Актывіст, выдатнік, прыгажун

Люди

IMG_8255 (Medium)Дзесяцікласнік першай гарадской школы Аляксей Дзіковіч яшчэ з малодшых класаў вылучаўся сярод равеснікаў сваёй стараннасцю і адказнасцю. Выдатнік, прызёр раённых прадметных алімпіяд і патэнцыяльны медаліст больш за астатнія навучальныя дысцыпліны любіць гуманітарныя навукі, асабліва грамадазнаўства і гісторыю. Сярод па-зашкольных інтарэсаў хлопца — танцы, музыка (Аляксей грае на гітары ў групе “Alis Angeli”), рэлігія і палітыка. Педагогі ж, са свайго боку, адзначаюць не толькі поспехі хлопца ў вучобе, але і яго чуласць, дабрыню, актыўную і не па гадах сфарміраваную грамадзянскую пазіцыю.
Сапраўды, найлепшым чынам Аляксей зарэкамендаваў сябе ў грамадскім жыцці ўстановы адукацыі. З таго часу, як у чацвёртым класе ён дэбютаваў на сцэне ў якасці вядучага на выпускным для тагачасных дзевяцікласнікаў, так і застаўся нязменным вядучым на ўсіх школьных мерапрыемствах. Як прызнаецца сам вучань, гэта яго ўласнае рашэнне, абумоўленае жаданнем быць карысным навакольным і бесперапынна развівацца. “Аляксей — гэта чалавек, які зрабіў сабе сам. Не заўважыць яго было немагчыма, а працаваць з ім — адно задавальненне,” — адзначае намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Тэрэза Станіслаўчык.
Ужо ў старэйшых класах А. Дзіковіч самастойна вылучыў сваю кандыдатуру ў савет старшакласнікаў, распрацаваў адпаведную праграму і паспяхова стаў членам самакіравання. Амаль адразу хлопец узяў на сябе функцыі сакратара пярвічкі БРСМ і актыўна ўключыўся ў работу. Не без удзелу Аляксея каманда ўстановы перамагла на абласным і рэгіянальным этапах конкурсу “Школьны марафон” і заняла дастойнае месца ў вобласці. А пасля адпачынку ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня” бацькам і педагогам актывіста прыйшлі падзячныя пісьмы за выхаванне хлопца.
Адным словам, А. Дзіковіча заўважылі. І калі ў пачатку бягучага года паўстала пытанне наконт кандыдатуры на пост галавы Маладзёжнай палаты Браслаўскага раёна, ні ў райкаме БРСМ, ні ў аддзеле адукацыі, ні нават у райвыканкаме ніколькі не сумняваліся ў яго здолнасцях. Прапанову падтрымалі і самі школьнікі: у выніку галасавання Аляксей стаў старшынёй новага фарміравання. “Пакуль толькі звыкаюся з новымі абавязкамі. Аднак лічу, што такая дзейнасць дапаможа мне развіваць асабістыя якасці, у першую чаргу лідарскія,” — кажа актывіст.
У планах у Аляксея працягваць, як кажуць, у тым жа духу, а ў будучым звязаць свой лёс з журналістыкай. Пакуль жа ён шчыльна і з задавальненнем займаецца ўскладзенымі на яго плечы грамадскімі абавязкамі і жадае ўсёй моладзі Браслаўшчыны быць добрымі, дапамагаць іншым і займацца самаразвіццём.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.