Вучыцца, каб навучыць іншых

Новости

IMG_7726 (Medium)Відавочна, што прывіваць навыкі энегразберажэння і абыходжання з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання трэба пачынаць з дзяцінства, бо менавіта ў гэтым узросце можна закласці трывалы падмурак для будучага светаўспрымання. Таму ва ўстановах адукацыі раёна экалагічнаму выхаванню надаецца значная ўвага. Але ж у сваю чаргу і настаўнікі павінны валодаць інфармацыяй адпаведнай тэматыкі.
З гэтай нагоды на мінулым тыдні ў гімназіі прайшоў семінар для педагогаў, прысвечаны праблеме адходаў ЭЭА, які арганізавалі супрацоўнікі цэнтра экалагічных рашэнняў.
Напачатку семінара каардынатар грамадскага праекта “Зялёная карта” Марыя Сума пазнаёміла прысутных з асноўнай задачай гэтай ініцыятывы і дала рэкамендацыі, як скласці такую карту для нашага горада.
Трэба адзначыць, што “зялёная карта” не звязана з выездам за мяжу. Гэта грамадскі інтэрнэт-праект, які ўяўляе інтэрактыўную карту з нанесенымі на ёй пунктамі збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і непатрэбных рэчаў. Дадзены праект запушчаны цэнтрам экалагічных рашэнняў у 2012 годзе ў Мінску. На сёння такія карты створаны ў 22 гарадах краіны. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе, дзякуючы ініцыятыўным школьнікам Браслаўшчыны, да іх далучыцца і наш горад.
Была на семінары прадстаўлена і яшчэ адна ініцыятыва цэнтра экалагічных рашэнняў — ШПВРЭ (школьны праект выкарыстання рэсурсаў і энергіі), мэта якога — распрацаваць комплексную навучальную платформу для беларускай сістэмы адукацыі па тэме энергазберажэння і змянення клімату. Прасцей кажучы, у праекце сабраны інфармацыйна-метадычныя матэрыялы на экалагічную тэматыку для ўрокаў і выхаваўчай работы.
Метадыст акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мінска Канстанцін Пятроў прывёў прыклады, як выкарыстоўваць напрацоўкі па энергазберажэнні на ўроках фізікі.
Семінар атрымаўся цікавым, насычаным і карысным.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.