіч, якому праз год будзе 90, па-ранейшаму даглядае агарод і гаспадарку.
— Я пражыла доўгае і складанае жыццё, — гаворыць жанчына. — Былі цяжкасці, але яны надавалі сілы вытрымліваць усе выпрабаванні жыцця. Думаю, што пражыла яго недарма.
Сучаснаму пакаленню сапраўды ёсць чаму павучыцца ў такіх людзей, як Валянціна Аляксандраўна і Іосіф Казіміравіч.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.