Расці рыбка

Главное

главное фото (Medium)Беларуская прырода вельмі маляўнічая і багатая на рэсурсы. Аднак варта памятаць, што яе запасы не бяздонныя. Датычыцца гэта і вадаёмаў Браслаўшчыны.
Каб павялічыць рыбапрадукцыйнасць нашых азёр і папоўніць абарыгенныя віды рыб, паведаміў малодшы навуковы супрацоўнік аддзела нацпарка Яўген Кардэль, 2 мая было праведзена зарыбленне азёр Струста, Богінскае, Воласа Паўночнае і Паўднёвае, Балойса, Доўгае і Ельна. У гэтыя вадаёмы супрацоўнікі нацпарка выпусцілі лічынку шчупака агульнай колькасцю 2 мільёны штук.
Рыба закуплена ў ААТ «Рыбгас “Палессе”» Брэсцкай вобласці, таму да месц зарыблення ехала доўга. Каб пазбегнуць страт рыбапасадачнага матэрыялу, бо лічынкі доўгі час знаходзіліся ў пакетах з кіслародам, зарыбленне пачалі глыбокай ноччу.
Мерапрыемства праходзіла пад наглядам Браслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і ў прысутнасці прадстаўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
На гэтым, адзначае Я. Кардэль, зарыбленне ў гэтым годзе яшчэ не завершана. У бліжэйшыя тыдні нацпарк плануе выпусціць лічынку шчупака, атрыманую на ўласных рыбапітомніках, у азёры Багданаўскае, Рака, Ельня Вялікая.
Аднак, засяроджвае ўвагу супрацоўнік нацпарка, трэба ўлічваць, што прамысловага памеру заселеная рыба дасягне толькі праз два гады.

Алена Пятушка.