Ветэранам — шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон

Новости

IMG_7858 (Medium)У перадсвяточныя дні, калі ўся краіна рыхтуецца да знамянальнай падзеі, — 70-годдзя Вялікай Перамогі — асаблівай увагай і клопатам акружаны людзі, якія прайшлі раз пекла вайны і вызвалілі нашу зямлю ад ворага. Ветэранаў, удзельнікаў вайны, вязняў канцлагераў наведваюць прадстаўнікі раённай улады, устаноў і прадпрыемстваў, дзе яны раней працавалі, школьнікі, моладзь, выказваюць ім шчырую ўдзячнасць за сённяшні мірны дзень і дораць падарункі: ад раённай улады — насценны гадзіннік, ад арганізацый ці грамадскіх аб’яднанняў — памятныя падарункі ці харчовыя наборы. Акрамя таго ўсім ветэранам і ўдзельнікам ВАВ, вязням канцлагераў (усяго ў раёне 160 асобам) выплачана да Дня Перамогі матэрыяльная дапамога на суму 690,5 млн. рублёў.
Старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі на гэтым тыдні завітаў да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, былога работніка райкама партыі Акіма Карнавушкі. Ён уручыў франтавіку кветкі і памятны сувенір, выказаў Акіму Сямёнавічу словы ўдзячнасці за яго асабісты ўклад у перамогу над гітлераўскай Германіяй, пажадаў моцнага здароўя, распытаў ветэрана пра яго патрэбы.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, а восенню А. Карнавушку споўніцца 99 гадоў, ён трымаецца малайцом, радуецца, што дачакаўся такой знакавай вясны. Акім Сямёнавіч падзякаваў мясцовай уладзе за той клопат і увагу, які яны праяўляюць пра ветэранаў.
Падарункі са шчырымі словамі віншавання і пажадання здароўя, бадзёрасці франтавікам Івану Рыбнікаву і Кірылу Чалкіну з г.п. Відзы прыпаднесла старшыня райсавета Ніна Пучынская. Таксама да ветэранаў завіталі ўсе намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў і цёпла падзякавала ім за франтавыя подзвігі.
Да святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, падключылася і гандлёвая сетка “Еўраопт”. Буйны рытэйлер краіны падрыхтаваў маштабны рэспубліканскі сацыяльны праект “Франтавы набор”. Набор прадуктаў, як знак вялікай павагі, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва даставяць да Дня Перамогі кожнаму ветэрану раёна.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.