Памяць не ведае межаў

Главное

IMG_9550 (Medium)Пераможная вясна 1945 года жыве і будзе жыць у памяці многіх пакаленняў. Гэта памяць пра гераізм савецкіх людзей, якія не шкадуючы здароўя, сіл і жыцця, выратавалі свет ад карычневай чумы і падарылі нам мірнае неба над галавой.
Ушанаваць загінулых воінаў на мітынг “Паклонімся вялікім тым гадам” каля брацкай магілы ў Зараччы, дзе пахаваны больш за 1100 чалавек, чые імёны і прозвішчы ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечаны ў мемарыяльных плітах, 8 мая сабраліся настаўнікі і вучні Урбанскай школы, мясцовыя жыхары, ваеннаслужачыя аддзялення пагранічнай службы “Опса”, кіраўніцтва ПСГ “Урбаны”.
Прысутнічалі на мітынгу і ганаровыя госці – родныя аднаго з пахаваных у гэтай брацкай магіле Усмана Рызванава, ураджэнца Таджыкістана. На Браслаўшчыну з далёкага Душанбе прыехалі яго ўнукі Абубакр Усманаў, Зіё Салімаў і іх сваяк Шамшод Мірзоеў. Яны пераадолелі не адну сотню кіламетраў, каб пакланіцца таму месцу, дзе пахаваны іх дзед, прывезлі на брацкую магілу кавалачкі іх роднай таджыкскай зямлі, з сабой жа павезлі на радзіму – беларускую.
Пра тое, што Усман Рызванаў пахаваны менавіта ў брацкай магіле ў Зараччы, яго родныя даведаліся з інтэрнэта. Аднак напачатку крыху сумняваліся ў стопрацэнтнай дакладнасці гэтага факта. Сумненні выклікала тое, што ў прозвішчы дзеда няправільна была ўказана адна літара. На рускай мове на мемарыяльнай пліце выгравіравана “Ризвонов”, а не “Ризванов”. Аднак афіцыйныя даныя сайта “Мемарыял” упэўнілі, што памылкі быць не можа. Да таго ж сведчаннем было і пісьмо, якое дзядуля хоць і адпраўляў з Омскай вобласці Расіі сваім родным у лютым 1944 года, але паведамляў, што іх адпраўляюць у Беларусь.
Пахвальна, што ўнукі былога воіна-салдата даказалі ўласным прыкладам, як можна шанаваць памяць продкаў. На мітынгу Абубакр Усманаў сказаў, што сувязь, якая існуе паміж пакаленнямі, не падуладная часу. Менавіта пра гэта і сказаў на мітынгу Абубакр Усманаў.
І сапраўды, славай ветэранаў, несуцешным болем страт жыве гераічнае мінулае ў свядомасці і сэрцах не толькі людзей старэйшага пакалення, а і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, якія не зведалі жахаў той жудаснай вайны.
Родныя Усмана Рызванава выказвалі не раз сваю ўдзячнасць за такую павагу да загінулых воінаў старшыні Мяжанскага сельскага Савета дэпутатаў, мясцовай уладзе, вучням Урбанскай школы.
Удзельнікі мітынгу ў Зараччы ўшанавалі памяць загінулых воінаў мінутай маўчання, усклалі да брацкай магілы вянкі і кветкі.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.