Навыкі энергазберажэння прывіваюцца з дзяцінства

Главное

IMG_1575 (Medium)Сёння ў сродках масавай інфармацыі і па тэлебачанні часта чуем пра правілы электрабяспекі і навыкі энегразберажэння. Але ў штодзённым мітуслівым жыцці мы, дарослыя, не асабліва імкнёмся іх прытрымлівацца. Хтосьці спасылаецца на недахоп часу, але большасць проста не можа пераламаць сваю свядомасць. Безумоўна, калі з малых гадоў не надта звяртаў увагу на невялікі ручаёк з крана, на ўключаную лямпачку ў пакоі, дзе нікога няма, перабудавацца вельмі цяжка. Важным і патрэбным правілам электрабяспекі і навыкам энергаберажэння трэба вучыць з ранняга дзяцінства.
У школах і дапаможных выхаваўчых установах гэтаму надаецца значная ўвага. Аднак не менш зацікаўлены ў такім навучанні і дзяржэнерганагляд.
Менавіта таму раённая энергаінспекцыя сумесна з ЦДМ аб’явіла конкурс малюнкаў на адпаведную тэматыку сярод школьнікаў. На мінулым тыдні начальнік раённай энергаінспекцыі Сяргей Шакур завітаў у цэнтр дзяцей і моладзі на падвядзенне яго вынікаў.
Цікавыя, змястоўныя малюнкі школьнікаў, прадстаўленыя на конкурс, — яскравае сведчанне таго, што дзеці добра ведаюць правілы электрабяспекі, у чым, несумненна, вялікая заслуга іх педагогаў. Ды і адказы вучняў на пытанні віктарыны па энергазберажэнні, якую правяла дырэктар ЦДМ Ірына Угарэнка, здзіўлялі сваёй разважлівасцю і дакладнасцю.
С. Шакур падзякаваў вучням і педагогам за актыўны ўдзел у мерапрыемстве, нагадаў яшчэ раз пра выкананне правілаў электрабяспекі і энергазберажэння і ўручыў усім ўдзельнікам салодкія прызы.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.