Добрае і вясёлае свята вёскі

Главное

DSC00876 (Medium)У апошні тыдзень красавіка з самай раніцы вёска Луні Слабодкаўскага сельсавета была напоўнена атмасферай свята. На адкрытай пляцоўцы маляўніча размясціліся выставы майстроў народнай творчасці і беларускай нацыянальнай кухні. Каля імправізаванай сцэны сабраліся ўзрушаныя жыхары.
Вядучыя Марына Васілеўская і Ала Ваўчок у вобразе вясёлых вясковых кабет Гэлькі і Флёркі зрабілі экскурс у мінулае мястэчка. Разам успомнілі гады ліхалецця і тых, хто не вярнуўся з вайны. Прыгадалі старэйшых жыхароў вёскі Ніну Касмач і Вольгу Бурую.
Арганізатары свята — супрацоўнікі Слабодкаўскага ЭЦ — пастараліся ўдзяліць увагу самым розным бакам жыцця вяскоўцаў.
Але ж галоўнымі героямі ўрачыстасці былі, безумоўна, працаўнікі-рупліўцы, клапатлівыя гаспадары зямлі роднай. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў працы і лепшых работнікаў ААТ “Слабодка-агра”.
Шчырымі апладысментамі і найлепшымі пажаданнямі віталі вяскоўцы сваіх юбіляраў Гунэфу Букей, Цеафіля Замосцік, Алену Замосцік, Ніну Касмач.
Закранула Луні і вайна на далёкай афганскай зямлі. Праз яе вогненнае пекла прайшоў Мікалай Прытыцкі.
Не засталіся без увагі і гаспадары лепшых падворкаў Вольга Бяляўская, Іван Букей, Цеафіль Замосцік, Вацлаў Угарэнка.
Свята атрымалася на славу — добрае, светлае, вясёлае. Над Лунямі плыла музыка, гучалі звонкія песні і гоман тых, хто усім сэрцам любіць сваю малую радзіму, шануе свае карані, хто па праве заслужыў сапраўднае свята. Гэтыя радасныя хвіліны надоўга застануцца ў памяці вяскоўцаў.

Алена Пятушка.