Іх звязала вайна

Главное

22Нямала браслаўчан склалі свае галовы далёка ад радзімы, змагаючыся з карычневай чумой. У той жа час нашу сінявокую Браслаўшчыну вызвалялі расіяне, латышы, літоўцы, украінцы, палякі… І многія звязалі сваё далейшае жыццё з гэтым цудоўным краем. Сярод іх Макар і Праскоўя Цанавы.
Макар Серапіонавіч нарадзіўся ў сяле Нокалакеві, што ў Грузіі, Праскоўя Іванаўна — ураджэнка Калініградскай вобласці. Абодва з дзяцінства зведалі цяжкую сялянскую працу. Маленькая Праскоўя да таго ж рана засталася сіратой, таму яе, брата і сястру выхоўвалі чужыя людзі.
Макар паступіў у Паційскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Праскоўя вучылася ў школе медыцынскіх сясцёр ў г.Таржок. Але Вялікая Айчынная вайна змяніла іх планы на будучыню і перакрэсліла юнацкія мары.
Шмат прыйшлося перажыць гэтым людзям: голад, хваробы, баі, акружэнне, смерць сяброў. Макар Серапіонавіч удзельнічаў у партызанскім руху, Праскоўя добраахвотна ўступіла ў рады Чырвонай Арміі і ратавала раненых.
У ліпені 1943 г. у нашых краях на базе двух партызанскіх атрадаў была створана партызанская брыгада імя Жукава, камандзірам якой быў прызначаны П. Я. Сырамаха. Перад камандаваннем атрада стаяла адказная задача: развіць партызанскі рух у Мёрскім, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім раёнах.
Брыгада імя Жукава, наносячы адчувальныя ўдары па фашысцкіх гарнізонах, здзейсніла баявы рэйд каля двухсот кіламетраў і прыбыла ў в. Замошша Браслаўскага раёна. Штодня партызаны праводзілі аперацыі супраць захопнікаў і паліцэйскіх атрадаў, вялі дыверсійную работу на шашы і чыгунцы.
У ліпені 1944-га атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі і ўвайшоў у Браслаў, а пасля месячнага адпачынку разам накіраваліся вызваляць Прыбалтыку. Макара Серапіонавіча прызначылі загадчыкам ваеннага аддзела Браслаўскага райкама партыі.
А вось Праскоўі Іванаўне не раз давялося трапіць у перасыльныя фашысцкія лагеры ў Смаленскай вобласці.
З успамінаў Праскоўі Цанава:
— Аднойчы сярод палонных фашысты адабралі дзяўчат, якія былі медыцынскімі сёстрамі. Трапіла ў гэтую групу і я, было нас каля 15. Прывялі ў хату, напэўна, гэта быў іх штаб. Як толькі канваір зайшоў у дом, я і яшчэ дзве дзяўчыны вырашылі бегчы. На жаль, прозвішчы іх не памятаю. Заскочылі ў першую хату. Папрасілі ў гаспадара абмяняць нашу ваенную вопратку на грамадзянскую, узялі вёдры і пабеглі ў накірунку лесу, які быў за ракой. Вёдры кінулі на беразе ракі, бо так было дамоўлена з гаспадаром.
Ішлі каля тыдня разам. Затым мае спадарожніцы вырашылі шукаць дарогу дадому, а я стала прабівацца да сваіх. Зноў трапіла ў палон, цяпер як грамадзянская. Яшчэ раней, калі выходзілі з акружэння, перад першым палонам, камсамольскі білет і дакументы закапала ў лесе пад дрэвам. Пакінула толькі ордэн і пасведчанне. Зашыла іх ў складку спадніцы, спачатку форменнай, а потым грамадзянскай.
Падчас другога палону была змешчана ў адзін з фашысцкіх лагераў у Будславе (сёння Мядзельскі раён). Адтуль мяне і многіх іншых палонных перакінулі ў Бігосава на будаўніцтва чыгункі, дзе ўтрымліваліся ў асноўным мірныя жыхары. Неўзабаве ў лагеры пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. Захварэла і я. Некаторых хворых змяшчалі ў Полацкую бальніцу, а як толькі яны папраўляліся, зноў траплялі ў лагер.
З-за моцнай эпідэміі ахова лагера была аслаблена. Гэтым я з дзвюма дзяўчынамі і скарысталася. Падабралі зручны момант і 17 лістапада 1942 года ўцяклі. У лесе мы сустрэлі партызан. Гэта была партызанская брыгада імя І. В. Сталіна, якой камандаваў Ахоцін. Нас залічылі ў шпіталь партызанскай брыгады. У чэрвені 1943 г. з моладзі ў брыгадзе быў створаны партызанскі атрад імя Ракасоўскага, дзе мяне прызначылі начальнікам санслужбы.
А вось сустрэліся Макар Серапіонавіч і Праскоўя Іванаўна ў Расонах, калі яна зноў апынулася ў атрадзе імя Сталіна. З гэтага часу яны заўсёды былі побач і разам знішчалі захопнікаў на Браслаўшчыне. А любоў, вернасць і падтрымка ў цяжкія хвіліны ваенных выпрабаванняў дапамагалі ім паменшыць горыч страт, перажыць жудасныя падзеі.
У 1965 г. сям’я Цанаваў з’ехала ў Грузію, але пасля распаду СССР вярнулася на Браслаўшчыну. Іх дачка жыве ў Валгаградзе, а сын Аляксандр з жонкай Дзінай — у Браславе.
На жаль, Макара Серапіонавіча і Праскоўі Іванаўны ўжо няма сярод нас. Аднак памяць пра іх уклад у вызваленне нашага краю ад нямецкіх захопнікаў абавязкова зберагуць удзячныя нашчадкі. У экспазіцыі Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея размешчаны асабістыя рэчы і ўзнагароды гэтых гераічных людзей, якія перадаў сын Аляксандр. Супрацоўнікі ўстановы падчас лекцый і экскурсій абавязкова расказваюць наведвальнікам пра нялёгкія выпрабаванні і мужнасць стойкіх абаронцаў Браслаўшчыны.

Надзея Дударонак,
дырэктар Браслаўскага
аб’яднання музеяў.111