Прагная да прыгажосці

Главное

IMG_7282 (Medium)Не сакрэт, што маленькія вёсачкі пустуюць, бо моладзь пакідае бацькоўскі дом у пошуках лепшай долі. Вось і застаюцца ў асноўным пенсіянеры ды тыя, хто не надта цягнецца да працы і здаровага ладу жыцця. Таму вельмі важна, калі ў такіх мястэчках жыве энергічны чалавек, які сваім прыкладам даказвае, што насычанае жыццё можна зрабіць самому і ў любым месцы. Было б жаданне. У Чэрневе такім чалавекам з’яўляецца старэйшына вёскі Станіслава Шакель.
Жыццелюбівых і дзейных людзей заўсёды бачна па месцы і рэчах, якія іх акружаюць. Так і дом сям’і Шакель з яскравай рознакаляровай агароджай адразу кідаецца ў вочы. Мудрагелістыя формы шматлікіх клумбаў каля дома сведчаць пра любоў гаспадыні да кветак. На панадворку сустракаюць гасцей вясёлыя тварыкі намаляваных чалавечкаў. І добрая ўсмешка міжвольна кранае твае вусны, бо разумееш: табе ў гэтым доме заўсёды рады.
Хата, ў якой жыве сям’я, перайшла ў спадчыну ад бацькоў мужа Станіславы Іосіфаўны, таму, зразумела, ён не мае сучаснай планіроўкі і камфорту. Тым не менш, калі заходзіш у пакоі, адразу ўзгадваецца вядомы выраз: дом, мілы дом, бо ў такім абавязкова знойдзеш унутраны супакой.
Уражвае мноства разнастайных хатніх кветак — на падаконніках, падлозе, шафах, сценах. Такі своеасаблівы кветкавы рай. На вокнах арыгінальныя фіранкі, на канапах і ложках яскравыя разнастайнай формы падушачкі — усё гэта С. Шакель шые сама. Яшчэ жанчына асвоіла бісерапляценне, і пакоі ўпрыгожваюць цудоўныя вырабы. Кожная дэталь інтэр’ера прадумана да дробязей, кожная рэч на сваім месцы, чысціня слепіць вочы.
І ўвесь час няўседлівая гаспадыня ў пошуку новых ідэй, якія яна шукае ў сусветнай павуціне. Дзеля гэтага асвоіла камп’ютар, што падарыла ёй сям’я дачкі Алены. Крэатыўнасць натуры, талент рукадзельніцы і памкненне да прыгожага дапамаглі С. Шакель стварыць у сваім доме ўтульную добразычлівую атмасферу.
Менавіта гэтыя якасці і падштурхнулі калісьці маладую жанчыну крута змяніць сваю прафесійную дзейнасць.
Пасля Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума Станіслава прыехала ў Чэрнева да свайго мужа. Уладкавалася аграномам ў тагачасны калгас, дзе адпрацавала толькі шэсць месяцаў, бо лёс падарыў дачушку. Выхоўваючы сваю Аленку, Станіслава сур’ёзна задумалася пра змену прафесіі.
— У тэхнікум паступіла, — з усмешкай успамінае сваю першую спецыяльнасць С. Шакель, — за кампанію з сяброўкай, а сама з дзяцінства марыла стаць урачом ці педагогам.
І калі дачка падрасла, паступіла ў Даўгаўпілскі педінстытут і ўпэўнена пераступіла парог мясцовай школы, якая знаходзіцца літаральна праз пяць крокаў ад яе хаты.
Больш за 30 гадоў Станіслава Іосіфаўна вучыла і выхоўвала маленькіх вяскоўцаў, якія з задавальненнем штодзень спяшаліся на цікавыя ўрокі да сваёй добрай і пяшчотнай настаўніцы.
Ды і на пенсіі Станіслава Іосіфаўна не стаіць у баку ад актыўнага жыцця. Чатыры гады выконвае яна абавязкі старэйшыны вёскі. А кола бягучых клопатаў на гэтай грамадскай пасадзе вельмі шырокае.
— Праца гэтая бывае нервовая, як і любая іншая, звязаная з людзьмі, — прызнаецца С. Шакель. — Аднак стараюся да кожнага чалавека знайсці падыход, каб сумесна з ім вырашыць любое пытанне.
Безумоўна, з такімі абавязкамі па плячах адзін у полі не воін, таму старэйшына падтрымлівае цесную сувязь з Друеўскім сельвыканкамам і лясніцтвам, Чэрнеўскай школай. Так, ахоўнікі лесу дапамаглі адрамантаваць кладку праз раку Друйка, што вельмі скарачае шлях да аўтобуснага прыпынку. Школьнікі дапамагаюць нямоглым пенсіянерам прыбіраць смецце каля хат, скласці дровы, выкапаць бульбу.
Вёска старэе, бядуе С. Шакель, а работы па добраўпарадкаванні менш не становіцца. А прагнай да прыгажосці Станіславе Іосіфаўне так хочацца, каб усюды быў парадак і мноства кветак. Вось і вырошчвае яна вялікую колькасць расады, а потым шчыра дзеліцца ёю з аднавяскоўцамі.
Наперш клопат і ўвага старэйшыны накіраваны на адзінокіх састарэлых. Заўсёды яна знойдзе час патэлефанаваць ім, даведацца пра іх здароўе і патрэбы, павіншаваць са святамі, калі патрабуецца, прывязе з горада лякарствы.
Асаблівую трывогу у С. Шакель выклікаюць сем’і, у якіх не ўсё добра.
— Цяжка глядзець, — з жалем адзначае жанчына, — як маладыя працаздольныя людзі марнуюць сваё жыццё, а галоўнае, лёс сваіх дзяцей. І ніякія ўшчуванні і шчырыя размовы не прабуджаюць у іх пачуццё бацькоўскага абавязку.
Часта вечарам старэйшына, як той мароз-ваявода з паэмы Я. Коласа, абыходзіць свае ўладанні. І калі ў дамах ціха, гарыць святло, з трубы ідзе дымок, значыць, усё добра, усё ў парадку.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.