Аснова стабільнага грамадства

Новости

IMG_2227 (Medium)Святочную праграму, прымеркаваную да Дня сям’і, арганізаваў у мінулую суботу Цэнтр дзяцей і моладзі. Мерапрыемства прайшло на базе другой школы і ўключала ў сябе невялічкі канцэрт, падрыхтаваны работнікамі і выхаванцамі ЦДМ, і міні-конкурсную праграму для шматдзетных сямей.
На свята прыехалі тры сям’і, якія на сваім прыкладзе паказваюць, што выхоўваць трох і болей дзетак — гэта ганарова і прыемна. Творчыя здольнасці гледачам прадэманстравалі сям’я Антошачка з Ахрэмаўцаў, Лявонавых з Браслава і Федзечкіных з Казян. Мамы, таты, а разам з імі і дзеці спявалі, танцавалі, спрабавалі сябе ў якасці мадэльераў. Арганізатары мерапрыемства вырашылі не вызначаць мацнейшага — перамагла, як кажуць, дружба. Тым не менш усе засталіся задаволенымі, бо атмасфера свята і добрага настрою ў зале нікога не магла пакінуць абыякавымі.
Ад імя раённай улады “віноўнікаў урачыстасці” павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што сям’я — гэта аснова грамадства. І ад таго, наколькі яна будзе моцнай, залежыць і стабільнасць дзяржавы. “Віншую вас з гэтым цудоўным святам. Жадаю шчасця, дабрабыту, дабрыні. Здароўя вам і вашым дзецям,” — сказала Н. Пучынская, а крыху пазней уручыла сем’ям падарункі.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.